Музей Вольнай Беларусі ўпершыню далучыцца да Warsaw Gallery Weekend з праектам беларускага мастака Аляксандра Адамава

18 верасня Музей Вольнай Беларусі далучыцца да Warsaw Gallery Weekend 2026 — адной з найбольш прыкметных падзей сучаснага мастацтва ў Польшчы. У праграме WGW+ музей прадставіць персанальны праект беларускага мастака Аляксандра Адамава hyperMother. Shared Breathing. Выстава будзе працаваць у Варшаве да 4 кастрычніка.

Для Музея Вольнай Беларусі ўдзел у Warsaw Gallery Weekend — важны крок для прысутнасці беларускай культурнай інстытуцыі ў прафесійным мастацкім асяроддзі Польшчы. У праграме WGW+ музей выступае як беларуская пляцоўка і прадстаўляе персанальны праект беларускага аўтара. 

Што такое Warsaw Gallery Weekend і чаму ўдзел у ім важны 

Warsaw Gallery Weekend — штогадовы агляд сучаснага мастацтва, які аб’ядноўвае вядучыя прыватныя галерэі Варшавы і іншых польскіх гарадоў. На працягу некалькіх дзён галерэі і культурныя інстытуцыі адкрываюць новыя выставы, ладзяць перформансы, сустрэчы з мастакамі, дыскусіі і спецыяльныя падзеі. Самі арганізатары называюць WGW унікальнай падзеяй на культурнай мапе Еўропы і пляцоўкай для міжнароднага дыялогу пра сучаснае мастацтва. 

У 2026 годзе асноўны ўікэнд WGW пройдзе 18-20 верасня. Праграма падзеленая на дзве секцыі: WGW і WGW+. Апошняя адкрытая для інстытуцый, фондаў, музеяў, мастацкіх калектываў і незалежных прастор, якія прафесійна працуюць з сучасным мастацтвам. Удзельнікаў абірае праграмная рада на падставе пададзеных заявак. 

Для Музея Вольнай Беларусі ўдзел у WGW — гэта магчымасць быць часткай аднаго з галоўных прафесійных арт-працэсаў Варшавы і прадстаўляць беларускае сучаснае мастацтва не асобна ад польскага і еўрапейскага кантэксту, а непасрэдна ўнутры яго. 

У праграме WGW+ побач з дзясяткамі польскіх галерэй, фондаў і незалежных прастор сёлета з’явіцца і Музей Вольнай Беларусі з праектам Аляксандра Адамава hyperMother. Shared Breathing

Для музея гэта таксама працяг працы над тым, каб беларуская культура была бачнай не толькі праз тэмы рэпрэсій, эміграцыі і палітычнай гісторыі. Беларускія мастакі сёння працуюць з актуальнымі тэмамі і мастацкімі мовамі нараўне з аўтарамі з іншых краін, і адна з задач музея — ствараць для гэтай прысутнасці месца ў міжнародным культурным полі. 

Што пакажа Аляксандр Адамаў 

hyperMother

Для Warsaw Gallery Weekend Аляксандр Адамаў прадставіць персанальную выставу hyperMother. Shared Breathing — працяг свайго шматгадовага праекта hyperMother. 

У цэнтры праекта — сучаснае пытанне: што адбываецца, калі сістэма, створаная для нашага камфорту і клопату, пачынае сама вырашаць, што для нас лепш? 

Shared Breathing нагадвае прастору санаторыя будучыні. Тут гук, вібрацыі і дыханне ствараюць агульны рытм, а наведвальніку прапануюць на нейкі час адмовіцца ад неабходнасці пастаянна кантраляваць сябе, быць прадуктыўным, аналізаваць свой стан і імкнуцца стаць «лепшай версіяй сябе». 

Спачатку такая сістэма выглядае як вызваленне. Яна сама заўважае стомленасць, прапануе адпачынак і бярэ частку адказнасці на сябе. Але разам з гэтым узнікае галоўнае пытанне праекта: дзе заканчваецца клопат і пачынаецца кантроль? 

Праз інсталяцыю, гук і сцэнаграфію Адамаў стварае асяроддзе, у якое глядач фізічна трапляе і становіцца яго часткай. Гэта не толькі выстава для назірання — прастора hyperMother прапануе наведвальніку на кароткі час апынуцца ўнутры выдуманай сістэмы і адчуць яе правілы на сабе. 

Пра Аляксандра Адамава 

Aliaksandr Adamaŭ

Аляксандр Адамаў — беларускі мастак і сцэнограф, які жыве і працуе ў Варшаве. Нарадзіўся ў 1996 годзе ў Беларусі, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, атрымаў адукацыю ў галіне гісторыі мастацтва, працягваў навучанне ў галіне культуралогіі. З 2019 года працуе таксама як сцэнограф у тэатры і кіно. 

Яго працы былі прадстаўлены на выставах у Польшчы, Германіі і іншых краінах. У 2025–2026 гадах персанальны праект мастака HYPERREALISTIC MOTHER быў паказаны ў Szczur Gallery у Познані. Адамаў таксама ўдзельнічаў у выставах у Варшаве, Берліне, Дзюсельдорфе, Нюрнбергу і Кракаве. 

Перформанс у дзень адкрыцця 

18 верасня а 14:00 у Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца перформанс Аляксандра Адамава Preliminary Procedure: Calibration of Denial, які таксама ўключаны ў афіцыйную праграму Warsaw Gallery Weekend. 

Ён стане своеасаблівым уваходам у сістэму hyperMother і адкрые праграму выставы ў музеі. 

Практычная інфармацыя 

Музей Вольнай Беларусі × Warsaw Gallery Weekend 2026 Аляксандр Адамаў. hyperMother. Shared Breathing 

Дата: 18 верасня — 4 кастрычніка 2026 WGW+ / Warsaw Gallery Weekend

Месца: Музей Вольнай Беларусі Foksal 11 00-372 Warszawa

18 верасня, 14:00 перформанс Аляксандра Адамава