Фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві» сёлета не адбудзецца

Фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві» сёлета прапускае сваю 11-ю эдыцыю. Гэта пацвердзіў Reform.news заснавальнік і кіраўнік вядомага кінафорума Януш Гаўрылюк.

«Buĺbamuvi-2024»
«Бульбамуві-2024». На канцэрце на адкрыцці грае Ягор Забелаў. Фота: Reform.news

Прычыны, па якіх фэст беларускага кіно сёлета ўзяў паўзу, кінематаграфіст абяцаў патлумачыць пазней, дадаўшы, што «час зноў увайсці ў партызанскую пазіцыю».

«Бульбамуві» (Bulbamovie) — гэта незалежны фестываль беларускіх кіна- і відэафільмаў, заснаваны ў 2011 годзе кінематаграфістам Янушам Гаўрылюком як альтэрнатыўная пляцоўка дзяржаўным кінафорумам. Агляд, сімвалам якога з’яўляецца бульба, першапачаткова ладзіўся ў Варшаве, але ў перыяды адноснай лібералізацыі праходзіў і ў Мінску. Форум мае рэпутацыю «партызанскага фэсту», панк-фэсту, які часам знікае, а часам «выходзіць з лесу», каб у цяжкія часы падтрымаць беларускае кіно. Так, пасля 2020 года «Бульбамуві» стаў галоўнай міжнароднай вітрынай для незалежных беларускіх стужак, якія закранаюць вострыя сацыяльныя, палітычныя і эміграцыйныя тэмы.

У 2024 годзе фестываль ладзіўся ў кінатэатры «Ілюзіён» у Варшаве. Падчас 10-й, юбілейнай, яго эдыцыі былі паказаны больш за два дзясяткі карцін, сярод якіх — фільмы Сяргея Лазніцы, Аляксандра Міхалковіча, Мары Тамковіч, Любові Зямцовай, Юрыя Хашчавацкага, маладое беларускае кіно. Гасцямі падзеі сталі шматлікія прадстаўнікі незалежнага беларускага кіно і музыкі.