Нават у Эйдэльман ёсць курс гісторыі Беларусі... а ў беларусаў?

У школах Беларусі і Расіі хутка можа з’явіцца падручнік па гісторыі «Саюзнай дзяржавы». Такую навіну мімаходзь падкінуў журналістам міністр асветы РФ Краўцоў, а раней пра тое казаў расійскі пасол Грызлоў. Здаецца, што нам з таго падручніка?.. А вось што.

Alieś Kirkievič Алесь Кіркевіч

Вось думаеш: навошта ім той падручнік, калі ёсць сотні іншых каналаў прапаганды? Калі падручнікі абедзвюх краін і без таго вылізаныя на прадмет «векавечнага братэрства славянскіх народаў»? Калі любая альтэрнатыўная гісторыя і без таго — «экстрэмізм»? Нашто?..

«Сталінская біблія» 

«Stalinskaja biblija»

У 1938 годзе, на піку сталінскага тэрору, з’явіўся падручнік у тканінавай вокладцы — «Краткий курс истории ВКП(Б)». Да яго стварэння прыклаўся асабіста Сталін. Кніга вытрымала безліч перавыданняў, яе завучвалі на памяць. Калі вам трапіцца арыгінальны экзэмпляр 38-га ці 46-га года, то вокладка будзе замуляная. Усярэдзіне — процьма падкрэсліванняў і рэмарак. Яе цытавалі і гісторыкі, і фізікі, і вайскоўцы... Бо гэта — «сталінская біблія». 

Як з’явіўся «Кароткі курс»? Сталіну падалося, што партыйныя кадры недастаткова падкаваныя ідэалагічна. Старыя кадры паляцелі ў печку, а новым было дадзена Святое Пісьмо. Вучыце! Кніга выгадавала цэлае пакаленне, таму нават кіраўнікі гарбачоўскай эпохі — таксама яе дзеці. 

Падручнік — гэта не проста падручнік. Дакладней, не гуманітарны падручнік у нашым сучасным разуменні. Гэта як падручнік алгебры, дзе ўсё прапісана дакладна. Формулы, прыклады — вось так яно працуе. А інакш — не працуе. Пад «яно» разумелася не толькі гісторыя партыі, але і гісторыя Расіі, а шырэй — палітыка ў прынцыпе. 

Пазней пра падручнік складалі анекдоты. Любая артадоксія з часам пераўтвараецца ў жарт. Але, гэта гісторыя не столькі пра «мёртвую літару», колькі пра грунтоўнасць і стратэгію. І ўсе гэтыя Лаўровы з Краўцовымі мысляць (ці мараць?) акурат у гэтых катэгорыях.

Падручнік — не для таго, каб чытаць перад сном. Падручнік для таго, каб увесь далейшы інтэлектуальны прадукт яму не супярэчыў.

«Кароткая гісторыя Беларусі» Ластоўскага — як фігавы лісток 

«Karotkaja historyja Bielarusi» Vaclava Lastoŭskaha

А якія карты ў нас на руках? Гістарычныя карты. Ці ведаеце вы хоць адзін сучасны падручнік беларускай гісторыі, створаны з незалежніцкіх пазіцый? Не асобныя кнігі пра «меры і вагі ў Полацку ў 17 стагоддзі» ці «жыццё і крыж Еўфрасінні», а менавіта — цэльныя канцэптуальныя творы? А можа, вы чулі пра курс беларускай гісторыі па-ангельску? 

Нібы фігавым лістком мы прыкрываемся «Кароткай Гісторыяй Беларусі» Ластоўскага, напісанай больш за 100 год таму. Пазней — працы Ігнатоўскага, Найдзюка, вытворныя ад Ластоўскага. І так да школьных падручнікаў пад рэдакцыяй Міхаіла Біча. А далей — усё. Дзверцы зачыняюцца. 

Кожны піша тое, што яму цікава: пра меры і вагі, пра Еўфрасінню, пра крывіцкія курганы. Ласкутная коўдра замест гісторыі. Ёсць, што пачытаць перад сном. Але каб сабраць разам і асэнсаваць — не. 

Нават у Тамары Эйдэльман ёсць свой курс гісторыі Беларусі. 

А дзе ў беларусаў курс гісторыі Беларусі? Ведаеце — напішыце. Бо інакш, атрымліваецца, што ў нас няма супольнага нацыянальнага бачання свайго мінулага. Няма адказу, што такое Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве. А навошта нам тады Беларусь, калі мы не ведаем — што гэта?

Беларусы — не дараслі да сваёй гісторыі?

Можаце запярэчыць, маўляў, нашто нам той курс гісторыі ў эміграцыі? У нас тут і школаў няма, каб яго вучыць. А ў Беларусі гэта будзе «экстрэмізм», зразумела. Чаго ж тады час губляць?

Добра, пацікаўцеся хто такі Арэст Субтэльны (Орест Субтельний — укр.). Гэта аўтар працы «Україна: Історія» — і пісаў ён яе акурат на эміграцыі. Пасля 1991-га кніга была перавыдадзеная шматтысячнымі тыражамі і стала — «Курсам гісторыі ВКП(б)» — толькі для ўкраінскіх патрыётаў. 

«Ukraїna: Istorija» Aresta Subteĺnaha

Мы можам пасмейвацца з гісторыі «Саюзнай дзяржавы», калі такі падручнік наогул калі-небудзь будзе. Можа і не будзе. А наш беларускі — будзе?.. Гісторыя — гэта палітыка, стратэгія. Цэльная нацыянальная гісторыя — сертыфікат пра тое, што ты дарослы. Вось і думаеш: можа, праўда, не дараслі яшчэ?..


Алесь Кіркевіч, Budzma.org