«Расейцы чакалі дэмаралізацыі і панікі — атрымалі сцэмэнтаваную нацыю, гатовую да барацьбы». Лявон Вольскі пра вайну ва Украіне

Лявон Вольскі разважае пра ўдар расейцаў па Кіева-Пячэрскай лаўры і прыводзіць паралелі з беларускай і сусветнай гісторыі.

Liavon Voĺski

Вы абураецеся: як гэта можна — прыцэльна нішчыць Кіева-Пячэрскую лаўру? Гэта ж агульнахрысьціянская (ня кажучы ўжо пра праваслаўе) сьвятыня! Як можа нацыя, якая пазыцыянуе сябе як апірышча праваслаўя на плянэце, бамбіць сымбаль гэтага самага праваслаўя?!

Не такое ўжо і праваслаўе. Прынамсі, для расейцаў. Для іх праваслаўе ў сьвеце адно — РПЦ. Іншыя праваслаўі — няправільныя. Тое, што Украіна абрала аўтакефальны шлях, для расейскае ўлады — як чырвоная ануча для быка. Вярнуць назад ва ўлоньне адзінае правільнае расейскае царквы! Калі немагчыма вярнуць — зьнішчыць (дык не даставайся ж ты нікому)!

Адвечныя маскоўскія традыцыі

Дый традыцыі, адвечныя маскоўскія традыцыі, як іх не прытрымлівацца? Калі войска Івана Жахлівага захапіла Полацак, хіба яно не кранула праваслаўныя храмы? Разрабавала нароўні з сынагогамі і касьцёламі! Вынесла ўсю бібліятэку Сафійскага сабору — летапісы, дакумэнты полацкай гісторыі, культурныя каштоўнасьці... Гэта ўсё вельмі добра прадалося, таму — прабачце! — нічога асабістага!

Тактыка выпаленае зямлі

Падчас Паўночнае вайны Пётр І выкарыстоўваў той жа Сафійскі сабор у якасьці парахавога арсэналу. І — цікава! — ці ёсьць у беларускіх падручніках па гісторыі інфармацыя пра забойства (уласнаручнае!) Пятром і ягонымі памагатымі некалькіх манахаў у полацкай Сафіі? А яно было, гэтае забойства, маюцца неабвержныя гістарычныя дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць. Зрэшты, на той час манахі былі ўжо ўніятамі, а ўніяты ў вачах расейскага цара — зусім ніякія не праваслаўныя, таму іх можна сьмела забіваць.

І — «вішанька на торце» — перад адыходам з Полацку расейскія жаўнеры ўзарвалі Сафійскі сабор. Нічога асабістага — проста тактыка выпаленае зямлі — пакінуць ворагу адно руіны і попел.

Прыклад Брытаніі ў Другой сусьветнай

Зьменім дыслякацыю. Напачатку Другой сусьветнай вайны Гітлер разьлічваў авалодаць Брытаніяй. Так сама лёгка, як гэта было з Францыяй, Нарвэгіяй і іншымі эўрапейскімі краінамі. Тагачаснае нямецкае кіраўніцтва лічыла брытанцаў адзінакрэўнымі братамі, якія папросту заблукалі, на чарговым пакручастым павароце гісторыі збочылі не на тую, што трэба, сьцяжыну. Зайшлі ня ў тыя дзьверы. Абралі няслушны шлях. І, маўляў, трэба іх вярнуць у спрадвечнае германскае рэчышча. 

Але брытанцы катэгарычна адмаўляліся вяртацца. Як кажуць сілавікі, «у грубай форме». Калі фашыстоўскае камандаваньне зразумела, што магутнасьцяў для наземнае апэрацыі катастрафічна бракуе (была рызыка паразы ў вайне, калі б плянаваныя 150 000 жаўнераў вэрмахту захрасьлі б на выспах), дык абрала простую і, як ім падавалася, эфэктыўную тактыку — дывановыя бамбаваньні брытанскіх гарадоў — без разбору, па жылых масывах, шпіталях, школах, касьцёлах і крамах. Нічога асабістага, проста была пастаўленая задача — паніка сярод насельніцтва, дэматывацыя, дэмаралізацыя і катастрафічнае падзеньне ўзроўню брытанскага патрыятызму. 

Але нічога з гэтага ня спраўдзілася. Наадварот. Узровень патрыятызму падняўся, нацыя сцэмэнтавалася ў барацьбе супраць лютага ворага, які дэманстратыўна грэбуе правіламі вядзеньня вайны. Брытанія выйграла бітву ў небе, Нямеччына не атрымала жаданае авіяцыйнае перавагі і страціла блізу 2700 баявых самалётаў. 

Хіба маглі нахабныя і звышупэўненыя ў сабе фашыстоўскія начальнікі, калі аддавалі загады пра бамбаваньні, прадбачыць — у што ператворацца іхныя прыгожыя, дагледжаныя й чыстыя нямецкія гарады пасьля налётаў саюзнае авіяцыі? Хіба чакалі яны «сымэтрычнага адказу»? Ясна, што не. Ніхто зь іх ня думаў, што вайна з чужых тэрыторыяў прыйдзе наўпрост да іх, у іхныя гарады, у іхныя родныя дамы, выб’е шыбы, заб’е сваякоў, паруйнуе гістарычныя каштоўнасьці... 

Тыя, хто запускаюць ракеты па Кіева-Пячэрскай лаўры, таксама ня думаюць, што гэты запуск ім неяк адгукнецца. Ну, атрымалі загад, ну, выконваюць яго, нічога асабістага...

Maliunak Liavona VoĺskahaМалюнак Лявона Вольскага

Іван Жахлівы і захоп Полацку

«Нічога асабістага», — мог падумаць і Іван Жахлівы, калі падпісваў акт капітуляцыі Полацку, дзе абяцаў, што горад і ягоныя жыхары ня будуць кранутыя маскоўскім войскам. І адразу пасьля падпісаньня аддаў загад паліць, забіваць і рабаваць. Ну, а як па-іншаму? Жаўнеры ж неяк мусяць наталіць сваю прагу і хцівасьць!

Між тым Полацак быў вернуты ў склад Вялікага Княства празь пятнаццаць гадоў пасьля маскоўскага захопу. Войскі караля і вялікага князя Баторыя стаялі аж пад Псковам, і Іван Жахлівы быў вымушаны адмовіцца ад прэтэнзіяў на Полацак ды Лівонію. 

Цар Пётр пакутаваў на хранічнае запаленьне мачавога пухіра і ныркавую недастатковасьць. Ад гэтае непрыгожае хваробы і памёр.

Замест хаосу і дэмаралізацыі — сцэмэнтаваная нацыя

Расейскія лідары лічылі, што ўкраінцы — іхныя адзінакрэўныя браты, папросту гэтыя браты пайшлі ня той дарогаю. Памыліліся на гістарычных ростанях. І таму іх трэба вярнуць на слушны расейскі шлях.

Калі ж у Маскве зразумелі, што Кіеў за тры дні ўзяць ня ўдасца, дык вырашылі масава бамбаваць цывільныя ўкраінскія аб’екты — школы, радзільні, інтэрнаты, цэрквы, жылыя масівы...

Чакалі хаосу, дэмаралізацыі, панікі. Атрымалі сцэмэнтаваную нацыю, гатовую да барацьбы зь лютым ворагам.

Пакуль што выбухоўваюць адно вайсковыя заводы і нафтавыя прадпрыемствы. Па ўсёй тэрыторыі Расеі. 

Пакуль што.

І, калі што якое, дык нічога асабістага! Праўда ж?

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org