Працягваем спазнаваць цікавыя куточкі Палесся, ужо пабылі ў Моталі, пазнаёміліся з мясцінамі Скірмунтаў, пабачылі Лагішын і Пагост-Загародскі, наведалі Лунінец ды Столін. Сёння прапануем бліжэй пазнаёміцца з агурковым краем, ягонымі прыроднымі ды архітэктурнымі асаблівасцямі. Прагуляемся па экасцежцы знакамітых Альманскіх балотаў, наведаем атмасферную сядзібу шляхецкага роду Алешаў, пабачым некалькі адметных цэркваў ды іншыя цікавосткі.
Фота: planetabelarus.by
1. Ландшафтны заказнік «Альманскія балоты»
Фота: budzma.org
Найперш рушым да самага вядомага прыроднага помніка Століншчыны — Альманскіх балотаў. Альманы дазволена наведваць выключна ў вызначаны прамежак часу і да заходу сонца: праз некалькі сотняў метраў пачынаецца Ровеньская вобласць Украіны. Рухаючыся ў гэтым напрамку, варта спраўдзіць наяўнасць дакументаў, бо на заставе па дарозе са Століна да Альманаў у вас абавязкова правераць пашпарты і перапішуць даныя аўтамабіля.
Фота: budzma.org
Ландшафтны заказнік «Альманскія балоты» мае плошчу больш за дзевяноста чатыры гектары і з’яўляецца адной з самых вялікіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторый на толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Альманскія балоты з 1960 года выкарыстоўваліся як авіяцыйны палігон: праз гэта дасяжнасць гэтай мясцовасці была абмежаваная для людзей, што дазволіла захавацца частцы балотнага комплексу ў натуральным стане. Шматлікія прадстаўнікі тутэйшай флоры ды фаўны занесены у Чырвоную кнігу Беларусі.
У межах заказніка ў паўночнай яго частцы знаходзяцца азёры Вялікае і Малое, якія займаюць каля ста гектараў. Усяго на тэрыторыі ахоўнай зоны каля двадцаці трох невялікіх азёраў.
Фота: budzma.org
На экасцежцы працягласцю паўтары кіламетры ўладкавана шмат інфармацыйных стэндаў ды аглядовых кропкаў. Завяршаецца сцежка сярод ідэальна круглага возера ды антуражных крыжоў. Для тых, хто захоча застацца на Альманах падаўжэй, у бліжэйшых вёсках ёсць некалькі аграсядзібаў, дзе можна заночыць.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
Нова-Беражное
2. Сядзіба Алешаў
А мы рушым далей ва ўсходнім напрамку ў вёску Нова-Беражное, дзе знаходзіцца вельмі атмасферная сядзіба канца ХІХ стагоддзя. Тэрыторыя, дзе сёння размяшчаецца вёска Нова-Беражное, ажно з ХVI стагоддзя належала шляхецкаму роду Алешаў. Юрый Алеша, які напісаў у 1924 годзе вядомыя «Тры таўстуны», з тых самых Алешаў, але дакладны ягоны радавод невядомы да сёння.
Фота: budzma.org
Ажно трынаццаць пакаленняў Алешаў рабілі нешта значнае для развіцця мясцовасці. Захаваная практычна ў першасным выглядзе сядзіба ў Нова-Беражным была закладзеная Канстанцінам Алешам у 1890 годзе. Будынак узведзены ў неагатычным стылі, мае два паверхі, навокал яго быў закладзены шыкоўны парк з 50 унікальнымі відамі дрэваў да грабавымі прысадамі, якія часткова захаваліся і сёння.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
Да сядзібы была прыбудаваная невялікая шматкутная вежа з шатровым дахам — Канстанцін Алеша навучаўся ў Нямеччыне на матэматыка-астранома і абсталяваў тут абсерваторыю пад свае навуковыя патрэбы. Фасад будынка ўпрыгожаны дастаткова сціпла, а асаблівую ўвагу архітэктар надаў вокнам: на першым паверсе сядзібы з боку парку аканіцы займаюць практычна ўсю вышыню ад падлогі да столі. Дзякуючы чырвонай цэгле, з якой складзены будынак, сядзіба выглядае вельмі маляўніча. Спяшайцеся пабачыць, бо з кожным годам яна ўсё больш разбураецца.
Фота: budzma.org
Дубянец
3. Царква Нараджэння Божай Маці
Далей трошку адхілімся ад усходняга напрамку і рушым некалькі кіламетраў на поўнач да вёскі Дубянец, каб пабачыць адзін з самых старажытных храмаў, што захаваліся ў Столінскім раёне — царкву Нараджэння Божай Маці, узведзеную да 1720 годзе. Купал храма ў Дубянцы мае цікавую шматгранную форму, у астатнім жа ён з’яўляецца вельмі паказальным узорам усходнепалескай школы дойлідства, архітэктурныя формы якой мы яшчэ пабачым на шляху — царква складзена з дрэва і пафарбаваная ў нябёсна-блакітны колер.
Фота: vedaj.by
Давыд-Гарадок
Далей скіруемся ў Давыд-Гарадок, дзе на цэнтральнай плошчы ля мясцовага ДК нас сустрэне помнік Валынскаму і Дарагабужскаму князю, унуку Яраслава Мудрага Давыду Ігаравічу, які лічыцца заснавальнікам горада. Знаёміцца з горадам прапануем пачаць са старажытнага гарадзішча, яно ж замчышча, якое варта шукаць у напрамку ракі Гарынь — галоўнай воднай артэрыі Давыд-Гарадка.
Фота: planetabelarus.by
4. Гарадзішча
Вядома, што паселішча на невялікім сёння пагорку характэрнай формы існавала ўжо на мяжы ХІ — ХІІ стагоддзяў, таму Давыд-Гарадок можна лічыць адным з самых старажытных гарадоў на тэрыторыі Беларусі. А з ХVI па XVIII стагоддзі тут існаваў сярэднявечны замак, у пэўны час нават два — Ніжні і Верхні. Абарончыя ўмацаванні не раз цярпелі ад нападаў, найбольш падчас вайны з тагачаснай расійскай дзяржавай 1654–1667 гг., тады замак быў узяты ў аблогу варожым войскам, а пасля Паўночнай вайны 1700–1721 гг. ён цалкам страціў сваё значэнне і прыйшоў у заняпад. Сёння на замчышчы можна пабачыць мемарыяльны камень з шыльдай.
Фота: planetabelarus.by
5. Касцёл Божага Цела
Столін да 1939 года быў у складзе Польшчы, тут размяшчаўся Корпус памежнай аховы. Адпаведана, пад патрэбы мясцовай каталіцкай парафіі, якая налічвала на той час больш за дзве тысячы вернікаў, у 1936 годзе ў Давыд-Гарадку быў узведзены касцёл у распаўсюджаным на той час стылі канструктывізм. Але дзейнічаў ён нядоўга, бо ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, пасля вайны касцёл ператварылі ў клуб, а будынак з архітэктурнага абліччча страціў характэрную вежу. Толькі ў 2017 годзе храм быў вернуты вернікам і пераасвечаны ў гонар Божага Цела.
Фота: poshyk.info
6. Трылінка
Дзе-нідзе ў горадзе, і нават на цэнтральных вуліцах Давыд-Гарадка можна пабачыць знакамітую «трылінку» — дарожнае пакрыццё ў выглядзе пліткі шасціграннай формы, вынайдзенае і запатэнтаванае ў міжваенны перыяд польскім інжынерам Уладыславам Трылінскім. Такі брук шырока выкарыстоўваўся у тагачасным Палескім і іншых ваяводствах Польшчы.
Фота: budzma.org
7. Царква Казанскай Божай Маці
Яшчэ адным вартым увагі храмам Давыд-Гарадка з’яўляецца царква казанскай Божай Маці, узведзеная ў 1913 годзе на месцы першага мясцовага касцёла, закладзенага яшчэ ў 1623 годзе Янам Альбрэхтам Радзівілам. Сучасная ж праваслаўная царква вельмі не тыповая для палескіх старадаўніх праваслаўных храмаў, якія ў пераважнай большасці сваёй выкананы з дрэва і маюць характэрны сіні колер. Стылістычна будынак можна аднесці да тыповых узораў псеўдарускага стылю.
Фота: planetabelarus.by
8. Царква Святога Юрыя
Найбольш старадаўнім храмам у Давыд-Гарадку з’яўляецца Свята-Юр’еўскую царква ці, як называюць месцічы, Закаморская, якая, верагодна, была ўзведзена яшчэ ў 1724 годзе, але некаторыя даследчыкі мяркуюць, што і раней. Дадзеная царква — узор Усходнепалескай школы дойлідства, створаны невядомым мясцовым майстрам.
Фота: wikimedia.org
Фота: poshyk.info
Вядома, што ў 1751 годзе для царквы быў зроблены ўнікальны барочны іканастас, але за савецкім часам яго часткова разабралі, часткова перавезлі ў музей (царскія вароты можна было пабачыць у Заслаўскім музеі рамёстваў і народных промыслаў). Іканастас Давыд-Гарадоцкай царквы быў апісаны Уладзімірам Караткевічам у эсэ «Званы ў прадоннях азёр»: «...Верх ягоны — XVІІІ стагоддзе, цяжкаваты, мясцовы жывапіс з фарбамі злёгку пажухлымі, але затое па-беларуску грунтоўнымі. А ў ім дзве рэчы XVІІ, ну, можа, самага пачатку XVІІІ стагоддзя. Маці Божая і Спас. Адвечная жаноцкасць маці і адвечная туга за людзей. Гэта здорава! На жаль, аклад скрывае ўсё, акрамя абліччаў і тонкіх, любоўных рук, і разгледзець гэта больш дакладна не ўдаецца. Але ўсё адно гэтыя твары, гэтыя рукі, гэтую вялікую цішыню і вялікі спакой закінутага будынка, гэтую драму і пыльнае сонца — немагчыма забыць...».
Рамель
9. Царква Святога Міхала
Варта завітаць і ў вёску Рамель, дзе нас чакае яшчэ адзін храм-прадстаўнік Усходнепалескай школы дойлідства царква Святога Міхала 1762 года пабудовы. Складзеная яна з дрэва, мае характэрны блакітны колер. Асноўная адметнасць гэтай царквы ў тым, што яна накрытая драўляным гонтам, што зрэдку ўжо сустракаецца, а ў Столінскім раёне, Рамельская царква Святога Міхала, найверагодней, такая адна.
Фота: poshyk.info
Альшаны
Апошняй кропкай нашага маршруту на сёння будзе адна з самых вялікіх вёсак Беларусі і яна ж агурковая сталіца — Альшаны. Калі трапляеш сюды з навакольных сціплых палескіх паселішчаў, адразу бачыш розніцу — тыповых аднапавярховых драўляных хатак тут вобмаль, затое сучасныя катэджы могуць паспаборнічаць выкшталцонасцю формаў ды аздабленняў. Упершыню Альшаны ў пісьмовых крыніцах узгадваюцца ў 1392 годзе, а першая пратэстанцкая абшчына, якая прадвызначыла сённяшні шлях Альшанаў, з’явілася тут у 1927 годзе і за тры гады налічвала ўжо тысячу чалавек, а сёння больш за тры тысячы з васьмі тысячаў жыхароў.
Макет будучага дома малітвы ў Альшанах
Тут пад патрэбы вернікаў узводзіцца найбуйнейшы дом малітвы ў Беларусі. Асноўны прынцып пратэстанцкай этыкі — сумленна працаваць, каб не схібіць у сваім пакліканні перад Богам, а як вынік — заканамернае павелічэнне прыбытку прапарцыйна ўкладзенай працы. А дапамагае месцічам Альшанаў у гэтым сёння гародніна, асабліва агурок, які ўжо стаўся сапраўдным мясцовым брэндам.
Фота: brestcity.com
10. Помнік агурку
З гэтай нагоды ў 2018 годзе ўладальнікі мясцовай кавярні «Альшанскі маёнтак» ўвасобілі ў жыццё ідэю ўзвядзення помніка самага паважанага гатунку альшанскай гародніны, які размясцілі на падворку сваёй установы харчавання. Манумент уяўляе з сябе агурок вышынёй у паўтары метры з чалавечым тварам і канечнасцямі. На ганаровай стужцы ў гэтага персанажа можна прачытаць «Я агурочак заліхвацкі, ёсць мяне ўвесь шар зямны!». А ў руцэ агурок трымае рыдлёўку, якая сімвалізуе працавітасць месцічаў.
Фота: poshyk.info
Дзе паесці
Па шашы Р88 між Беражным і Давыд-Гарадком у вёсцы Харомск сустрэнецца кафэ «Дыліжанс» з сушы і фаст-фудам. У Давыд-Гарадку ёсць некалькі ўстановаў харчавання, самы просты варыянт — на цэнтральнай плошчы знайсці кафэ «Палессе». Там апроч смачнай хатняй ежы можна пагутарыць з месцічамі ды насалодзіцца мясцовай «палескай мовай». У кафэ таксама дзейнічае абедзеннае меню да 16-й гадзіны, але калі спозніцеся, а на кухні нешта засталося, таксама не адмовяць. Больш сучаснае, але не менш каларытнае кафэ-піцэрыя ёсць у Альшанах, завецца «Альшанскі маёнтак», тут частуюць смачнай кавай і піцай, тут жа месціцца і «GRO-cafe».
Фота: brestcity.com
Дзе заночыць
Заночыць прапануем таксама ў Давыд-Гарадку, тут ёсць свая невялікая ўтульная гасцініца на шэсць нумароў і адзінаццаць месцаў, адчыненая ў 2013 годзе. У будынку адносна свежы рамонт і ёсць усё патрэбнае дзеля таго, каб камфортна пераночыць.
Фота: belhotel.by
Што прывезці
Століншчына, і Давыд-Гарадок у прыватнасці, славутыя любоўю месцічаў да вырошчвання гародніны. Традыцыя гэтая вельмі даўняя і мае свае мясцовыя адметнасці. Напрыклад, «цікеткі» — драўляныя дошчачкі, якія размалёўвалі ды ўкладалі ў пакуначак з пэўным гатункам насення дзеля эстэтыкі і лепшых продажаў. Першыя «цікеткі» ў міжваенны час, калі Давыд-Гарадок уваходзіў у склад Польшчы, месцічы змалёўвалі з пакункаў насення, прывезенага з захаду, але даволі хутка мясцовыя майстры выпрацавалі свой непаўторны стыль.
Фота: polese.by
З узнікненнем масавага друку традыцыя «цікеткаў» спынілася, і іх так проста не знайсці ў якасці сувеніра, але ж мясцовай кансерваванай ды свежай гародніны знойдзецца дзе прыдбаць. Дзеля таго раім зазірнуць у краму «Палескія духмянасці» ды абраць смакоццяў у дарогу на свой густ.
Фота: polese.by
Вандруйце разам з «Будзьма!»
П. Ж., budzma.org