Я нічога не адчуваю, альбо Сеанс псіхатэрапіі для тых, хто ў Беларусі

24.06.2026
Сапраўды, мы нічога не адчуваем. Мы ў Беларусі так прызвычаіліся да гэтага «ашчушчэнія», што ўжо і не звяртаем ўвагі на другую ягоную частку: «але ўсё адчуваем».

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Яшчэ не Оруэл, але мы ляжым у тым кірунку

За шэсць гадоў існавання ў цякучай, нетрывалай рэальнасці мы прызвычаіліся і да ўсіх сваіх дзіўных «ашчушчэній» у ёй, і да тых штукарстваў, якія вынайшла псіхіка для прыстасавання. Мы нічога не адчуваем (але адчуваем). Дык пагаворым пра тое, чаго менавіта мы не адчуваем цяпер і што менавіта — адчуваем. 

Для пачатку: дыхайце глыбока. Як вам «ашчушчэніе», быццам гэта толькі вы і больш ніхто «ашчушчае» тое, што «ашчушчае»? Калі вам штосьці не падабаецца, калі вас апанавалі туга, стома, абыякавасць да жыцця і гэтак далей, дык гэта толькі вашыя асабістыя «ашчушчэнія», збольшага беспрычынныя, папіце адаптольчыку. 

Столькі зорачак за шэсць гадоў упала на пагоны, столькі раздадзена званняў, столькі намеснікаў па бяспецы прызначана, панавешана сцягоў, панапісана, панагаворана і не прамоўлена словаў дзеля таго, каб вам здавалася, што гэта вашыя асабістыя «ашчушчэнія» і больш ніхто не памятае, не ашчушчае, не ведае, не надае ўвагі. 

Але хай бы было так проста. У тым і справа, што ўсё цяпер маем дваістым, расшчэпленым, шызафрэнічным, і тыя асабістыя «ашчушчэнія» ашчушчае кожны — і кожны адначасова не памятае, не ашчушчае, не ведае, не надае ўвагі і думае, што іншыя не памятаюць, не ведаюць, не надаюць, але ашчушчаюць, памятаюць, ведаюць і надаюць, але не памятаюць і не ашчушчаюць. Яшчэ не Оруэл, але мы ляжым у тым кірунку. 

Уявіце, колькі псіхічнай энергіі сыходзіць на гэтыя раздваенні. Не дзіва, што няма моцы гэта ашчушчаць.

Страх

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Чаго мы яшчэ не адчуваем? 

Не адчуваем мы страху. Яго нам падвезлі за шэсць гадоў у такім асартыменце, што можна нават выбіраць, якога менавіта страху не адчуваць: 

• страху, што актыўная вайна перакінецца і на Беларусь;
• страху, што і за табой прыйдуць;
• страху, што давядзецца з’язджаць;
• страху не дапільнаваць і штосьці зрабіць не так у краіне, дзе, як кажуць дасціпныя людзі, «выпадкова сеў на тэлефон — націскаў дупай на пяць крыміналак» (у гэтага страху згубіць кантроль шмат разнавіднасцей: напрыклад, страх, што на мяжы таварыш маёр без апазнавальных знакаў знойдзе-такі ў тваім тэлефоне штосьці, пра што ты даўно забыўся ці нават не ведаў, ці страх, што бязвінныя дзеянні, словы, тэксты шматгадовай даўніны — цяпер вось нават аплата навучання — наўпрост зараз кваліфікуюцца як крымінальныя);
• страху давяраць іншым;
• страху сутыкацца з міліцыянтамі і іншымі дзяржаўнымі службамі, нават не звязанымі з аховай правапарадку;
• страху «патрапіць на радар», хоць неяк прыцягнуць увагу;
• страху балбатнуць лішняга;
• страху, што хтосьці балбатне лішняга;
• страху — не забываймася, што беларусы знаходзяцца па розныя бакі барыкад і выбіраюць розныя стратэгіі паводзінаў, — што аднойчы давядзецца адказваць за выкананне злачынных загадаў, супрацоўніцтва, лаяльнасць, непроцідзеянне;
• страху, што адпомсцяць;
• страху, што здадуць свае ж;
• страху агалошвання таго, што чыніцца ў цішыні;
• страху парушыць гэтую цішыню;
• страху несці любую адказнасць — і яшчэ сто разоў страху несці адказнасць і за актыўнае судзеянне рэпрэсіям, і за патуранне ім, і за маўчанне, і за пагаджэнне, і за нармалізацыю ненармальнага;
• страху быць чымсьці незадаволеным — не паспець за новай нормай, надта патрабавальнай цяпер нават да прыватнага жыцця;
• нарэшце — страху штосьці адчуваць, бо выпадкова можна адчуць штосьці не тое ці не вытрымаць эмоцый: не, лепш нічога не адчуваць.

У гэтым сёння заключаецца асабістая свабода беларусаў у Беларусі — мы ўсё ж такі яшчэ свабодныя ў сваім штодзённым выбары адчуваць ці не адчуваць страху і як менавіта яго адчуваць ці не адчуваць.

Да таго ж з колькасцю гатункаў страху ў душах беларусаў цяпер добра спаборнічае асартымент каваў у мінскіх кавярнях і алкагольных напояў у крамах — ёсць чым суцішыць страх.

Віна

Мы нічога не адчуваем, а проста аднойчы знаходзім сябе ў бязвінным смолтоку з выпадковым чалавекам на вуліцы, скажам, пра надвор’е ці пра дрэвы, і раптам суразмоўца як выдасць: «Вы думаеце, мяне ўсё задавальняе?!», і абое вы зразумееце, што ён не пра надвор’е і не пра дрэвы. 

І яшчэ разумееце, што яго якраз усё задавальняе — і колькі намаганняў ён прыклаў, каб задавальняла. І як пільнуе ён магчымае асуджэнне свайго страху нават у вашых выпадковых вачах — хаця вы ж пра дрэвы. І пакрысе вы абое вучыцеся разумець, як менавіта размова пра дрэвы становіцца злачынствам, бо ў ёй заключана маўчанне пра зверствы.

Вось і яшчэ адно пачуццё, якога мы не адчуваем і адчуваем, — віна. Лічыце гатункі: 

• віна за маўчанне, за прыстасавальніцтва, за неасуджэнне;
• за напад на Украіну, за саўдзел у вайне і тэроры, за несупраціў;
• за добрае жыццё, за высілкі насустрач добраму жыццю ў нядобрых акалічнасцях;
• за тое, што перасталі камунікаваць з «небяспечным» сябрам, знаёмым, родным;
• віна за сваю ўразлівасць;
• за тое, што прыняў бок гвалту;
• за абвінавачванне тых, хто стаў ахвярай тэрору;
• а яшчэ вельмі спецыфічная віна ахвяр рэпрэсій перад тымі, хто пазбег пераследу, і сустрэчная віна апошніх перад першымі (доўга тлумачыць, проста паверце);
• віна тых, хто быў пакараны, перад блізкімі, якія іх падтрымліваюць і нясуць цяжар перадач у калонію, напрыклад, ці перад сябрамі, якіх праз іх статус цягаюць на допыты;
• віна тых, у чыіх тэлефонах, напрыклад, знайшлі фотаздымкі іншых людзей і асудзілі іх;
• віна тых, хто пайшоў на супрацоўніцтва, перад тымі, хто стаў яго ахвярай;
• віна за тое, што перагарнулі старонку;
• за тое, што працягваеш нагадваць тым, хто старонку перагарнуў, пра тое, што гвалт працягваецца;
• віна за ўласную нязручнасць у зносінах;
• віна за... ды за што толькі не.

Беларусенька стала прасторай татальнай віны, і часцяком людзі камунікуюць адно з адным з пазіцый унутранага пракурора з унутраным абвінавачаным іншага чалавека.

Так-так, перманентны судовы працэс ушыўся ў культуру не толькі дэвальвацыяй юрыдычных нормаў, закону як такога, даразбурэннем канцэпцыі справядлівасці, але і вось гэтай побытавай звычкай да ўсяго пакрысе ставіцца праз абвінавачанне і апраўданне.

Мы гэтага напраўду не заўважаем, але гэта зусім не значыць, што не адчуваем.

Сорам

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Нарэшце: сорам. Магутны і непрадказальны, ён прасякае ўсіх і ўсё, таму няма патрэбы яго адмыслова адчуваць. 

• Сорам за перагорнутую старонку;
• за ўласнае бяссілле;
• за няздольнасць вызваліць палітвязняў і спыніць гвалт;
• за напад на Украіну, за саўдзел у вайне;
• за задаволенасць заробкам, падрослым на выкананні замоўчаных ваенных замоў, і гэтак далей, і гэтак далей. 

Але з сорамам прасцей — мы даўно навучыліся суцішваць яго звычайным «Усе так жывуць», бо напраўду: так жывуць усе.

Дарэчы, дагэтуль сустракаецца рэдкі гатунак сораму — за тое, што так жывуць усе, але людзі, якія прынцыпова выбралі адчуваць гэты сорам, напаткаюць не адабрэнне, не павагу, не захапленне адвагай, а злосць на іхні белы палітон. У краіне, паяднанай гвалтам мацней, чым салідарнасцю, лепш не быць па-за гвалтам.

Злосць

Дык вось, пра злосць. О, колькі ў нас злосці! Сапраўднай раз’юшанасці яшчэ на гвалт 2020-га, якая сперла нам горла так, што дагэтуль не можам слова сказаць. 

Злосці на гвалтаўнікоў і іх усё больш нахабную беспараканасць, і на тое, што гвалт цягнецца і канца яму няма і не будзе, бо ён даўно стаў новай нормай і ўсе з ёю пагадзіліся, а хто не пагадзіўся, таго прымусова пагадзілі. 

Злосці на з’ехалых, якія казалі, што з’язджаюць, каб працягваць барацьбу, і пакрысе паклеілі шпалеры ў варшаўскіх кватэрах, а цяпер кажуць, трэба проста жыць далей, а то і «вяртацца да нармальнасці». 

На тое, што Новая Беларусь зноў апынулася Польшчай і захрасла ў міжсабойчыках і скандальчыках, а нам ад яе перапалі — «нам вельмі шкада, прыносім свае выбачэнні» — толькі тэрміны па справе Гаюна.

Злосці на сябе за тое, што працягваем жыць, бы нічога не адбываецца і таксама паклеілі шпалеры, каб «вярнуцца да нармальнасці» (гэта нават не метафара: паспрабуй зараз знайдзі беларуса, які не робіць малы ці вялікі рамонт, бо трэба ж чымсь заняць галаву і рукі і хоць у чымсьці мець плён). 

Злосці на тых, хто абслугоўвае машыну гвалту, і на тых, хто жыве сваё найлепшае жыццё, бы нічога ніякага. 

Злосці на згублены час і на тое, што некалькі пакаленняў закатваюцца ў асфальт дзеля таго, каб гвалтаўнікі ніколі не адказалі за злачынствы. 

Злосці на татальную несправядлівасць

Злосці на ўласнае бяссілле

Злосці на расіян, якія панахаелі і з захапленнем кажуць пра свабодную камфортную Беларусь. 

Злосці невытлумачальнай, касмаганічнай, усюдыіснай, трыадзінай, неадольнай, невымаўляльнай злосці бяспраўя

Часам здаецца, нас неўзабаве разапрэ ад гэтай злосці, але не: на дапамогу прыходзіць старэнькае савецкае хамства, і зноў нічога не адбываецца, акрамя выбуховых спрэчак у чэргах, агульнай напружанасці, згушчанага маўчання, раптам перарванага недарэчнымі: «Вы думаеце, мяне ўсё задавальняе?!».

Адчай

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Невыносная трываласць, непахіснасць такой вычварнай эмацыйнай рэчаіснасці абрыньвае нас у складаны мікс «ашчушчэній», які больш за ўсё нагадвае адчай, прасякнуты, як усялякі адчай, экзальтацыяй надзеі і пафасам змірэння. 

Гэта працяглае, зменлівае і цяжкое адчуванне, што: 

1) так цяпер будзе заўсёды;
2) любыя намаганні, жаданні, пачынанні марныя;
3) так і было заўсёды;
4) магло быць і горш;
5) нічога асаблівага і не адбываецца;
6) будучыні няма;
7) будучыні ніколі і не было;
8) гэта са мной штосьці не так;
9) неўзабаве ўсё скончыцца;
10) так цяпер будзе заўсёды — і па новай.

Фрустрацыя і боль

На самым тле гэтага вэрхалу эмоцый і пазбяганняў ляжаць два камяні — фрустрацыя і боль. Але так глыбока мы не занырваем, бо няма патрэбы, пакуль асартымент каваў у мінскіх кавярнях не саступае колькасці гатункаў нашага страху. Пасля проста скажам, што мы нічога не ведалі, а вось калі б ведалі — тады б мы ого-го што.

Практычнае заданне

Напрыканцы вось вам невялічкае практыкаванне: паспрабуйце вызначыць, што менавіта адчувае і чаго не жадае адчуваць сярэдні беларус у Беларусі, калі гаворыць:

«Войны і рэпрэсіі былі заўсёды, пачытайце гісторыю»;
«Мы людзі маленькія, пры чым тут мы»;
«Дык а раней што, інакш было? Усе трыццаць гадоў так»;
«Я нічога не парушаў, чаго мне баяцца»;
«У Расіі яшчэ горш, там інтэрнэт блакуюць»;
«Ды не будзе вайны, нікому гэта не выгадна»;
«У нас на працы ўсё нармальна, намесніку па бяспецы ўсё растлумачылі як след»;
«Ну зараз ужо не грабуць пенсіянераў»;
«Дык ён жа падаткі не плаціў, таму і ўзялі»;
«Рэпрэсіі сцішыліся, вун за Гаюна «хатнюю хімію» даюць, а два гады таму пасадзілі б на дзясятку»;
«Гэбэшнік на мяжы знайшоў у мяне старую фотку, але зрабіў выгляд, што не заўважыў, харошы мужык»;
«Нават у губазіку ёсць добрыя людзі, не трэба абагульняць»;
«Рэпрэсіі — гэта плата за мірнае жыццё».

А цяпер здагадайцеся, якія пачуцці адчувала аўтарка і якіх пазбягала, калі пісала гэтую калонку.

Ну і нарэшце — выдыхайце. Выдыхайце-выдыхайце, што нам яшчэ застаецца.

Яніна Гаспадыня, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org