З нагоды Міжнароднага дня пісьменніка, якія адзначаеццаў свеце 3 сакавіка, нагадваем пра падборку падкастаў пра наш літаратурны працэс, мінулае і сённяшнее. Што праўда, некаторыя сезоны яшчэ не абнаўляліся, але тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай, класікай ды сучаснымі трэндамі, знойдзецца, што паслухаць.
Гэта першы беларускі падкаст пра літаратуру, які вядзе Наста Карнацкая — філолаг і актыўная папулярызатарка кніжнай культуры Беларусі. Наста разважае пра літаратуру з гасцямі і без.
Падкаст для ўсіх, хто цікавіцца літаратурай, прычым не толькі беларускай. Можна даведацца не толькі пра навінкі беларускай літаратуры, але і пра мастацкую літаратуру іншых краін — дыяпазон шырокі.
Паслухаць: Apple Podcasts YouTube Soundcloud
Наста Карнацкая робіць яшчэ адзін падкаст — разам са сваёй каляжанкай, таксама Настай: «Мы — дзве Насты, якія працуюць у невялічкай незалежнай кнігарні „Кніжная Шафа“ на Грушаўцы ў Мінску. У гэтым падкасце вас чакаюць разнастайныя кніжныя гісторыі, звязаныя з нашай чытацкай практыкай і наведвальнікамі кнігарні. Будзем расказваць, чым жыве „Кніжная Шафа“, раіць кнігі і адказваць на вашы пытанні».
Паслухаць: Apple Podcasts Spotify Castbox
Гэта першы з трох падкастаў, якія робіць рэсурс Litradio.
Падкаст вядзе пісьменніца, перакладчыца і рэдактарка Марыя Лапо.
Госці — людзі, звязаныя з літаратурай, але не наўпрост. Ці звязаныя не толькі з літаратурай. Таму размовы балансуюць на мяжы пісьменніцтва і іншых дысцыплін.
Паслухаць можна на Spotify, YouTube, Apple Podcasts.
У другім, «найсуб’ектыўнейшым», падкасце ад Litradio літаратар Андрэй Дудко размаўляе з літаратар_камі з Беларусі і з тымі, хто ўжо з’ехаў, папярэдне прачытаўшы іх тэксты.
Паслухаць можна на Spotify, YouTube, Apple Podcasts.
Трэці цыкл ад Litradio складаецца з асабістых гісторый беларускіх аўтараў і аўтарак, іх творчых правілаў і практычных пісьменніцкіх парадаў.
Героі падкаста распавядаюць, якія траўмы, успаміны дзяцінства, месцы, гісторыі кахання, няўдачы ды выпадковасці паўплывалі на іх творчасць. Таксама разважаюць пра механіку пісьма: натхненне і пісьменніцкія страхі, важнасць дысцыпліны і штодзённых рытуалаў, крыніцы сюжэтаў, першыя спробы, чарнавікі і канцоўкі. І, вядома ж, пра тое, што прыўносіць у іх жыццё пакутлівы і прыцягальны працэс пісьма.
У падкасце можна паслухаць пра калючыя мары Уладзя Лянкевіча, «балотны» свет Евы Вежнавец і пажыццёвы аўтафікшн Анкі Упалы.
Паслухаць можна на Spotify, YouTube, Apple Podcasts.
Літаратурны падкаст праекта wir. by, у якім кандыдатка філалагічных навук Марына Казлоўская і паэтка Дар’я Бялькевіч размаўляюць пра класічныя школьныя творы беларускай літаратуры.
Ці трэба перачытваць класіку ў дарослым узросце? І як гэта рабіць? Наколькі адрозніваецца ўспрыняцце твораў у залежнасці ад узросту? Менавіта на гэтыя пытанні спрабуюць адказаць аўтаркі падкасту.
У першым выпуску вядоўцы абмеркавалі праграмныя п’есы Янкі Купалы і паразважалі, як трэба пісаць вусцішныя камедыі і смяяцца падчас катастроф. У наступных выпусках падкаста гаворка пойдзе пра Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і іншых класікаў беларускай літаратуры.
Паслухаць можна на Spotify, YouTube, Yandex Music, Apple Podcasts.
Добрая падборка «110 гадоў — 110 кніг», гутаркі з перакладчыкамі, рэдактарамі, аўтарамі. Пакуль не абнаўляецца, але архіў вялікі і цікавы.
У гэтым падкасце Наста Хлеб, Соф’я і Тоня абмяркоўваюць нетыповыя творы беларускай літаратуры, жартуюць і п’юць піва. Што праўда, даўно не было новых выпускаў, пакуль жа можна паслухаць падборку папярэдніх у гэтым даволі цікавым фармаце.
Сюжэты твораў вядучыя абмяркоўваюць досыць падрабязна, могуць быць спойлеры. Абмеркаванні жывыя і нязмушаныя, бы слухачы таксама знаходзяцца ў гэтай кампаніі. Акром піва, падкаст вылучаецца тым, што ў ім можна пачуць і лаянку, і словы-паразіты, і абмеркаванні «дарослых» тэм.
Паслухаць можна па спасылцы.
Падкаст з цікавымі мастацкімі гісторыямі ў фармаце пастановак ды чытанняў, якія агучваюць прафесійныя беларускія акторы. Кожны выпуск — асобная гісторыя.
Творы для праекта напісаныя пісьменнікам Кірылам Стаселькам і расказваюць аб падзеях у Беларусі.
Працягласць выпускаў: ад 5 да 35 хвілін.
Паслухаць можна па спасылцы.
Гэта новы падкаст ад Budzma. org. Хутчэй, гэта літаратурны твор у некалькіх серыях, агучаны самой аўтаркай, пісьменніцай Ганнай Комар, якая цяпер жыве ў Лондане. Адтуль яна піша лісты да сваёй матулі, распавядаючы ёй пра побыт у брытанскай сталіцы і прыгадваючы моманты з мінулага жыцця — часам цёплыя і ўтульныя, часам балючыя і шчымлівыя.
Сем выпускаў падкаста Ганны Комар «Лісты да мамы» ўжо даступныя да праслухоўвання. Неўзабаве — працяг эпісталярнага цыклу.
Выпускі можна паслухаць на платформах:
Apple Podcasts, Spotify, YouTube, Яндекс Музыка, Telegram, Mave, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro, YouTube.