«Натхняльнік» — друкаванае выданне, якое стала фінальным вынікам міжнароднага праекта Culture Makes. Гэта гібрыд сшытка і зборніка, у якім спалучаюцца «правілы жыцця» экспертаў, цытаты з адкрытых лекцый, тры інтэрв’ю і вольная прастора для разважанняў і асабістых нататак чытача.
Паводле стваральнікаў «Натхняльніка, тэксты, змешчаныя ў выданні, не з’яўляюцца класічнымі артыкуламі — хутчэй гэта цытаты, «правілы жыцця» экспертаў, запазычаныя з іх адкрытых лекцый. Акрамя ўласна культурнага менеджменту, тут прадстаўлены поглядына кіно, літаратуру, выяўленчае і сучаснае мастацтва, гісторыю, а таксама інтэрв’ю.
«Аднак асноўная частка гэтага выдання — гэта вольная прастора для яго ўладальніка, гэта значыць для вас. Пішыце, малюйце, крэсліце, вылучайце важныя цытаты, а калі хочаце — выдзірайце старонкі і стварайце з іх папяровыя самалёцікі!» — заахвочваюць аўтары выдання.
Culture Makes — гэта беларуска-шведская ініцыятыва, прысвечаная адукацыі, супрацоўніцтву і ўмацаванню супольнасці беларускіх арт-менеджараў. Праект стартаваў у траўні 2023 года з шырокага даследавання патрэбаў і выклікаў культурніцкіх менеджараў у Беларусі і дыяспары, а працягнуўся адукацыйнай праграмай з лекцыямі і семінарамі пра сучасныя трэнды, арт-рынак, культурніцкую спадчыну і новыя бізнес-мадэлі.
Да ўдзелу былі запрошаныя эксперты з Беларусі, Швецыі, Польшчы і ЗША, і кожны з іх прыўнёс у праект свой унікальны досвед. Вынікам супрацы стаў «Натхняльнік». Гэта не проста збор натхняльных думак — гэта інструмент, які спалучае веды, досвед і адчуванне культурніцкай супольнасці.
Бясплатна замовіць «Натхняльнік» можна праз гэтую форму.
На ютуб-канале праекта Culture Makes можна паглядзець 10 запісаў лекцый на розныя важныя тэмы: ад штучнага інтэлекту і арт-рынку да фатаграфіі, тэатра, спадчыны і сучаснай літаратуры. Усе відэа на беларускай мове або з перакладам.