Паміж болем і разуменнем: як украінцы бачаць беларусаў у часы вайны

Што думаюць украінцы пра беларусаў цяпер, калі вайна змяніла абодва народы? У тэксце — жывыя, нецэнзураваныя галасы ўкраінцаў, якія дзеляцца сваімі пачуццямі: ад разумення і падтрымкі — да гневу і абыякавасці. Мы публікуем галасы, якія дапамагаюць зразумець, што нас па‑ранейшаму лучыць — і што ўсё яшчэ патрабуе размовы.

photo_2025-10-20_09-04-30 (2).jpg


Ярына, 25 год, Львоў

Я думаю, што тут можна прыстасаваць той спосаб, як для ўсіх краін — заўсёды ставіцца да асобнага чалавека. Не абагульняць нацыю — як усе дрэнныя ці ўсе добрыя. Заўсёды бачыць канкрэтнага чалавека, мець зносіны з ім і ад гэтага ўжо будаваць пэўнае стаўленне. Я бачу, што палітычны рэжым досыць негатыўны, які падтрымлівае Расію, і для Украіны гэта, вядома, вельмі складана, таму што для Украіны гэты рэжым становіцца ворагам, але калі, напрыклад, канкрэтны чалавек у Беларусі супраць гэтага рэжыму, то я да яго буду ставіцца пазітыўна, а калі чалавек падтрымлівае рэжым, то ён становіцца на негатыўны бок, і для мяне вельмі складана ставіцца да такога чалавека станоўча.

Алег, 42 гады, вёска Завярышчыца (укр. Село Заверещиця), Львоўская вобласць, Гарадоцкі р-н (укр. Городоцький р-н)

Сапраўды, самі людзі з Беларусі вельмі добрыя, цудоўныя людзі. Некаторых з іх я ведаю асабіста. Ну але кіраўніцтва Беларусі — маю пра іх нядобрыя водгукі — яны дапамагаюць Расіі. Украіна перажывае, каб з боку Беларусі не было нападу. Калі пра людзей казаць, то людзі цудоўныя, краіна добрая і нацыя са сваімі традыцыямі. Але што да кіраўніцтва, я ім не захапляюся, я супраць, я супраць Лукашэнкі, лічу яго дыктатарам. 

Стаўленне да людзей пасля пачатку вайны ў мяне не змянілася, таму што мне падабаецца, што людзі збіраліся, як партызаны, і не дазвалялі ваенным рабіць захады на тэрыторыю Украіны, таму ў плане людзей я толькі «за». 

photo_2025-10-20_09-04-30.jpg

Ірына, 34 гады (равесніца незалежнай Украіны), Кіеў

У такі крытычны момант, які перажывае наш украінскі народ, ты добра бачыш, хто ёсць тваім сябрам. Асабіста я кіяўлянка, прайшла рэвалюцыю Годнасці, і там я бачыла сапраўды, што азначаюць узаемападтрымка і чалавечнасць. Менавіта там я бачыла таксама і беларусаў, якіх было не шмат, але ў той жа час яны прыехалі і былі з намі. І я сабе падумала пра тое, што маю вельмі вялікае пачуццё спачування, бо Украіне не проста выйсці з гэтага прыгнёту расіян, а Беларусі праз рэжым Лукашэнкі і праз тое, што яна яшчэ болей залежыць ад Расіі, больш цяжка выйсці з гэтага прыгнёту. 

Я сустракалася з беларусамі і бачыла, як яны праяўляюць сябе ў розных сітуацыях, гэта паказала мне, што беларускаму народу яшчэ трэба прайсці выпрабаванні, так як зараз праходзіць Украіна, і невядома, колькі для гэтага спатрэбіцца часу. 

Я ведаю, што ў Беларусі шмат класных людзей, якія не могуць нармальна функцыянаваць у сваёй краіне, але рана ці позна беларусы адваююць сваё права на існаванне, на сваю мову, на сваю краіну, на сваю тэрыторыю, з правам дэмакратычнага выбару. І як украінка я буду шчыра радавацца, калі ім гэта ўдасца. 

Вялікія былі надзеі на беларусаў у 2020 годзе, мы так шчыра перажывалі за іх, спявалі беларускія песні. Будучы ўкраінкаю, я бачу, што ў нас ужо чацвёрты год поўнаштабнай вайны, і шмат украінцаў яшчэ не зразумела, чаму варта любіць сваю краіну і размаўляць на роднай мове. У краіне шмат хто сімпатызуе расіянам, гэта адбываецца сістэматычна, на працягу стагоддзяў, нам не так проста выкараніць гэты імпэрыялістычны расійскі дух. 

Наколькі гэта няпроста, я ведаю на прыкладзе нашага народа і разумею, што ў вас, беларусаў, такая ж была гісторыя — нам не далі магчымасці змяніць грамадства. Адчуць прыналежнасць да свайго краю, сваю асаблівасць, палюбіць родную мову, сваю краіну, пабудаваць добрыя законы, — гэта тое, што робіць нас грамадзянамі сваёй краіны, гэта тое, што дазваляе мне ганарыцца тым, кім я ёсць і тым, дзе я нарадзілася, — гэта доўгая дарога. 

Мы таксама яшчэ зусім не прачнуліся — нас бамбяць ракеты, шахеды, а мы працягваем размаўляць па-расійску. Таму да беларусаў пытанняў няма, пачынаем з сябе і ведаем, што гэта не проста. 

photo_2025-10-20_09-04-31.jpg

Ліля, 19 год, Івана-Франкоўская вобласць, Рагацінскі р-н (укр. Рогатинський р-н) 

Не ведаю, што сказаць. Я да беларусаў ніяк не стаўлюся. Калі б у мяне былі стасункі з беларусамі, я каго-небудзь ведала асабіста, мне было б што сказаць, а я нікога з Беларусі не ведаю, таму сказаць мне няма чаго.

Андрій, 44 гады, Львоў

Я як ветэран нармальна стаўлюся да беларусаў за тое, што яшчэ пакуль што не палезлі ваяваць, я думаю, што і не пойдуць ваяваць. Стаўленне да беларусаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны змянілася, таму што сустракалі на баку Расіі шмат беларусаў. Здаецца, жывём блізка, і чамусьці так хочацца ім ісці ваяваць за Расію супраць Украіны, не болей, але побач з Расіяй. Дзіўна гэта было чуць і бачыць, але добра яшчэ, што не лезуць. Пытанне, як будзе далей — невядома. 

Да вайны я ездзіў у Беларусь, добрае стаўленне было. У мяне там родныя жылі, усе ўкраінцы, жылі ў Мінску і выехалі, як пачалася вайна. Яны добра пра Лукашэнку казалі, бо было з кім параўноўваць, але выехалі з-за страху, што іх прымусяць ваяваць супраць Украіны. 

Ці разрозніваю я ўладу і народ — гэта мне не зразумела, калі б народу не падыходзіла ўлада, ён знайшоў бы спосаб яе скінуць, але беларусы ў гэтым пытанні яшчэ не гатовы. Улада не настолькі іх заціснула, каб яны пайшлі і стварылі які-небудзь мітынг. Беларусы больш мірныя і, каб зрабіць першы крок, то трэба залезці ім глыбока пад скуру.

photo_2025-10-20_09-05-39.jpg

Наталля, 42 гады, Львоў

Мне шкада, што беларусы здаліся, што яны не змагаліся, вельмі шкада. Вядома, там ёсць і адны, і другія, і тыя, хто супраць, і тыя, хто за, як і ў нас ва Украіне. Але вельмі шкада, што Расія так выкарыстоўвае Беларусь, гэта баліць. Расія заўсёды намагалася прыгнятаць як беларускую мову, так і ўкраінскую — яны заўжды над тым працавалі, і шкода, што беларусы на гэта паддаліся. 

Мірон, 64 гады, Івана-Франкоўская вобласць 

Мне здаецца, што ў нас з беларусамі шмат падобнага. Ментальна мы вельмі падобныя. Беларусы і ўкраінцы — славяне, якія маюць шмат агульнага: мова, культура, традыцыі. Больш падобнага, чым з расіянамі, якія нават не славяне, там болей татара-мангольскага ўплыву, а мы славяне. І стаўленне пасля вайны ў мяне да беларусаў не змянілася.

Віталій, 55 год, Львоў 

У мяне да Беларусі стаўленне нейтральнае — не пазітыўнае, не негатыўнае. Я быў у Беларусі шмат разоў, яшчэ пачынаючы з Савецкага Саюза, я бачыў, як беларусы развіваюцца. Кажу, для мяне беларусы — гэта асколак, застылы ў 1990-х гадах, і для мяне, як я гляджу на ўсю дынаміку Усходняй Еўропы па Украіне, Расіі, то Беларусь затрымалася недзе паміж развіццём да дэмакратычнай дзяржавы і таталітарнай, і яна выбрала сабе ўласны таталітарны шлях. Для мяне Беларусь і яе народ такі аморфны, такія ні плюс ні мінус. Як па мне, Лукашэнка вельмі хітры, разумны дзядзька, які — у нас такая прымаўка ёсць — «ласкавае цялё дзвюх кароў сасе» — так і Лукашэнка — і да Расіі, і да Еўропы трошку заляцаецца. Калі гэта скончыцца, далей будзе для Беларусі выбар. Не маю для беларусаў ні негатыву, ні пазітыву, і з пачаткам вайны гэта не змянілася. Наколькі я разумею, але гэта маё такое суб’ектыўнае адчуванне, што беларусы не падтрымліваюць расіян у празе да вайны, але што там вельмі шырока распаўсюджана расійская прапаганда — гэта безумоўна.

Сафія, 31 год, Львоў

Я толькі праязджала праз Беларусь, калі ехала ў Літву, і то было ноччу. Гэта адзінае, што я магу сказаць. Я не ведаю Беларусь, не ведаю беларусаў, ніколі іх не сустракала, таму не ведаю, як ставіцца да гэтай нацыі. Ты першая беларуска, з якой я размаўляю...

photo_2025-10-20_09-05-39 (2).jpg

Ірына, 56 год, Львоў

Я хачу сказаць, што, напэўна, наша славянская мова карэнна была беларуская, чамусьці мне так здаецца. Што мы былі русіны, і асноўная мова была беларуская, яна нейкая такая мяккая, прыгожая мова. І мне вельмі шкада, што ў Беларусі няма вашай мовы, што Расія зрабіла так, што руская стала вашай мовай, і гэта вельмі крыўдна. Я разумею, што да ўлады прыйшоў дыктатар, але што народ так не трымаецца свайго, гэта крыўдна. Вы штосьці змагаліся, ваша апазіцыя змагалася. 

Я разумею, што ў вас менш насельніцтва, чым у нас, і вам больш складана, бо там дзе менш насельніцтва, цяжка змагацца. Але не можна здавацца, ні ў якім разе не можна здавацца, бо нічога не будзе, бо забяруць назву вашай дзяржавы — малобеларусь, малорусь — не ведаю, што-небудзь прыдумаюць. І таму нельга пераставаць змагацца.


Наста Пабягунская, Budzma. org
Малюнкі Андруся Такінданга