З нагоды гадавіны нараджэння 13 траўня славутай беларускай акторкі Стэфаніі Станюты «Будзьма!» згадвае яе захапляльнае жыццё і творчы шлях.
Будучая акторка нарадзілася ў 1905 годзе ў Мінску. Яе бацька Міхась Станюта быў мастаком, а маці вяла хатнюю гаспадарку. Неверагодна, але Стэфанія Станюта заспела Расійскую імперыю, Беларускую Народную Рэспубліку, савецкую і сучасную беларускую рэспубліку, савецкую, польскую і нямецкую акупацыі, была сведкай шэрагу гістарычных падзей.
Аўтапартрэт Міхася Станюты, 1935
Так, яна прысутнічала на сустрэчы расійскага імператара Мікалая ІІ з гараджанамі: сярод школьнікаў, якія павінныя былі вітаць імператара на Саборнай плошчы. А навучалася Стэфанія спачатку ў царкоўна-прыходскай школе, а пазней — у мінскай жаночай гімназіі.
Дзякуючы вялікай захопленасці танцамі дзяўчынкай (каля 14 гадоў) яна трапіла ў Першае таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам вядомага тэатральнага дзеяча Фларыяна Ждановіча (з таварыства неўзабаве паўстаў БДТ-1, а пазней — Купалаўскі тэатр), дзе працавала танцоркай, статысткай і харысткай.
Ужо ў 16 гадоў яна атрымала сваю першую ролю. Гэта адбылося выпадкова, бо запрасілі падмяніць іншую акторку. Затое яе партнёрам па сцэне стаў славуты Францішак Аляхновіч. Неўзабаве яна атрымала прапанову яшчэ на адну маленькую ролю ў п’есе Уладзіслава Галубка, але першыя два выступы дзяўчынкі праз хваляванне атрымаліся цалкам правальныя.
Крыніца: nlb.by
Нягледзячы на першыя няўдачы на сцэне, у 1921 годзе Стэфанія трапіла на навучанне ў Маскву ў Беларускую драматычную студыю пры Маскоўскім мастацкім тэатры (рас. МХАТ). Студэнтцы пашчасціла жыць у інтэрнаце на Краснай плошчы (цяпер там музей Леніна), а вучыць беларускую мову — у самога Уладзіміра Дубоўкі.
У гэты перыяд яна пазнаёмілася і з іншымі беларускімі знакамітасцямі. У прыватнасці, з такімі беларускімі пісьменнікамі, як Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Зміцер Жылуновіч. Цікава, што да канца жыцця ў Стэфаніі Станюты захаваўся адмысловы альбом, у які гэтыя і іншыя беларускія зоркі пісалі ёй пажаданні і вершы. Там жа, у Маскве, будучая акторка наведвала пастаноўкі знакамітых савецкіх творцаў: Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі, Меерхольда, Вахтангава.
Актрыса (другая злева) ў групе артыстаў БДТ-1. На пярднім плане — Фларыян Ждановіч, крайні справа — будучы муж Станюты Васіль Рагавенка. 1924-1930 гады. Фота planetabelarus.by
Пасля заканчэння навучання з выпускнікоў яе курса ў 1926 годзе ў Віцебску быў утвораны Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, у якім яна выступала да 1931 года. Цікава, што менавіта падчас працы ў Віцебску Станюта сустрэлася з Маякоўскім. Гэта адбылося падчас яго выступу ў тэатры горада. Але тое былі ўсё ж цяжкія і небяспечныя часы. Так, варта згадаць, што і першы, і другі муж Станюты трапілі пад рэпрэсіі.
У 1931 годзе Стэфанія Станюта зноў вярнулася ў Мінск на працу ў БДТ-1. У БДТ-1 (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) яна прапрацавала каля сямідзесяці гадоў. З пачаткам Другой сусветнай вайны, якая заспела яе падчас гастроляў у Адэсе, трапіла ў эвакуацыю ў горад Томск, дзе адбыўся яе трэці шлюб. Але шлюб быў кароткі, бо неўзабаве муж памёр ад хваробы.
Кадр з фільма Ларысы Шапіцькі і Элема Клімава «Развітанне». Фота Kino-teatr.ru
Акрамя роляў у тэатры Стэфанія Станюта вядомая і як кінаакторка. У кінематограф яна трапіла ў досыць сталым узросце, калі ёй было больш за пяцьдзясят. У 1958 годзе Станюта дэбютавала ў стужцы «Развітанне». Агулам Станюта адыграла ў кіно больш як семдзесят роляў, сярод якіх былі і вельмі знакамітыя стужкі, у прыватнасці, «Пра Чырвоны Капялюшык» Леаніда Нячаева, «Людзі на балоце» Віктара Турава і «Белыя Росы» Ігара Дабралюбава. Апошняя стужка «Курортны раман» з яе ўдзелам выйшла ўжо пасля яе смерці, у 2001 годзе.
Варта адзначыць, што Стэфанія Станюта, нягледзячы на ўзрост, вылучалася надзвычайнай актыўнасцю і энергіяй. Яна шмат ездзіла з гастролямі, да апошняга выступала ў тэатры і здымалася ў кіно. Вядомыя і яе хобі, сярод якіх былі ўпрыгожанні. Цікава, што яна самастойна майстравала ўпрыгожанні (каралі, бранзалеты і іншае) з ягад, зерня, кукурузы, шышак, макароны, костак і нават была сяброўкай клуба «Прырода і фантазія».
Натуральна, што творчая дзейнасць славутай беларускай акторкі была ўганараваная мноствам званняў і ўзнагарод, сярод якіх — народная артыстка БССР і СССР, ордэн «Знак гонару», Медаль Францішка Скарыны. Акрамя таго, у 2005 годзе, да 100-й гадавіны нараджэння акторкі, была выдадзеная адмысловая марка, а ў 2014 годзе яе імем назвалі адну з вуліц Мінска.
Марка, выпушчаная «Белпоштай» да 100-годдзя актрысы
Кірыл Стаселька, budzma.org