Яшчэ два гады таму кінафестываль «Лістапад» справядліва лічыўся галоўнай падзеяй у кінажыцці краіны. На ім можна было праглядзець залпам, бадай, усе важныя прэм’еры з галоўных фестываляў свету, пазнаёміцца з лепшымі працамі незалежных беларускіх аўтараў, сустрэцца і пагаманіць з жывымі кінематаграфістамі пасля паказаў. Уся гэта раскоша знікла год таму, калі беларускія ўлады пад уплывам палітычных рэпрэсій вырашылі «падкруціць гайкі». І Мінкульт хуценька перадаў правядзенне кінападзеі ад прыватных арганізатараў у рукі нацкінастудыі «Беларусьфільм».
А паколькі там людзей з неабходным вопытам і проста жадаючых працаваць апынулася не так шмат, фестываль адразу ператварыўся ў паліттэхналагічны інструмент. З яго дапамогай улады вырашалі свае знешнепалітычныя пытанні, а «Беларусьфільм» бессаромна ўзнагароджваў сам сябе. Таму большасць былых гледачоў і мясцовай кінасупольнасці справядліва махнулі на «Лістапад» рукой.
Тым не менш фестываль застаўся і на ім нешта адбываецца. Зараз пагаворым, што з сябе ўяўляе фестываль у гэтым годзе, пра яго якасць, змест і напрамак яго сумніўнай эвалюцыі.
Дутыя дасягненні
Прарыўным дасягненнем дырэкцыі «Лістапада», які актыўна тыражавалі прадзяржаўныя СМІ, стала вялікая колькасць атрыманых заявак на ўдзел у фэсце — 1360 штук з 89 краін. Гэтую навіну с захапленнем пракаментаваў намеснік прэм’ер-міністра краіны Ігар Петрышэнка.
Вось толькі рэцэпт «рэкорднага» поспеху атрымаўся вельмі простым — «Беларусьфільм» збіраў заяўкі праз найбуйнейшую ў свеце анлайн-платформу FilmFreeway, на якой працуе некалькі тысячаў іншых фэстаў і кінадыстрыб’ютараў. Таму колькасць атрыманых стужак у людзей, якія разумеюць, як працуе фестывальны рынак, захаплення зусім не выклікала.
А вось што сапраўды дзіўна, дык гэта звышпрацавітасць дырэкцыі фестывалю, якая збірала стужкі цягам месяца (з 31 жніўня па 1 кастрычніка) і потым цягам яшчэ аднаго месяца здолела адглядзець 1360 атрыманых фільмаў. Не вельмі зразумела, як гэтую працу, якую замежныя фестывалі робяць за паўгады, можна зрабіць менш як за 30 дзён. Існуе меркаванне, што стужкі на «Лістапад» адбіраліся праз сфарміраваны фільтр: удзел ці перамога ў іншых буйных фестывалях і ацэнка кароткага зместу. Сапраўды, калі кіравацца такім падыходам, глядзець цалкам увесь кантэнт было непатрэбна.
(Не)вялікая геапалітыка
Асноўнай місіяй фестывалю засталося падтрыманне геапалітычных стасункаў з тым невялікім спісам краін, якія яшчэ ўспрымаюць беларускую дзяржаву ў якасці калі не проста добрага суседа, то хаця б эканамічнага партнёра. У мінулым годзе на фоне штучнага мігранцкага крызісу на мяжы з Літвой і Польшчай, а таксама пасадкі самалёта Ryanair у Мінску, іх было ўжо не так многа, а пасля пачатку новай фазы вайны ва Украіне іх шэрагі яшчэ больш парадзелі.
Акцэнт быў зроблены на краінах СНД (Таджыкістане, Узбекістане, Расіі) і Кітаі, для якіх арганізавалі адмысловыя дні нацыянальнага кіно з удзелам прадстаўнікоў пасольстваў і чыноўнікаў Мінкульта. За працэсам нават сачыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які прыйшоў са сваёй жонкай Верай Паляковай (яна ўвайшла ў спіс чальцоў журы) на адкрыццё конкурсу «Лістападзік».
Але па-ранейшаму «цвіком праграмы» фестывалю засталася расійская індустрыя. Так, журы асноўнага конкурсу ігравога кіно ўзначаліўрэжысёр і акцёр Дзімітры Астрахан, які актыўна ездзіў на фестываль у 1990-я і нулявыя гады. На прэс-канференцыі па адкрыцці падзеі ўдзельнічаў у відэафармаце рэжысёр Мікіта Міхалкоў, а галоўнай запрошанай зоркай цырымоніі адкрыцця стала акцёрка Наталля Варлей, Уладзімір Гасцюхін і інш.
Трэба адзначыць, што сярод запрошаных на «Лістапад» расійскіх кінематаграфістаў маладых ці прарыўных на міжнародным узроўні асоб не апынулася. Бачна, што расійскі Мінкульт кантраляваў, каго трэба пускаць на беларускі кінафестываль.
Кансерватызм і прапаганда
Летась «Лістапад» праходзіў пад ідэалагічным дэвізам «Сімфонія адзінства», сёлета яго замянілі на вельмі падобны, але менш пафасны па сутнасці аналаг — «Сапраўдныя каштоўнасці». Як ёмка заўважыў старшыня фестывалю Аляксандр Яфрэмаў, «сёння публіка хоча бачыць герояў, якія пражываюць шчаслівае, добрае жыцце, і чакае, каб кінематограф упэўніў яе ў гэтым».
Таму для праграмы паказаў адбіраліся стужкі з максімальна бесканфліктным зместам: пошукі (часцей за ўсё праваслаўнай) духоўнасці, цяжкасці прыватных адносін, сямейныя драмы. Нічога, што б адлюстроўвала сучасную рэчаіснасць з вайной ва Украіне ці палітычным крызісам у Беларусі, у канчатковы спіс не трапіла.
Пры ўсёй відавочнай сервільнасці, для антызаходняй прапаганды месца ўсё ж знайшлося. Так, фестываль адкрыў паказ сацыяльнага трылера Наталлі Назаравай «Плакаць нельга». У ім у расійскай эмігранткі, што з’ехала ў Нарвегію, з-за пары кухталёў мясцовыя ўлады адбіраюць дзіця. Акрамя еўрапейскай ювенальнай юстыцыі, дырекцыю фестывалю таксама зацікавіла тэма беднасці нямецкіх дзяцей, пра якую распавядае невялічкі мультфільм «Схаваныя героі» («Скрытые герои») Ганны Левінсан.
Не абышлося і без стомленай тэмы вайны. Апроч стужак, прысвечаных Другой сусветнай, месца нечакана знайшлося... для югаслаўскіх канфліктаў з актыўным удзелам Сербіі, кінематаграфістаў якой таксама запрасілі на «Лістапад».
Гэты напрамак раскрываюць дакументальны фільм Сані Драгічэвіча-Бабіча «Прэбілаўцы — там нават у камянёў есць шнары» пра масавае забойства сербаў з боку харвацкіх войск у пачатку 1940-х і 1990-х гадоў, а таксама стужка Слабадана Сімойлавіча «Йені, маленькі праменьчык святла з Захаду» пра аднабокасць медыйнага асвятлення заходнімі СМІ вайны Сербіі з Босніяй і Герцагавінай.
Дасталася на гарэхі і Паўночнаатлантычнаму блоку НАТА. Так, пра бамбардзіроўку Белграда ў 1999 годзе рэфлексуе анімацыйная стужка «Міласэрны анёл» сербскай мастачкі Беціны Срэмкі, а ў пазаконкурснай секцыі за тое адказвае расійска-сербскі баявік «Балканскі рубеж» рэжысёра Андрэя Волгіна пра тое, як расійскія і сербскія войскі ўтрымлівалі аэрадром Косава ад албанскіх і натаўскіх жаўнераў.
Лаяльнасць, калабарацыянізм і цэнзура
Апроч умацавання знешніх стасункаў і ідэалагічнай апрацоўкі гледачоў, сённяшні «Лістапад» паспрабаваў прадэманстраваць, што палітычны крызіс мінуў, «старонка перагорнута» і культурнае жыццё ў Беларусі працягваецца. Але, як і раней, гэты напрамак аказаўся цалкам правалены.
Стужкі ад кінематаграфістаў, якія не працуюць з дзяржавай, зноў не з’явіліся. Менавіта таму конкурс «Кіно маладых» цалкам прыбралі і замест яго дадалі вялікі конкурс анімацыі.
Нават сам «Беларусьфільм» нічога ўцямнага, акрамя анімацыі («263 ночы» Ірыны Тарасавай, «Сон у зімнюю ноч» Алены Пяткевіч, «Класікі і шахматы» Наталлі Касцючэнкі і г. д.), прадставіць не змог. Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе на дзяржстудыі быў дапрацаваны ігравы фільм «Гэта я, Мінск» Змітра Дзядка і Андрэя Грынько, які па незразумелых абставінах у праграму не трапіў.
Таксама была таемна знята з фестывалю і камерцыйнага кінапракату забаўляльная стужка «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» Андрэя Кудзіненкі, аўтара хорару «Масакра» і ваеннай драмы «Акупацыя. Містэрыі». Фільм пра прыгоды алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя і яго ўнучкі ўнутры камп’ютарных гульняў здымаўся ў мінулым годзе на прыватнай студыі «Першая Кінавідэакампанія» за дзяржаўны кошт і быў анансаваны ў конкурсе падлеткавага кіно «Лістападзік», але да экранаў так і не дабраўся. Па неафіцыйнай інфармацыі, яго знялі пасля пісьмовага распараджэння Мінкульта без усялякіх тлумачэнняў.
Асаблівага драматызму дадае той факт, што зараз з Мінкультам і «Беларусьфільмам» супрацоўнічае сам аўтар стужкі, што трапіла пад цэнзуру. Для большасці прадстаўнікоў беларускай кінасупольнасці тое стала неспадзяванай навіной, бо Кудзіненка раней пазіцыянаваў сябе як пазасістэмны, «партызанскі» кінематаграфіст, які калі і працуе з дзяржавай, то толькі на сваіх умовах. Наколькі можна зразумець, зараз ён займаецца адборам заяў ад рэжысёраў-пачаткоўцаў, праекты якіх плануецца стварыць на базе «Беларусьфільма» за дзяржаўны кошт і паказаць на «Лістападзе» ў наступным годзе. Такім немудрагелістым чынам чыноўнікі спрабуюць пераадолець ігнор фестывалю з боку незалежных кінематаграфістаў. Можна не сумнявацца, што ў Кудзіненкі ўсё атрымаецца. Ён валодае вялікім куратарскім досведам супрацы з пачаткоўцамі, якія стваралі свае фільмы для яго ўжо закрытага ютуб-кінапраекта «Хранатопь».
Пытанне толькі, ці атрымаецца ў яго запусціць творчы дзвіж на студыі не на адзін год, а на доўгі тэрмін. «Беларусьфільм» неаднаразова спрабаваў прыцягваць моладзь на студыю, стварыўшы некалькі праектаў-альманахаў — «На сувязі», «Вайна. Застацца чалавекам», «Мы» — але гэтых аўтараў больш на студыі не бачна.
Акрамя Кудзіненкі, праявай непрыкрытага лаялізму стала прызначэнне праграмным дырэктарам анімацыйнай праграмы «Лістападу» штатнага сцэнарыста «Беларусьфільма» Канстанціна Андрушэчкіна. Менавіта ён год таму актыўна выступаў у абарону свайго працадаўцы ў фэйсбучным пасце, які потым перадрукавалі на сайце студыі. Як бачна, яго ўчынак не пакінулі без узнагароды.
***
Як бачна, новыя арганізатары працягваюць пазіцыянаваць «Лістапад» як уплывовую культурніцкую падзею для краіны і яе бліжэйшых суседзяў. Тым не менш усё больш відавочна, што кінафестывалю няма чаго цікавага прапанаваць ні гледачам, ні беларускім кінематаграфістам. Ён усё больш нагадвае палітычную пляцоўку, на якой першую скрыпку грае расійскае (камерцыйнае і ідэалагічнае) кіно нават не першага, а другога эшалона.
Прыкладна так фестываль і выглядаў у 1990-я і нулявыя гады, працэсы зноў пайшлі па старым коле. Пакуль цяжка прадбачыць, што «Лістапад» чакае ў бліжэйшай будучыні, але перспектывы збольшага выглядаюць змрочна.
Чытайце яшчэ:
Рэжысёр Зміцер Дзядок: «Якога чорта кіно павінна абслугоўваць палітычныя ці сацыяльныя інтарэсы?»