Беларуская паэтка Ганна Комар, якая зараз жыве ў Лондане, узяла ўдзел у першым у Вялікабрытаніі фестывалі моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Пагаварылі пра сам фэст у славутым арт-цэнтры Барбікан, адаптацыю ў Лондане, пра кнігі і няясныя перспектывы ды задачку з зорачкай — як прывезці ў Лондан з Беларусі аўтэнтычныя чорныя арабіны. Таксама Ганна падзялілася з чытачамі Budzma.org новым вершам, які прагучаў на фестывалі і будзе выстаўляцца пад сцягам «Повязь» да канца кастрычніка.
Ганна Комар падчас фестывалю моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Фота: Philipp Ebeling
Фестываль прайшоў у Барбікане з 16 па 18 кастрычніка, візуальная яго частка будзе дасяжнай гледачам да канца кастрычніка. Адзін з дзён фэсту прайшоў пад назвай «Global Poems for Home» — у ім якраз і ўдзельнічала Ганна Комар.
«Не згубіце магчымасць паслухаць новыя вершы на мовах, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, з пяці кантынентаў. Гэта абсалютна новыя вершы, да вершаў далучаныя пяць сцягоў Seed Syllable, што даследуюць значэнне слова „дом“ у розных месцах свету і тое, як мова фармуе нашы стасункі з месцам», — так акрэслілі імпрэзу арганізатары фэста.
Афіша фестывалю
Суарганізатары фестывалю — паэт, празаік, драматург і мастак Крыс Маккейб (Chris McCabe) і мастак Сэм Уінстан (Sam Winston).
«На літаратурную частку яны запрасілі пяць паэтаў і паэтак з розных краін, якія пішуць не толькі на розных мовах, але, што цікава, і рознымі шрыфтамі. Акрамя кірыліцы, лацінкі, арабіцы, у свеце, як аказваецца, вельмі шмат іншага. Насамрэч, большасць з нас ніколі пра гэта і не задумваецца. Усіх запрошаных папрасілі напісаць да фэсту новы верш на тэму „дом“, гэтыя вершы цяпер выстаўляюцца ў арыгінале і ў перакладзе на ангельскую ў Барбікане, — распавядае ў інтэрв’ю Budzma Ганна Комар. — То бок гэта ўжо частка мастацкая, візуальная. Да вершаў далучаныя пяць флагаў Seed Syllable, створаных Сэмам Уінстанам у калабарацыі з намі. Уінстан працуе з натуральнымі матэрыяламі, з тэмай прыналежнасці, са шрыфтамі і кнігамі».
Ганна Комар напісала да фэсту верш «Чорныя арабіны» — «гэта такі ключавы вобраз у вершы». «І мяне папрасілі таксама падумаць над візуальнай часткай. Кожны з пяці ўдзельнікаў выбраў слова са сваёй мовы, а таксама матэрыял, які звязаны з нашым вершам, з нашай радзімай, з нашай мовай, якая знаходзіцца пад пагрозай. І мы паспрабавалі — у кагосьці атрымалася, у кагосьці часткова — прывезці гэты матэрыял з радзімы. Бо Сэм Уінстан з гэтых пяці матэрыялаў ад пяці паэтак і паэтаў стварыў фарбы, якімі намаляваў кожнае наша слова асобным сцягам, як ён называе гэтыя карціны, — распавяла Ганна Комар. — Маё слова — повязь. Гэта прыгожае слова і яно шмат што азначае.
Ганна Комар працуе над сваёй карцінай. Фота: Philipp Ebeling
А мой верш — гэта квінтэсэнцыя маёй доктарскай дысертацыі, гэта пра тое, пра што я пішу ўжо тры гады — пра сувязь вось гэтага асабістага гвалту і калектыўнага ці палітычнага. У маім вершы перагукаюцца і дом, і туга па ім, і дзяцінства, і даросласць, і хатні і дзяржаўны гвалт на сімвалічным узроўні. І таму „повязь“ здалося мне такім словам, якое будзе пасаваць».
Ганна Комар і Сэм Уінстан супольна ствараюць сцяг «Повязь». Фота: Philipp Ebeling
Самым складаным аказалася прывезці з Беларусі тыя самыя аўтэнтычныя чорныя арабіны: «Аказваецца, згодна з нейкімі санітарнымі беларускімі нормамі ты не можаш перасылаць гэтыя ягады, можна толькі пры наяўнасці нейкага асаблівага сертыфікату. То бок у людзей з нейкімі хатнімі ягадамі на продаж замовіць не атрымалася. Знайшлі ў краме, сяброўка ў Беларусі прынесла 3 верасня іх на пошту, а ёй сказалі, што з 1-га ўвогуле перасылка такога забаронена. Але свет дзіўны. Мне напісала знаёмая з майго горада, якая зараз жыве ў Лондане: „Я ў Баранавічах, што табе прывезці?“. На маё „мне трэба чорныя арабіны“ яна адказала, што гэта не смешна. Пасля тлумачэння сяброўка, якая прыехала на пахаванне мамы, пагадзілася прывезці мне 100 грамаў тых ягад. І зараз гэты велізарны сцяг вісіць над маім вершам у Барбікане ў вялікай выставачнай прасторы. Ужо некалькі чалавек даслалі здымкі адтуль — гэта вельмі прыемна насамрэч».
Сэм Уінстан робіць фарбы з прывезеных арабінаў. Фота: instagram samwinston
«Чорныя арабіны»
я хаваю чмяля пад пялёсткамі наготкаў
на бабуліным ганку
туга па тым, што будзе страчана
чорныя арабіны — калектыўнае падсвядомае
люлі-люлі-люлі, дзеткі ўсе паснулі
толькі я не сплю, шпацырую
па вуліцах, што ўспыхваюць у памяці
бы святло пражэктара ў вочы
калі выводзяць з аўтазака
ты прачнешся — а мінулыя пяць гадоў
цукровая пудра, якую можна злізаць
і пад ёй яшчэ будзе нешта жывое
«у мяне таксама птср», — сказаў мой былы, брытанец
а ў мяне няма птср, у мяне
чорныя арабіны і чырвоныя парэчкі ў бабуліным агародзе
пераспелі
тата, тут чорныя арабіны і чырвоныя парэчкі
пераспелі
бабулін агарод — калектыўнае падсвядомае
Сцяг «Повязь» і вершы Ганны Комар. Фота: Philipp Ebeling
«Па сутнасці задача гэтага фестывалю — падсвяціць разнастайнасць моваў і прыцягнуць увагу да пагрозы іх знікнення (паводле навукоўцаў, кожныя два тыдні ў свеце знікае адна мова, па дадзеных ЮНЕСКА, амаль палова з 7000 моў свету знаходзяцца пад пагрозай знікнення — Budzma). Арганізатары вераць, што з мовамі знікаюць і чалавечыя веды, і чалавечы досвед, і культура людзей гэтай мовы знікае, губляецца разнастайнасць. Яны хочуць прыцягнуць увагу, зацікавіць людзей, можа быць, натхніць кагосьці паглядзець, пашукаць свае карані, — кажа Ганна. — У Лондане ж ужо не так шмат людзей, якія б не былі змяшанага паходжання ці без мігранцкай крыві — так што можна зацікавіцца мовай, што была ў тваіх пакаленнях, альбо проста нейкай іншай. Ясна, што знікненне мовы часта звязана з рознага кшталту крызісамі, каланізацыяй, войнамі і г. д. Пра гэта таксама гаварылася на фестывалі».
Паэтка кажа, што такія імпрэзы гэта яшчэ і магчымасць гаварыць пра тое, «у чым жа насамрэч праблема з беларускай мовай, якая ёсць еўрапейскай і якая чамусьці пад пагрозай».
«Можа ўжо перастанеце аднаго Дастаеўскага ведаць і чытаць з усходнееўрапейскіх аўтараў? Хаця я не ўпэўнена, што шмат брытанцаў разумеюць падобныя праблемы, бо калі не перажыў — не разумееш, — разважае Ганна Комар. — Але ёсць і людзі, якія спрабуюць зразумець, спрабуюць слухаць».
«Файна, для мяне гонар выступаць на такім фэсце, у Барбікане, — зазначае паэтка. — Усе, думаю, ганарыліся, калі Уладзіміра Караткевіча ставілі ў Барбікане. Вядома, я буду не на той вялізнай тэатральнай, а на меншай сцэне. Але на гэтай жа сцэне выступала вось раней Каця Сныціна разам з Наталляй Калядой і Сцівенам Фраем.
Так што ў нас кожны год на сцэне Барбікана — Беларусь! Мне здаецца, гэта нагода ганарыцца ці цешыцца».
Ганна наведвала фестывальныя імпрэзы ўсе тры дні. У цырымоніі адкрыцця і наступнай дыскусіі пра мастацтва мовы ўдзельнічалі Крыс Макейб, Сэм Уінстан, славуты шатландскі пісьменнік Ірвін Уэлш, аўтар «Trainspotting» і «Кіслотнага дома» (усе кнігі якога зусім нядаўна ў Беларусі ўнеслі ў спіс забароненых), і Рэйманд Антробус ды іншыя.
Ганна Комар выступае на фестывалі моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Фота з асабістага архіва Ганны Комар
«Рэйманд Антробус, паэт ямайска-брытанскага паходжання, мяне найбольш уразіў. Гэта паэт, якому ў дзяцінстве дыягнаставалі глухату. Ён выступаў разам з перакладчыцай ягонай паэзіі на мову жэстаў. Сам ён чытаў уголас, я так разумею, што ён карыстаецца прыладамі, якія дапамагаюць яму чуць і гаварыць. І ён валодае не толькі брытанскай мовай жэстаў, ведае некалькі. Гэта было неверагодна, вельмі крутая паэзія ў кантэксце, што вельмі моцна ўражвае. У трэці дзень гаварылі пра Іст-Энд, у якім калісьці жыло вельмі шмат габрэяў, гэта быў вечар паэзіі на ідышы — імпрэза з вялікай доляй перфарматыўнасці, напэўна, я ніколі так шмат не чула ідышу».
«Мой выступ быў у другі дзень фэсту. Тры вершы, адмысловы да фэсту „Чорныя арабіны“, другі верш пра тое, як мая мама ела цыбулю — ён насамрэч адгукаецца шмат каму, на яго было найбольш водгукаў. А трэці верш — пра 2020 год, „Целам сваім“. І я, калі чытала ці калі ўжо прачытала, адчула, што ён быў не дарэчы. Я яго ўжо сама не адчувала, калі чытала. Гэта было цікавае назіранне, — дзеліцца Ганна Комар.
— Было вельмі кранальна і дужа прыемна, але найперш кранальна, бачыць, як людзі чыталі мой верш на сцяне выставачнай залі. Гляджу, сядзіць дзяўчына і доўга ўчытваецца. Было надзвычай прыемна пагаварыць потым з чытачкай, яна тлумачыла мне, як разумее верш, што яе кранула і асабліва спадабалася. Усе, з кім я размаўляла, хвалілі выступ — і, здаецца, гэта было шчыра».
У 2021 годзе Ганна Комар паступіла ў магістратуру Уэстмінстарскага ўніверсітэта. «У Лондан я прыехала з ПТСР і тугой па радзіме», — казала тады паэтка. Магістратуру яна скончыла з самай высокай адзнакай, потым пачалася вучоба ў дактарантуры ўніверсітэта Брайтана, Ганна піша дысертацыю на тэму гендарна абумоўленага і палітычнага гвалту, перажытага беларускімі жанчынамі.
Туга па Беларусі застаецца, але «я, насамрэч, знаходжу сабе прытулак у кніжках беларускіх, гэта дапамагае». «Напэўна, сама мова беларуская, кнігі беларускія рэальна сталі домам. Пакуль чытаеш — ты там», — кажа Ганна.
Акрамя навуковага даследавання, пачала працу праз адмысловы фонд, «які ўжо 25 год як наймае пісьменнікаў і пісьменніц, дасылае іх ва ўніверсітэты так бы мовіць кансультантамі па пісьме». «То бок студэнты могуць запісацца да нас на 50-хвілінную кансультацыю са сваім пісьмовым заданнем. І вось я, напэўна, адзіная не native speaker там, але мяне ўзялі. На першым тыдні ў мяне было ўсяго два чалавекі — але гэта нармальна, і я заўважыла, што гэта сапраўды дапамагае — перацягнуць фокус з сябе і сваіх журбы, тугі, чаго заўгодна, на вырашэнне пэўных канкрэтных задач, накіраваных на іншых людзей. Што да задач, то ў брытанскай адукацыі ўвогуле эсэ грае вельмі вялікую ролю, а ў гэтым універсітэце, дзе я дапамагаю, няма ўвогуле ніякіх творчых ці культурніцкіх факультэтаў. Але пры гэтым усе студэнты робяць пісьмовыя заданні — ці то справаздачы, ці то case study (метад даследавання, які заключаецца ў глыбокім аналізе канкрэтнага выпадку, сітуацыі ці праблемы), ці то апісанні прэзентацый і г. д. Не ўсім гэта лёгка даецца, і вось яны могуць прыйсці да кансультантаў кшталту мяне з любой праблемай па пісьме. Вось такая цікавая і карысная праца».
Што да дысертацыі, працу над якой Ганна Комар пачала ў 2022 годзе, то «яна ўжо на такім, прыемным этапе — мае навуковыя кіраўніцы папрасілі ўжо здаць ім праз некалькі месяцаў чарнавік працы, каб маглі пабачыць, як яно працуе разам, а тады я ўжо буду дарэдаўгоўваць, шліфаваць»
Толькі што п’еса «Body in Progress / Целам сваім...» выйшла ў «Скарына Прэс», пастаўлена ж на сцэне яна была ў 2024 годзе.
«Сама яшчэ зрабіла электронную версію гэтай кнігі, так што можна спампаваць па спасылцы (або тут: play.google.com, books.apple.com, amazon.co.uk/Body-Progress) — гэта для тых, хто ў эміграцыі не хоча абцяжарваць сябе папяровай бібліятэкай. А таксама я скончыла пераклад на ангельскую кнігі «Калі я выйду на волю». І ўжо мы яе рыхтуем да выдання ў тым жа выдавецтве «Скарына Прэс», — дадае Ганна.
«Я адаптавалася да Лондана і адаптавалася даўно. Праблема ў тым, што можна адаптавацца і жыць цяперашнім, даволі ў прынцыпе спакойна, камфортна, я б сказала, што жыццё да мяне даволі лагоднае. Але я не бачу тут сваёй будучыні, увогуле ў гэтай краіне не бачу сваёй будучыні. Па розных прычынах.
Па-першае, тут сталіца капіталізму. Калі ты не займаешся нейкай працай, якая дае шмат грошай, то складана бачыць будучыню, таму што растуць кошты на ўсё і на жыллё найперш. А калі ты не можаш набыць жытло, то гэта даволі трывожна насамрэч. Кошты на арэнду таксама ўвесь час растуць. Тут даволі жорсткая сістэма арэнды: трэба паказваць узровень заробку — ён мусіць быць не ніжэйшы за пэўную планку, абавязковыя паручальніцтва і залог. Гэта ўсё немалыя грошы тут, але потым табе могуць і падняць гэтую аплату раптам — і ты нічога з гэтым зрабіць не можаш. Антыгуманная сістэма. Ясна, што ёсць выключэнні, але ў цэлым сістэме напляваць на чалавека. І я не бачу перспектыў да лепшага», — кажа Ганна Комар.
Апошнія, занадта правыя тэндэнцыі не абмінулі і Брытанію. «Усё большую вагу набывае правая партыя Reform UK, яны робяць маршы, робяць заявы, яны насамрэч ужо ўплываюць — цяперашнія ўлады спрабуюць падстройвацца пад агульныя настроі, яны думаюць пра тое, што гэта ж голас тых, хто будзе галасаваць на наступных выбарах, значыцца, трэба зрабіць так, каб іх залагодзіць. То бок не трэба вам Reform UK, мы і самі так зможам. А гэта азначае больш жорсткія абмежаванні міграцыйнага заканадаўства, новыя антымігранцкія захады. Напрыклад, тут існуюць розныя тыпы віз, пасля 5 год на працоўнай візе ты можаш падацца на від на сталае месца жыхарства, а праз год пасля — на брытанскі пашпарт. Прапаноўваецца падоўжыць тэрмін да 10 гадоў, ускладніць уз’яднанне з сям’ёй, падвысіць мінімальны ўзровень заробку — гэта ўсё вельмі ўскладніць легалізацыю. Увогуле зараз тут моцная антымігранцкая рыторыка, ты не адчуваеш сябе ў бяспецы, чуваць часам і прапановы аб выхадзе Брытаніі з пагадненняў па правах чалавека, з сусветных арганізацый, прапановы пра тое, каб гэтыя магчымыя законы працавалі рэтраспектыўна — распаўсюджваліся і на тых, хто ўжо атрымаў від на сталае жыхарства, а лепш, каб і на тых, хто ўжо з грамадзянствам — забраць у іх назад. І ты разумееш, што гэта нейкі science fiction, але які аднойчы можа пераўтварыцца ў рэальнасць».
«Таму будучыню тут у такіх варунках убачыць складана, паўтаруся, — зазначае Ганна Комар. — Але ж гэта агульная тэндэнцыя па ўсім свеце. Неабавязкова здарыцца ўсё самае горшае, што мне ўяўляецца. Але, думаю, будуць людзі, якім прыйдзецца вярнуцца ў Беларусь, і будуць людзі, якія проста не перажывуць гэтага, будуць зламаныя. Будзе столькі гісторый, я думаю... Дакладна разумею, што я магу паклапаціцца пра сябе і пра кагосьці яшчэ плюс мінус. У прынцыпе ўсё, на жаль. На сёння я так сябе адчуваю».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org