15 гадоў Горадня са сваім сцягам

25 верасня 1997 года Гарадзенскі гарсавет зацвердзіў сцяг Горадні – блакітную харугву, на якой вышыты залаты алень Святога Губерта, што пераскоквае праз плот.

Гарадзенскае ўпраўленне юстыцыі на сваім сайце канстатуе, што сцяг горада – гэта “прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры якога намаляваны герб горада Гродна”.

Гістарычная даведка

Лічыцца, што старажытны герб быў падараваны гораду ў 1540 годзе каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай Бонай Сфорца, аднак першыя пячаткі з выявай герба Горадні датаваныя 1565 годам. На іх намаляваны алень з залатым крыжам між рагамі, так званы алень Святога Губерта.

Святы Губерт – каталіцкі святы, заступнік паляўнічых. Аднойчы падчас палявання ён убачыў цудоўнага аленя з залатым крыжам між рагамі і, натхніўшыся гэтым знакам, зрабіўся ўзорным хрысціянінам і раздаў усю сваю маёмасць бедным. Алень Святога Губерта быў абраны сімвалам Горадні, бо побач з ёй размяшчаліся багатыя паляўнічыя ўгоддзі Белавежскай і Гарадзенскай пушчы. Агароджа, праз якую скача алень, была дададзеная да герба пазней і сімвалізуе свабодалюбства насельніцтва горада”.

Пасля далучэння Горадні да Расійскай імперыі ў 1795 г. стары герб быў скасаваны. У 1802 г. быў зацверджаны герб Гарадзенскай губерні: у верхняй частцы шчыта быў намаляваны коннік з васьміканцовым крыжам на шчыце, а ў ніжняй – выява зубра на чырвоным фоне . 6 красавіка 1845 коннік з герба быў прыбраны. У 1878 зменены малюнак зубра, дададзеныя імператарская карона, стужкі і дубовае лісце. Гэты сцяг цяпер упрыгожвае гарадзенскі гарвыканкам.

У савецкі час якіх толькі гербаў не хацелі навязаць гораду. Але гісторыя сама расставіла кропкі над і. І ўсё ж прыкметы расійскай гісторыі ў горадзе засталіся. Апроч нядаўна ўсталяванай шыльды гарадзенскаму губернатару Сталыпіну абласны камітэт упрыгожвае чырвоны сцяг яшчэ з царскімі сімваламі.

“У цэнтры добрага боку палотнішча месціцца выява герба вобласці без дубовых галінак і стужкі. Герб вобласці – гэта французскі шчыт, у чырвоным полі якога намаляваны залаты зубр. Герб вянчае вялікая залатая гарадская карона. Шчыт апраўлены залатымі дубовымі галінкамі, якія перавівае андрэеўская стужка блакітнага колеру. У аснову герба быў пакладзены гістарычны герб Гарадзенскай губерні, атрыманы ў 1878 г. згодна з указам расійскага імператара Аляксандра II”, – кажа пра гэты сцяг Вікіпедыя.

Цікавым падаецца і іншы герб Гарадзеншчыны, які з’явіўся ў пачатку ХІХ стагоддзя: “У верхняй частцы шчыта, які мае чырвонае поле, намаляваны яздок у латах, што скача на белым кані ў правы бок і ў якога ў правай руцэ паднятая ўверх шабля, на левай – срэбны шчыт з чырвоным васьміканцовым крыжам, а ўнізе – зубр”.

Андрэй Мялешка