«Вольныя Купалаўцы» атрымалі прэмію Міністэрства культуры Польшчы

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, былы дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка 29 кастрычніка 2024 года скіраваў хадайніцтва міністарцы культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Ханне Урублеўскай аб прысуджэнні «Вольным Купалаўцам» калектыўнай ганаровай прэміі з Фонду прамоцыі культуры, піша АПК.

«Voĺnyja Kupalaŭcy»
«Вольныя Купалаўцы». Фота: facebook.com/kupalaucy

Пасля папярэдняй падрыхтоўкі і афармлення ўсіх неабходных дакументаў, здзейсненых супрацоўнікамі НАУ, міністаркай культуры Польшчы Ханнай Урублеўскай 17 сакавіка прынята станоўчае рашэнне аб прызнанні «Вольным Купалаўцам» ганаровай прэміі.

Фонд прамоцыі культуры — гэта дзяржаўная праграма ў Польшчы, якая рэалізуецца Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, і накіравана на падтрымку развіцця культуры і мастацтва ў краіне праз сацыяльную дапамогу артыстам.

У накіраваным абгрунтаванні ў адрас міністаркі культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Павел Латушка адзначыў, што пасля палітычных падзей і жорсткіх рэпрэсій, што адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, амаль увесь творчы калектыў тэатра быў вымушаны пакінуць тэатральную ўстанову і стварыў незалежную тэатральную групу. З таго часу «Вольныя Купалаўцы» сталі адным з сімвалаў беларускага руху пратэсту.

«Вольныя Купалаўцы» — гэта ўнікальная незалежная тэатральная група, якая з 2021 года працуе ў эміграцыі ў Польшчы. Калектыў, нягледзячы на цяжкасці, працягвае прасоўваць беларускую культуру, займаецца пастаноўкай спектакляў, якія закранаюць тэмы свабоды, ідэнтычнасці і правоў чалавека.

«Для мяне, як для палітыка, заўсёды будзе прыярытэтам падтрымка нацыянальнай культуры Беларусі, у тым ліку ў выгнанні. Зразумела, што Купалаўскі тэатр заўсёды будзе ў маім сэрцы, і я буду рабіць усё дзеля таго, каб дапамагаць «Вольным Купалаўцам» за іх талент, майстэрства і адданасць нацыянальнай беларускай культуры.

Апошнім часам мне атрымалася знайсці для «Вольных Купалаўцаў» сродкі на рэалізацыю двух новых тэатральных праектаў, якія адбудуцца, у тым ліку, пры падтрымцы фонду Паўла Латушкі. Спадзяюся, што неўзабаве беларуская публіка пабачыць іх.

Заклікаю падтрымліваць «Купалаўцаў». Калі ў вас ёсць магчымасць, заплаціце падвоены ці нават патроены кошт за квіткі, падтрымайце «Купалаўцаў» і нацыянальную культуру, без якой немагчыма ўявіць незалежную дзяржаву — Беларусь. Купалаўскі тэатр — найстарэйшы тэатр Беларусі, душа беларускага народа. Нам таксама важна памятаць, што неўзабаве і ён адновіць сваю творчую дзейнасць у Вольнай Беларусі», — адзначыў Павел Латушка.