Кожнае новае пакаленне ў літаратуры — гэта ўнікальныя творчыя галасы, якія часта бываюць зусім не падобныя на папярэднікаў, альбо ўвогуле ім супярэчаць. Альбо гучаць вельмі ціха. Наша найноўшае паэтычнае пакаленне збольшага існуе на прасторах сеціва: у інстаграме, тэлеграме, анлайн-часопісах, — і звяртаецца да традыцыйнай папяровай кнігі толькі каб падсумаваць пэўны этап. Вершы гэтыя не так проста знайсці ў інтэрнэт-лабірынтах, але там трапляюцца сапраўдныя перліны.
Каб расказаць чытачам, як і пра што пішуць маладыя беларусы, Bellit.info уклаў свой уласны топ-10 маладых паэтак і паэтаў.
Марыя Бадзей
Паэтка і перакладчыца, якая нядаўна займела сваю дэбютную кнігу «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»). З беларускіх словаў Марыя стварае іншасвет, які прасякнуты смакамі, пахамі і колерамі, з іх дапамогай паэтка распавядае свае гісторыі — пра памяць, карані, мастацтва і каханне.
***
Я, чалавек вялікага лесу,
Гляджу на людзей вялікай ракі.
Людзей асцярожнага цуду, які ліецца ў прасторы,
Людзей, з далоняў чыіх растуць вёслы.
На вёслы сядаюць крачкі,
Белыя,
Бы яблыкі,
Што падаюць у ваду.
Вершы на Lyrikline, відэа з праекта ZRAMY.
Вікторыя Трыфанава
Паэтка, выпускніца Школы маладога літаратара «W/Rights», лабараторыі фем-пісьма «Расцяжэнне» (2022). Фіналістка «Фэсту аднаго верша» (2020, 2021).
У тэкстах паэтка распавядае пра пошукі ўласнай ідэнтычнасці, пра свядомы і несвядомы выбар мовы, пра значэнне мастацтва. Яна ўмела выкарыстоўвае іронію, асабліва ў вершах пра стасункі і каханне. Паэзіі Вікторыі ўласцівыя ўрбаністычныя матывы.
***
які сэнс у гальштуку дыёр
калі ён не пасуе да кашулі
які сэнс у араматнай каве
калі ты заўсягды піла гарбату
які сэнс у адносінах з мужчынам
калі ён не разумее твае вершы
Вершы ў часопісе «Таўбін», часопісе «УЖ», часопісе Fihury.
Мацвей Драгун
Паэт і перакладчык з грэцкай, лацінскай, рускай, украінскай, польскай, ангельскай, нямецкай моваў. Пераможца «Фэсту аднаго верша» (2022).
Ягоная паэтычная эстэтыка пабудаваная на міфалогіі і рэлігіі, пры гэтым сучасныя вобразы далікатна пераплятаюцца са старажытнымі, утвараючы вершы, якія хочацца перачытваць. У тэкстах Мацвея можна сустрэць фразы на розных мовах (магчыма, некаторыя прыйдзецца гугліць).
Марк Шагал (куды?)
твой пацалунак нагадвае Віцьбу
ты пра раку ці вафельку?
ня ведаю але і на і пасьля цалавацца было прыемна
габрэйская луна адбівалася на каве
з намі павітаўся мужчына з журнала пра Прагу
мы пайшлі за ім а ён схаваўся ў скульптуру Ікара
(мне трошку шкада што Вэнэра спадабалася табе больш)
прага засталася неспатоленая
Вершы ў часопісе «Таўбін», тэлеграм-канал з вершамі і перакладамі тут.
Вікця Удовіна
Калі вы шукалі сучасны прыклад структуралізма, то вось ён — паэзія Вікці Удовінай. У шчыльных і складаных вершах сэнсы хаваюцца за алюзіямі на старажытныя (і не вельмі) тэксты, за постацямі міфалогіі і літаратуры. Яшчэ паэтка любіць ужываць словы з іншых моў, быццам будуе ўяўную Вавілонскую вежу, у якой чытачам наканавана спазнаць катарсіс (тым, хто здолее дачытаць да канца).
Урывак з паэмы «Зуб(р)»
не, я не буду танцаваць, Ірад
я не з Ірландыі, я з Менску
я не адважуся дакрануцца
да твайго брыва, прарок
я забудуся на твае вусны,
анёл пустэльні, анёл ляманту
анёл балота...
Вершы ў часопісе «Таўбін», у часопісе «Fihury», тэлеграм-канал з вершамі тут.
Ганна Шакель
Паэтка і перакладчыца. У 2023 выйшла дэбютная кніга Ганны пад назва «Цела мігдалу» (выдавецтва «Вільма»). Паэтка даследуе чалавечую душу і яе шлях праз род, карані і памяць; паэзія Ганны — спосаб гаварыць пра мінулае, якое не дае спакою. У вершах спалучаюцца біблейскія вобразы і фальклорныя матывы.
360
я ёсць
шлях
і праўда
і жыццё
ніхто не прыходзіць
да бога
акрамя як
праз сябе
Вершы ў часопісе «Таўбін», відэа з праекта ZRAMY.
Валерыя Галаўко
Паэтка, якая ў вершах звяртаецца да голасу продкаў і народных традыцый, адчуваючы ў гэтым сілу. У тэкстах Валерыя разважае пра сталенне, стасункі, хуткаплыннасць часу і адзіноту, выкарыстоўваючы прыродныя і фальклорныя матывы.
***
мая бабця заўсёды кажа:
«ты ўпартая,
бо ты — са шляхты».
мне здаецца,
у мяне проста
паганы характар.
Тэлеграм-канал з вершамі тут.
Ганна Горн. Фота Віялеты Саўчыц
Ганна Горн
Паэтка і літаратурны крытык. Вершы Ганны можна назваць лінгвістычнымі — у іх шмат вобразаў, звязаных з філалагічнай тэрміналогіяй, напрыклад, са знакамі прыпынку ці пэўнымі часцінамі мовы. Ганна эксперыментуе з ужываннем замежных моў, распавядаючы пра эміграцыю, вайну, адчуванне айчыны і стасункі.
***
как они наклоняются
над водяным фонтанчиком
складывают ладонь в приветственном жесте
воды
городская пустыня выдаёт пришельцев
не скрыться в зелени парков
Тэлеграм-канал з вершамі тут.
Аўген Менск
Паэт, у якога даволі шырокі спектр тэм — гэта і пяшчотныя вершы пра каханне, і сярдзітыя пра тое, што ўсё не так, як хочацца, і філасофскія з рэфлексіяй асабістых і глабальных падзей. Аўген піша як верлібры, так і больш традыцыйныя сілаба-танічныя вершы, у якіх адчуваецца вельмі чуйнае і акуратнае стаўленне да слоў.
***
Да Ю.М.
Жыцьцё пакрысе дае задні ход.
Адзін крок наперад, два крокі — наадварот.
Спрабуеш вырвацца ў захад — трапляеш на ўсход.
...Пакуль не ведаеш, куды хочаш ты і чаго,
то не адчуваеш ані нот у руках ані ног пад сабой.
Тэлеграм-канал з вершамі тут.
Алена Пальчанка
Алена — паэтка, перакладчыца, драматург. Яе вершы — гэта спробы разабрацца ў светабудове, у тым, што знаходзіцца ў аснове ўсяго, дакапацца, ці ёсць там увогуле штосьці, ува што можна верыць. Тэксты з’яўляюцца (сама)рэфлексіямі, напісанымі з увагай да дэталяў. Менавіта дэталі выходзяць на першы план і адлюстроўваць думкі і перажыванні аўтаркі.
***
город из пустого становится еще более пустым
казалось бы — куда
где пределы расширения пустоты?
ничего обсценно раз — и — растается
в тысячах других мелких ничего
которые отовсюду смотрят
вернее — отовсюду видятся
взгляд обоюдно слитен в разворачиваемых данностях
Вершы ў часопісе «УЖ».
Улада Хмель
Паэтка, удзельніца драматургічных лабараторый цікавіцца жаночым пісьмом і робіць пра яго праект «Фігуры замоўчвання». Вершы Улады насычаныя прыроднымі і фальклорнымі вобразамі, з іх дапамогай яна можа распавядаць пра абсалютна розныя рэчы: пра каханне, радзіму і пошук сваёй ідэнтычнасці.
***
прыцемкі, і толькі вецер
стварае асобнасць —
ласкатанне валасоў —
прастору трэння —
мяжу.
біты яблык,
колкая каленка.
Вершы ў часопісе «УЖ».