У панядзелак 6 лютага 2023 года быў падпісаны ўказ пра стварэнне камісіі для працы з тымі беларусамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму пасля падзей 2020 года, піша citydog.io.
Цікава, што ў гісторыі Беларусі быў яскравы прыклад таго, як сістэма стараецца зламацць такіх людзей. І як людзі застаюцца пры сваіх перакананнях да смерці. Мы маем на ўвазе паэтку, пісьменніцу і грамадскую дзяячку Ларысу Геніюш. Вось 11 цікавых фактаў пра гэту жанчыну, якая стала гонарам і годнасцю свядомых беларусаў.
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст — голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
Ларыса Геніюш (1910–1983) — беларуская паэтка, пісьменніца і грамадская дзяячка. Для беларускага руху яна стала сімвалам антысавецкага супраціву. Дзякуючы цвёрдым і самаахвярным перакананням яе называлі Нязломнай, Няскоранай — бо да канца свайго жыцця ні яна, ні яе муж Янка Геніюш так і не прынялі савецкага ладу, нягледзячы на ціск з боку ўладаў.
Ларыса паходзіла са старога шляхецкага праваслаўнага роду Міклашэвічаў. Лёс яе быў досыць складаны: 8 гадоў ёй з мужам давялося правесці ў лагеры, прайсці праз катаванні і допыты, і самае галоўнае — яе назаўжды разлучылі з сынам. Пасля выхаду на волю яна да канца жыцця знаходзілася пад пастаянным ціскам савецкіх спецслужб. Не дзіва, што дагэтуль (!) Геніюш не рэабілітавалі. Тым не менш у пасёлак Зэльва, дзе жыла спадарыня Ларыса, як у пілігрымку, і да сёння з’язджаюцца людзі з усёй Беларусі.
Першы паслялагерны зборнік паэзіі Геніюш рэдагаваў сам Уладзімір Караткевіч. Ён жа падштурхоўваў аўтарку і да напісання «Споведзі» — знакамітай кнігі ўспамінаў, якую тайна вывезлі з пасёлка і надрукавалі. Варта ўспомніць і радкі «Як жыць — дык жыць для Беларусі, а без яе зусім не жыць...» — яны сталі ўжо народнымі, але мала хто ведае, што іх напісала менавіта Ларыса Геніюш.
Ларыса Геніюш
ВАЖНА: У артыкуле выкарыстаны цытаты з кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш «Споведзь» (аўтарскія правапіс і стылістыка захаваны). Вось тут можна пачытаць твор анлайн.
Паэтка з дзяцінства была даволі рэлігійнай, таму ў яе былі ўсе шанцы з цягам часу зрабіцца матушкай пры праваслаўным святары. Але Ларыса выбрала для сябе іншы лёс — і ў найгоршыя часы стала «маці» для зняволеных беларусаў, якія заўсёды чакалі яе вершы як глыток свежага паветра і падтрымкі, якая дапамагае спраўляцца з цяжкімі жыццёвымі абставінамі.
За гэта вершы аўтаркі называлі яшчэ «глюкоза», бо для многіх яны былі асноўнай крыніцай энергіі ў зняволенні. Ды і сама паэтка адзначала, што пачала друкаваць свае творы дзеля таго, каб маральна падтрымліваць беларусаў.
«Трэба было бараніць душы людзей ад германізацыі і фашызацыі вартасьцямі народнай душы, культуры. Газэты за акупацыі былі гадкія, і толькі прабіваліся там іскры вершаў, з чаго і трэба было скарыстаць. Друкавалася я толькі ў «Раніцы» — газэце для беларусаў за межамі сваяго краю...»
Ларыса Геніюш у маладосці
Да Ларысы сваталася шмат семінарыстаў, але яна выбрала студэнта медыцынскага факультэта Карлава ўніверсітэта. Тым не менш спадабаўся будучы муж паэтцы не адразу: «Ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася».
Але потым Янка змяніў сваю «тактыку». Вось як апісвала гэта аўтарка: «Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі, — калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі. Уваходжу зь лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрай ночы. Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату».
Янка і Ларыса Геніюш з сынам Юркам
У 1943 годзе памёр ад сухотаў старшыня Рады БНР Васіль Захарка. Перад смерцю ён казаў, што вельмі хацеў бы, каб яго месца заняла менавіта Ларыса Геніюш, але ў тыя часы на такія пасады не прызначалі жанчын.
Паэтка зрабілася генеральнай сакратаркай Урада БНР у эміграцыі. Яна захоўвала і парадкавала архіў БНР, дапамагала беларускім эмігрантам, палітычным уцекачам і ваеннапалонным. Найбольш каштоўную частку архіва Ларыса адправіла ў недаступнае для органаў НКУС і МДБ месца. Пазней за гэты архіў яе і будуць катаваць.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Ларыса і Янка, баючыся, што іх могуць арыштаваць і пакараць у сталінскім СССР, дабіваюцца чэшскага грамадзянства (на той момант сям’я жыла ў краіне ўжо 10 гадоў). Але пад савецкім прымусам сілавікі ўсё ж такі арыштоўваюць пару, пазбаўляюць грамадзянства, каб мець магчымасць выдаць Савецкаму Саюзу, і выдаюць.
У мінскай турме паэтку ўсімі спосабамі катавалі. Дапытваў яе і міністр дзяржбяспекі БССР крыважэрны Лаўрэнцій Цанава, які любым чынам намагаўся здабыць архівы БНР. Але пасля таго, як Ларыса адмовілася даваць паказанні на рускай ці чэшскай мовах, Цанава ледзь не звар’яцеў і загадаў дапытваць паэтку дзень і ноч. Следчыя пагражалі голай павесіць яе на вуліцах Мінска. «Усіх нас вам не перавешаць», — адказала Ларыса.
Суд прысудзіў Ларысе і Янку Геніюшам па 25 гадоў пазбаўлення волі — па артыкуле 58 «Дзяржаўныя злачынствы і контррэвалюцыйная дзейнасць». Асабістым нумарам паэткі ў «Мінлагу» (у пасёлку Інта ў Комі) быў 0-287.
Тая самая лагерная роба Геніюш захавалася ў Беларускай бібліятэцы-музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане
Як яна пісала ў сваіх мемуарах, «гэты тупы, цёмны чалавек нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне», а ў турме быў важнай асобай — «і зьдзекаваўся нада мной, як апошні садыст».
Па ўспамінах аўтаркі, гэты наглядчык прыходзіў да яе ў камеру і асабіста адводзіў яе ў лазню, прысутнічаў пры купанні, «паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас».
Помнік Геніюш каля зэльвенскай Траецкай царквы
Знаходзячыся ў лагеры, Ларыса Геніюш не давярала беларускам — думала, што «ўсіх іх запалохалі й купілі», таму «ніводнай нельга было верыць». Пры гэтым паэтка загадвала дзяўчынам перапісвацца з хлопцамі-беларусамі. Многія з пар, якія такім чынам утвараліся, браліся шлюбам: «Загадала ім пісаць сябрам, а хлопцам — апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы... адчувалі абавязкі адносна сваіх».
Адной з самых вялікіх трагедый у жыцці паэткі стала расставанне з сынам Юркам. Малы нарадзіўся ў 1937 годзе, і ў 1947, калі Геніюшаў выдалі савецкім уладам, сына ўдалося пакінуць у Польшчы. Спачатку ён жыў у кума, потым у сваякоў — так Юрка стаў фактычна сіратой пры жывых бацьках.
На шчасце, сын пазбег лагераў, але пасля вызвалення бацькоў ён так і не змог з імі сустрэцца. У 1979 годзе памёр Янка, а паэтцы не дазвалялі паехаць да сына, які жыў па іншы бок савецка-польскай мяжы — у Беластоку.
Пра сваю віну перад сынам паэтка пісала так: «Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын... Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, — Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату...»
Такія лісты з казкамі паэтка дасылала сваім унукам
Да канца жыцця Ларыса Геніюш знаходзілася «пад каўпаком» савецкіх спецслужбаў, якія патрабавалі ад яе прыняцця савецкага грамадзянства. Але для паэткі гэта азначала паразу, здраду найважнейшаму ў самой сабе і ў сваёй беларускасці. У яе пашпарце стаяў штамп «Без грамадзянства» з прыпіскай ад рукі: «Былая грамадзянка Чэхаславацкай рэспублікі».
Вось як пісала паэтка ў адным з лістоў знакамітаму беларускаму літаратуразнаўцу Адаму Мальдзісу ў 1968 годзе: «Візыт Аляксея Карпюка і патрабаваньне грамадзянства без рэабілітацыі даканалі мяне канчаткова. Аб грамадзянстве думаю, але бярэ мяне жах, калі ўспомню свае мучэньні і тое, што палічылі іх заслужанымі. Кінга зрабіла чалавекам не ягонае амэрыканскае грамадзянства, а змаганьне за волю суайчыньнікаў. Калі вазьму грамадзянства, яны мяне даканаюць. Яны мяне пераніцуюць, як старую вопратку на новы манер, а мне ўсё гэта нецікава».
Пасля прагляду пастаноўкі купалаўцаў у Маладзечне аўтарка пісала, што вельмі нервавалася, асабліва слухаючы галоўнага рэжысёра Раеўскага.
«Божа мой, як знэрваваліся мы ўчора, гледзячы на купалаўцаў у Маладзечне. Галоўнае — слухаючы галоўнага рэжысэра Раеўскага! Што гэта — творыцца новая беларуская мова? Каму ж яе несьці як узор, як не купалаўцам? Адзіны тэатар і на такой «вышыні»! А гэтыя выйгрышныя сцэнкі з Шукшына? Такое трэба пакідаць для «Тэатру сатыры». Ды і ў «Паўлінцы» шаржыравалі — а гэта віна рэжысуры! Такія танныя эфэкты і такі ўстыд!»
Пасля смерці Сталіна Геніюшаў адпусцілі з лагера, але поўнай іх рэабілітацыі дагэтуль не адбылося. Адпаведныя органы перагледзелі справу вязняў і прызналі іх вінаватымі роўна на столькі, колькі яны паспелі ўжо адседзець, — 8 гадоў. То бок Ларысу і Янку хоць і выпусцілі, але абвінавачванняў не знялі.
У 1999 годзе Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь з хадайніцтвам аб адмене выраку Геніюшам. Але пракуратура пераадрасавала зварот у Вярхоўны суд, адкуль прыйшла адмова: паэтка «абгрунтавана не падлягае рэабілітацыі», а прычыны адмовы «могуць быць паведамленыя толькі самай рэпрэсаванай» (пры тым, што пісьменніца памерла ў 1983 годзе).
Падобны адказ быў атрыманы ў 2017 годзе актывістамі моладзевага крыла БНФ.
Гімназістка Ларыса
У Зэльве побач з царквой і цяпер стаіць драўляная хата, у якой Ларыса Геніюш пражыла 27 гадоў — спачатку з мужам, а пасля яго смерці адна, на невялікую пенсію, якую налічвалі ёй улады. У 2007 годзе на дом Геніюшаў павесілі мемарыяльную шыльду, але міліцыянты знялі яе амаль адразу пасля ўсталявання (атрымліваецца, што аўтарку баяцца яшчэ і дагэтуль?).
У зэльвенскі перыяд сваёй біяграфіі Геніюш была адной з актыўных прыхаджанак мясцовага храма, таму за заслугі перад праваслаўнай царквой ёй паставілі помнік на цвінтары каля зэльвенскай Траецкай царквы — і гэта адзіны такі выпадак на ўсю Беларусь.
Дом Геніюшаў у Зэльве
А ў лістападзе 2022 года блогерка з Гродна Вольга Бондарава звярнула ўвагу на прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Бюсты знакамітых беларусаў, устаноўленыя перад будынкам, яна назвала «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» — і паскардзілася раённаму ідэолагу. Сярод іншых быў зняты і бюст Ларысы Геніюш.