На ютуб-канале былога палітзняволенага і адваката Максіма Знака выйшаў кліп на песню «Маякі» — пра людзей-маякоў, якія падтрымліваюць зняволеных і «яркімі промнямі прабіваюцца праз усю турэмную шэрасць і безнадзейнасць».
«Гэты кліп — «Маякі» — рыхтаваўся да выхаду разам з «Ходзікам», бо Людзі-ходзікі і Людзі-маякі — гэта ж дылогія, гэта дыхатамія, на якой пабудавана мноства выбітных твораў сусветнай літаратуры, ды і свет наш таксама.
Але версія кліпа, знятая ў Гданьску — там, дзе і мора, і маякі, і караблі, і сонца... — чамусьці не прайшла, чагосьці не хапала. Можа, цемры?
Потым з’явілася думка, што, як і ў «Ходзіках», трэба выкарыстаць святло... З’явіўся сюжэт, дзеля якога давялося нават апрануць ненавісную вопратку, — усё толькі каб паказаць адну гісторыю пра тых з людзей-маякоў, хто падтрымліваў зняволеных і яркімі промнямі прабіваўся праз усю турэмную шэрасць і безнадзейнасць», — напісаў Максім Знак на сваёй старонцы ў Фэйсбук.