
Падчас канцэрта бард выканае песні свайго дзяцінства і пазнаёміць наведнікаў з апавяданнямі другой, яшчэ недапісанай кнігі.
2 красавіка ў Доме культуры МАЗ адбудзецца канцэрт-прэзентацыя першай кнігі беларускага барда і актора Віктара Шалкевіча. Па словах аўтара, дэбютная кніга, якая выйшла яшчэ 20 сакавіка і атрымала назву “Requiem па непатрэбных рэчах”, прысвечаная таму, што ўплывала і фармавала Віктара яшчэ ў дзяцінстве.
Віктар Шалкевіч: “У кожнага чалавека ляжаць рэчы, якія практычна ўжо непатрэбныя: які-небудзь хрэстаматыйны мядзведзік з адным вокам, які-небудзь кінескоп ці фільмаскоп – рэчы, якія трымаць цяжка, а выкінуць шкада. Проста чалавек на іх глядзіць і згадвае сваю маладосць. Вось пра такія рэчы, якія фактычна паўздзейнічалі на мяне,
сфармавалі мяне, і пойдзе гаворка ў кніжцы”.
Падчас выступу ў ДК МАЗ Віктар паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб стварыць атмасферу тых часоў, калі ён быў маленькім. Дзеля гэтага нават была прыдуманая асобная назва для канцэрту-прэзентацыі і падабраны адпаведны рэпертуар.
Віктар Шалкевіч: “Канцэрт называецца “Песні, пачутыя з “Урала-57”. “Урал-57″ – гэта такая радыёла. Канцэрт будзе складацца з песняў, якія я чуў у дзяцінстве і запомніў на ўсё жыццё. Будуць песні польскія, будуць песні расійскія, будзе і трошкі маіх, бо ўсе ж пакрыўдзяцца, скажуць, што ў Шалкевіча ўжо пяро не стаіць. Ну, мы паспрабуем перадаць атмасферу 60-70-х гадоў, у якія я рос”.
Акампаніяваць Шалкевічу будуць запрошаныя піяніст, гітарыст ды акардэаніст. Што ж да звыклых нечаканасцяў падчас канцэртаў Віктара Шалкевіча, то гэтым разам яны таксама будуць літаратурнымі.
Віктар Шалкевіч: “Я нядаўна быў у Швецыі, на Готландзе ў Вісбю, дзе пісаў новую кнігу, якая называецца “Мястэчка Г”, гэта такое мястэчка, дзе я жыву цяпер. Я паспрабую прачытаць некалькі апавяданняў з новай
кніжкі. Не думайце, у мяне няма такой шызы, што я раптам стаў літаратарам. Я ж пачынаў як малады беларускі літаратар. Калісьці ў часопісе “Маладосць” я атрымаў прэмію за найлепшы дэбют, у 86-м ці 87-м
годзе гэта было. Так што я вярнуўся да таго, з чаго пачынаў”.
Канцэрт пройдзе пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Квіткі на выступ беларускага барда ды актора Віктара Шалкевіча каштуюць ад 15 да 30 тысяч рублёў. Усім у падарунак складанка беларускіх бардаў!
2 красавіка (субота) ДК МАЗ (ст.м. Аўтазаводская)
Вялікі канцэрт барда і актора Віктара Шалкевіча.
Пачатак 19.00.
Квіткі ад 15 000 да 30 000.
Пункты продажу квіткоў: каса ДК МАЗ, ДК МТЗ, пераходы Я.Коласа, ГУМ і інш.