25 год таму адбыўся рэферэндум аб змене Канстытуцыі

24 лістапада 1996 г. у Беларусі адбыўся другі ў гісторыі незалежнай краіны рэферэндум. 4 пытанні, якія выставілі на рэферэндуме, былі ініцыяваныя прэзідэнтам Лукашэнкам, яшчэ 3 — беларускім парламентам. Па афіцыйных выніках рэферэндуму падтрымалі дзве прапановы прэзідэнта, прапановы парламента не былі падтрыманыя.


image01-4.png
Фота: investments.academic.ru

У 1996 годзе ў Беларусі абвастрыліся супярэчнасці паміж прэзідэнтам і парламентам, краіна ўступіла ў паласу палітычнага крызісу. У жніўні 1996 года прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці рэферэндум па ўнясенні ў Канстытуцыю змяненняў і дапаўненняў, якія істотна пашыраюць правы прэзідэнта і ператвараюць рэспубліку з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую, а таксама па шэрагу іншых пытанняў, якія мелі вялікі грамадскі рэзананс.

Вярхоўны Савет прызначыў правядзенне рэферэндуму на 24 лістапада 1996 года і таксама вынес пытанне аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю, якія ператвараюць рэспубліку ў чыста парламенцкую, іначай кажучы прапанавалі скасаванне пасады прэзідэнта і шэраг іншых пытанняў.

Пытанні, ініцыяваныя прэзідэнтам датычыліся пераносу Дня Незалежнасці на 3 ліпеня — гэта Дзень вызвалення горада Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. Разглядалася пытанне аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Быў пункт аб увядзенні свабоднай, без абмежаванняў куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Выставілі на галасаванне пытанне аб адмене смяротнага пакарання.

Вярхоўны Савет прапаноўваў унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, былі прапановы аб выбарнасці кіраўнікоў адміністрацый рэгіёнаў і аб фінансаванні ўсіх галін улады адкрыта і толькі з бюджэту.

1.png
Пікет супраць рэферэндуму, 16 лістапада 1996. Фота: 90s.by

Па выніках рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь асноўных дзяржаўных асоб прызначае прэзідэнт, працэдура імпічменту была ўскладненая, а працэдура роспуску парламента — наадварот, спрошчаная. Таксама прэзідэнт атрымаў права на выданне дэкрэтаў і ўказаў, якія перавышаюць па сваёй юрыдычнай сіле закон. Ад пасады прэзідэнт вызваляўся ўжо не проста за «здзяйсненне злачынства», а за здзяйсненне «цяжкага злачынства». Да таго ж тэрмін праўлення прэзідэнта пачынаў новы адлік, а гэта азначае, што кіраўнік дзяржавы атрымаў два дадатковыя гады быць на сваёй пасадзе.

Па меркаванні апанентаў улады і міжнароднай супольнасці, рэферэндум быў праведзены з істотнымі парушэннямі заканадаўства. Яго вынікі не былі прызнаныя многімі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы АБСЕ і Савет Еўропы.

АМ, budzma.org