«Па гэтым інтэрнэт-шторме бачна, што старонка не перагарнутая». Лявон Вольскі пра прэс-канфэрэнцыю Сяргея Ціханоўскага

Лявон Вольскі піша пра вызваленьне Сяргея Ціханоўскага і рэакцыю людзей на ягоную прэс-канфэрэнцыю. Што за гэтым стаіць? Якія мэты перасьледуюць улады? Разважае Лявон Вольскі.

Liavon Voĺski Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва

Пра што гаворыць інтэрнэт-шторм

Усе абмяркоўваюць прэс-канфэрэнцыю Сяргея Ціханоўскага. Чалавек пяць гадоў быў у палоне, вызваліўся і на другі дзень пасьля вызваленьня сустрэўся з прадстаўнікамі прэсы. 

Усе абмяркоўваюць гэты выступ і, як заўсёды, сярод беларусаў няма адзінства. Адным не падабаецца, што Ціханоўскі часам зрываўся на плач, паддаваўся эмоцыям, маўляў, трэба было перачакаць, асэнсаваць усё, прызвычаіцца да навакольнае рэчаіснасьці, а тады ўжо правесьці ўзважаную прэс-акцыю. А то што гэта? Паказвае сваю слабасьць. Так нельга.

Іншым не падабаецца, што выпусьцілі менавіта Сяргея. Маўляў, столькі годных людзей у палоне — чаму менавіта ён?

Нехта не прымае тое, што сытуацыя зноў, як і шмат разоў раней, вярнулася да гандлю палітычнымі вязьнямі — маўляў, «мы выпускаем кагосьці, а за гэта вы здымаеце санкцыі і гарантуеце, што ў выпадку паразы Расеі нас ня будуць судзіць разам з расейскім кіраўніцтвам». «Не, — кажуць гэтыя людзі. — З бандай нельга было йсьці ні на якія перамовы!»

cichanouskija.jpgСяргей і Святлана Ціханоўскія падчас прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня 2025 года. Фота: Наша Ніва

Ёсьць і тыя, хто, наадварот, ухваляе пачатак дыялёгу, разважаючы так: «Жыцьці людзей — найважнейшая рэч, трэба вызваляць усіх з палону, але прычым тут Офіс? Гэтыя лайдакі наогул нічога не рабілі для вызваленьня вязьняў, усё адбылося дзякуючы адміністрацыі Злучаных Штатаў, а цяпер яны прыўласьніваюць чужыя дасягненьні!»

І так шмат розных — рознакаляровых, рознаэмацыйных, часта ўзаемавыключальных, меркаваньняў.

Гэта, перш за ўсё, гаворыць пра тое, што людзі ўзрушаныя. Узрушаныя, занепакоеныя, растрывожаныя...

Натуральна, што ёсьць праслойка, прадстаўнікі якой скажуць: «Ай, выпусьцілі і выпусьцілі, якая мне да ўсяго гэтага справа, мне трэба ехаць на лецішча». Але гэткія людзі заўсёды былі. Былі і будуць, і іхная асаблівасьць — ніколі нікуды ня лезьці і нічога не вырашаць. Таму гаворка не пра іх, а пра тых, хто спрачаецца, даказвае, аргумэнтуе. 

Па гэтым інтэрнэт-шторме бачна, што старонка не перагарнутая, тэма не састыла, жарсьці не ўлягліся. Хаця й мінула ажно пяць гадоў!

За кожным хамскім камэнтаром — трывожнасьць

Ня буду надоўга спыняцца, проста адной рыскай адзначу расейскіх ботаў і ўсялякіх праімпэрскіх камэнтатараў. Яны, з аднаго боку, звыкла ўхваляюць дзеяньні гаспадарніка-палітыка, якога чамусьці называюць «бацькам» (хаця, які ён ім «бацька», у іх мусіць быць іншы «отец родной», зьбіральнік земляў рускіх), маўляў, адпусьцілі гэтага «змагара» — і правільна, ён ужо нічога ня можа, ні на што не ўплывае, неадэкватны, хай скажа «дзякуй» за тое, што скінуў лішнюю вагу (так, для гэтае катэгорыі камэнтатараў хамства — звычайная рэч).

Зь іншага боку, за кожным хамскім камэнтаром адчуваецца трывожнасьць і насьцярожанасьць: як гэта — дамовіліся са Штатамі і выпусьцілі? А мы? А як жа ж вялікая Расея? Нас што, зноў не бяруць у разьлік?

«Я ўбачыў не зламанага вязьніцай чалавека»

Так, Ціханоўскі выступіў эмацыйна. Дзіва што! Шмат гадоў інкамунікада, адзіночная камэра, ніякіх зносінаў з нармальнымі людзьмі, адно — са служкамі рэжыму. 

Siarhiej Cichanoŭski
Сяргей Ціханоўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні, 22 чэрвеня 2025. Фота: Радыё Свабода

Скрозь эмацыйны накал праглядала харызма, і я ўбачыў таленавітага, імпэтнага, пабітага, але не зламанага вязьніцай чалавека, які зьбіраецца працягваць барадзьбу. Паглядзім, як там складзецца, але будзем спадзявацца на лепшае.

Натуральна, што Сяргея ўлады абралі, каб нэйтралізаваць ягоную жонку. Нехта «разумны» нашаптаў нязьменнаму лідэру, кшталту, адпусьцім, прыедзе ў Вільню, людзі ў зьняволеньні зьмяняюцца, а тут немалы тэрмін — цэлыя пяць гадоў, пачнуць сварыцца, пачне лезьці ў як-неяк адладжаную працу структуры — тут усё й пасыплецца!

Куды весьці краіну

Улада РБ гуляе брудна. Бо ейны лідэр лічыць палітыку «брудная справай», а пры «абцяпваньні брудных справаў» усе сродкі добрыя. Любыя. Шантаж, хлусьня, падман, забойства, у рэшце рэшт. Галоўнае — дасягнуць сваёй мэты. А якая мэта?
Ня так даўно лідэр прызнаўся, што не адчувае «нацыянальнай ідэі». Не разумее, што гэта. То бок, у гэтай улады няма разуменьня, куды весьці краіну. Бо як і куды ты павядзеш, калі не адчуваеш тое галоўнае, асноўнае, што мусіш адчуваць, калі ты на чале? Адсюль і зьмены курсу, розныя кампаніі — лібэралізацыя-дэмакратызацыя, зацісканьне гаек, адліга, замарозка... Бо няма разуменьня, куды і навошта мы ідзем. Адна краіна змагаецца за вяртаньне сабе былое велічы, другая вядзе вайну, каб наноў захапіць страчаныя землі, трэцяя гераічна абараняецца і будуе нацыянальную дзяржаву без савецкіх атавізмаў. А РБ плавае ў палонцы, то да аднаго берага бліжэй падыдзе, то да другога. То неяк пасярэдзіне ўладкуецца. Потым зноў зносіць ветрам да нейкага краю...

Куды ідзем? У Эўропу? Не! Там «непарадачныя бесхрыбетныя палітыкі», бардак, геі, эмігранты. Чуждыя каштоўнасьці. 

У СССР? Быццам бы, так. Бо для РБшнага кіраўніцтва гэтая схема — адзіная, знаёмая зь дзяцінства. Калгасы-саўгасы, заводы-фабрыкі, дэмакратычны цэнтралізм, жорсткая герархія, піянэры-камсамольцы, усе працуюць (ужо ж недалёка да ўвядзеньня агульнае працоўнае павіннасьці, так?), усе, нібыта ўсім задаволеныя (паспрабуй запярэчыць!)...

Сінія пальцы

Maliunak Liavona Voĺskaha
Малюнак Лявона Вольскага

Але не складаецца. Калі Савецкі саюз і калгасы — дык «абасраныя» каровы, брудны, прамасьлены мехдвор, п’яныя трактарысты і ўздыблены асфальт. І толькі так. Па-іншаму ня будзе. Але кіраўніцтву не падабаюцца брудныя каровы і, тым болей, п’яныя трактарысты. Гэта не сумяшчаецца, не складаецца, не вымалёўваецца. Бо, як той казаў, нельга сумясьціць несумяшчальнае. 

Ня склалася з нацыянальнай ідэяй. Ня вымаляваўся жаданы вынік шматгадовага цярністага шляху. Спрабавалі калісьці забрэндзіць «сільную і працьвятаюшчую РБ, гасударства для народа», «хрустальны сасуд», які патрабуе ашчаднага захаваньня, «па 500», у рэшце рэшт. Але ўсё гэта ня вытрымала выпрабаваньня часу, абсыпалася, як старая скура, як шалупіньне. 

І засталася адна, празаічная, прыземленая, але абсалютна зразумелая мэта — захаваць уладу. І болей ніякіх мэтаў няма. А паколькі палітыка — брудная справа, дык у дасягненьні гэтае мэты ўсе сродкі добрыя. Хай сабе й сінія пальцы.

Лявон Вольскі, Budzma.org