26 лістапада ў Вераскоўскай школе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылася імпрэза, прысвечаная памяці вядомага філосафа, гісторыка культуры, літаратурнага крытыка, даследчыка беларускай эстэтычнай думкі Уладзіміра Конана, які нарадзіўся побач, у вёсцы Плянты, Наваградскі раён, і скончыў Вераскавую сярэднюю школу.
Аб укладзе Уладзіміра Конана ў беларускую навуку распавёў вядомы культуролаг, літаратурны крытык, прафесар Універсітэта культуры і мастацтваў Аляксей Рагуля, які нарадзіўся таксама ў гэтых мясцінах, у в. Сенна. Сваімі ўспамінамі аб Уладзіміры Конане падзяліўся бард, паэт, перакладчык Аляксей Жбанаў, які натхнёна разам з дзецьмі і настаўнікамі спяваў песні філаматаў і філарэтаў. І невыпадкова, бо ў гэтых мясцінах менавіта філаматы і філарэты сустракаліся і працавалі. Філамат Малеўскі адкрыў за свае ўласныя грошы ланкастэрскую школу для сялян. Хрыптовіч працягнуў традыцыю і адкрыў вядомую ўсім бібліятэку.
Дзеці і настаўнікі натхнёна спявалі разам з Аляксеем. Самыя актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі падарункі. Настаўнікі і бібліятэкары падзяліліся ўспамінамі аб Уладзіміры Конане.
Уладзімір Конан стаў вядомым вучоным і тым самым працягнуй традыцыю лепшых людзей гэтых беларускіх мясцін, чый лозунг быў “Айчына. Навука. Сумленне”.