17 снежня: Калядная чытанка-забаўлянка з Пэтсанам і Фіндусам!

17 снежня ў 18:00 запрашаем у Галерэю сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) дзетак і дарослых на прэзентацыю кнігі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды» з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык.

Кніга “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды” пабачыла свет у серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч. Падрабязней тут.

plakat_petsson_800_web

Пра аўтара:

Свэн Нурдквіст нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу (Швецыя) і на працягу ўсяго жыцця займаўся маляваннем. Працаваў архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам.

У 1983 годзе Свэн Нурдквіст перамог у конкурсе выдавецтва “Opal” на лепшую праілюстраваную кнігу. У кнізе “Блінны торт” чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым, якога завуць Пэтсан і яго коцікам Фіндусам, якія пазней сталі героямі цэлай серыі.

Кнігі Свэна Нурдквіста будуць цікавыя дзецям і дарослым ад 3 да 99 гадоў, яны перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.

Арганізатар  — ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, партнёр грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”

Уваход вольны!

 

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”