Працэс стварэння брэнду ў Беларусі – працэс няпросты, а часам і балючы. А як Аб’яднанае Каралеўства падтрымлівае моц “брытанскага брэнда”? У чым сакрэт? Як урад Вялікабрытаніі садзейнічае развіццю крэатыўных індустрый і вядзе барацьбу за ўзмацненне міжнародных законаў аб інтэлектуальнай уласнасці? Пра ўсё гэта чытайце новы пост Амбасадара Яе Вялікасці Бруса Бакнэла.
Як амбасадар Вялікабрытаніі я ў значнай ступені з’яўляюся часткай так званага “брытанскага брэнда”. Мая роля прадугледжвае разнастайныя дзеянні, ад падтрымкі брытанскіх кампаній, распаўсюджвання брытанскіх ініцыятыў да тлумачэння аспектаў і праблем маёй краіны – як у гэтым блогу.
Мне пашанцавала, што ў нашай краіны моцны брэнд, асабліва наш сцяг. На жаль, далёка не ўсё з выявай сцяга зроблена ў Вялікабрытаніі. Сцяг часта сустракаецца на майках, асабліва пасля Алімпійскіх гульняў у мінулым годзе.
Такім чынам, у значнай ступені “брэнд-мэнэджмэнт”, ці “кіраванне брэндам”, прадугледжвае садзейнічанне брытанскім прадуктам. Я нядаўна адчыніў першую ў Беларусі краму кампаніі Next. Сумленна прызнаюся, што сам не люблю рабіць пакупкі. Тым не менш, як амбасадар Вялікабрытаніі я ганаруся асацыяцыяй з брытанскай кампаніяй, якая мае такі поспех у Брытаніі і за яе межамі.
Надоечы я яшчэ даў інтэрв’ю на тэму машын. Як я растлумачыў журналісту, я сам не цікаўлюся машынамі, магутнасцю іх матораў і гэтак далей, у адрозненне ад вядоўцаў адной з найбольш любімых брытанскіх праграм, папулярнай ва ўсім свеце. Адзінае, што мяне вабіць, – гэта дызайн: мне падабаюцца машыны, якія добра выглядаюць.
Якасны дызайн – гэта вельмі важны элемент у вырабе прадуктаў. Гэта не толькі стварэнне чагосьці, што добра працуе. Гэта таксама нешта, што вабіць вока.
У Брытаніі есць некалькі шыкоўных дызайнерскіх каледжаў, дзе вывучаецца вялікі спектр дызайнерскіх дысцыплін, ад прыкладнога мастацтва, графікі да дызайну індустрыяльных прадуктаў. Хоць самыя вядомыя знаходзяцца ў Лондане (Каралеўскі каледж мастацтваў ці тыя, што нядаўна аб’ядналіся ва Універсітэт мастацтваў), існуе і шмат іншых па ўсёй Брытаніі.
Шчыра кажучы, дызайн – гэта толькі адна з вядомых нам крэатыўных індустрый. Гэтыя індустрыі маюць яшчэ большую значнасць для нас, бо Брытанія ператварылася з краіны з эканомікай, заснаванай на прамысловасці, у краіну з эканомікай, заснаванай на сферы паслуг.
Творчая прадукцыя дызайнераў, мастакоў, выдаўцоў, ІТ-кампаній, дамоў модаў, рэкламных агенцтваў і гэтак далей – гэта важны элемент сферы паслуг. Мой урад вызначыў, што прадукцыя крэатыўных галін вытворчасці склала каля 10% экспарту, больш за палову якога – гэта выдавецтва ў розных формах і вяшчанне (напрыклад, тэле- ці радыёвяшчанне).
У выніку ўрад мае кансультацыйны орган, Раду па творчай прамысловасці, якая прапануе ўраду спосабы садзеяння перспектывам у гэтым сектары. Безумоўна, нашая мова – гэта галоўная перавага і прычына поспеху ў галіне выдавецтва. Але і тая прадукцыя, што абапіраецца на візуальнасць, мае поспех.
Уся крэатыўнасць мае адну пагрозу, якая стала асабліва актуальнай у лічбавую эпоху. Сёння нашмат лягчэй скапіяваць тэкст, фільм, дызайн ці нават чыю-небудзь тэхналогію і прадаць. Стваральнік творчага прадукту такім чынам нясе страты.
Найлепшы прыклад апошніх гадоў – музычная індустрыя. Музычнае пірацтва ў інтэрнэце перавярнула ўсю індустрыю дагары нагамі.
Такім чынам, Брытанія – гэта адзін з галоўных барацьбітоў за ўзмацненне міжнародных законаў аб інтэлектуальнай уласнасці і ахове творчай прадукцыі. Як краіна з багатай творчай прамысловасцю мы звычайна страчваем больш, калі крадуць нашыя ідэі.
Урэшце, крадзеж ідэй – гэта ўсё роўна форма крадзяжу.