4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Брытанскія Каляды

“Надыходзяць Каляды. Не магу дачакацца, бо апошнім часам вельмі шмат працаваў і цяпер хачу адпачыць”, — сёння з Брусам Бакнэлам мы акунемся ў цёплую атмасферу Калядаў і даведаемся пра адметныя рысы святкавання ў Вялікабрытаніі. Хочаш правесці Каляды па-брытанску? Тут знойдзеш усё — ад святочных рэцэптаў да традыцыйных забаваў!

Каляды перш за ўсё для дзяцей, бо ў гэты час хрысціяне святкуюць нараджэнне Хрыста. На Каляды дзеці атрымліваюць падарункі і ўвогуле знаходзяцца ў цэнтры ўвагі.

Да таго ж, зіма — час самых кароткіх дзён года. Як і ў Беларусі, на поўдні Англіі сонца ўстае менш чым на 8 гадзін, а на поўначы, на Шэтландскіх выспах, — увогуле менш чым на 6. Таму Каляды — гэта яшчэ адна добрая нагода павесяліцца разам з сябрамі. Здаецца, што чым далей на поўначы Еўропы ты жывеш, тым больш адчуваеш важнасць Калядаў.

Нядаўна я пабываў у Ветцы (Гомельская вобласць) адразу пасля таго, як выпаў снег. Свяціла сонейка, і ўсе цытавалі мне вядомы верш Пушкіна “Зімовая раніца”. Што можа падбадзёрыць лепей за яркае сонца і марозны белы краявід?

Большасць брытанцаў (я дык дакладна!) спадзяюцца, што Каляды будуць белымі, са снежным і сонечным надвор’ем. На жаль, такое здараецца даволі рэдка, акрамя, бадай, горных раёнаў на поўначы Шатландыі. І па традыцыі мы робім стаўкі на тое, выпадзе снег на Каляды ці не.

Наўрад ці гэта чыста брытанская традыцыя, але дзеткам вельмі падабаюцца так званыя “калядныя календары”, па якіх яны адлічваюць дні да свята. Кожны дзень трэба адчыняць адно акенца, за якім можа быць цукерка ці шакаладка.

Як і іншыя пратэстанты, мы спяваем калядныя харалы ў цэрквах ці на вуліцах. Брытанія знакамітая сваімі хорамі, у тым ліку кафедральнымі. Калядная служба ў выкананні хору Каралеўскага каледжа ў Кэмбрыджы — самая знакамітая ва ўсёй Брытаніі. А хоры аматараў часта выконваюць калядную араторыю Гендэля “Месія”.

Мы з задавальненнем упрыгожваем дамы і офісы да Калядаў. Святочную ілюмінацыю на Рыджэнт-стрыт, адной з галоўных гандлёвых вуліц у цэнтры Лондана, ведаюць ва ўсім свеце. А за права ўключыць агеньчыкі змагаюцца брытанскія знакамітасці!

Шмат хто набывае і елкі, хаця традыцыя гэтая ў Брытанію трапіла з Германіі дзякуючы прынцу Альберту, мужу каралевы Вікторыі. Існуе нават Асацыяцыя вытворцаў калядных елак, паводле звестак якой, кожны год брытанцы набываюць ад 6 да 8 мільёнаў дрэваў. А вось Лондан і Ньюкасл атрымліваюць па вялізнай елцы ад нарвежскіх гарадоў Осла і Берген адпаведна на знак падзякі за падтрымку ў часы Другой сусветнай вайны.

Сярод адметных калядных страваў самая брытанская — бадай, так званы мінс-пай (англ. мince — крышыць, pie — пірог). Паводле звестак Вікіпедыі, рэцэпт упершыню трапіў у Брытанію са Святой Зямлі ў Сярэднявеччы дзякуючы крыжакам. Можа, і так, але мяса з садавіной больш не змешваюць: цяпер мінс-пай — гэта салодкі пірог з начынкай з сухафруктаў і спецый (“мінсміт”, ці, літаральна, фарш). Так прыемна з’есці кавалак вечарам пасля спеваў на марозе!

Мы, брытанцы, можам быць занадта самакрытычнымі і прыдзірлівымі, калі гаворка заходзіць пра камерцыялізацыю Калядаў. Сапраўды, і перад святам, і пасля яго, калі пачынаюцца зімнія распродажы, у крамах натоўпы пакупнікоў.

Але на Каляды мы займаемся і дабрачыннасцю. Шмат арганізацый адчыняюць прытулкі для бяздомных. Людзі спяваюць харалы і збіраюць грошы на дабрачынныя мэты. Таксама мы дасылаем дабрачынныя паштоўкі родным і сябрам: паводле ацэнак Асацыяцыі вытворцаў паштовак, за год брытанцы выдаткоўваюць каля 50 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на дабрачынныя паштоўкі.

Як і ў іншых краінах, мы таксама святкуем з калегамі, часта куды-небудзь выязджаем. Тыповая брытанская забава на Каляды — пантаміма. Гэта музычна-камедыйнае шоу, калі мужчыны апранаюць жаночае адзенне і выконваюць жаночыя ролі, а маладая жанчына грае мужчынскую ролю. Пантаміма — даўняя традыцыя з цікавымі, адметна брытанскімі правіламі.

Калядныя пантамімы сталі неверагодна папулярнымі ў апошнія часы, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, можа, таму, што яны ўяўляюць сабой “чысты эскапізм”. Важна адзначыць, што многія тэатры здолелі перажыць крызіс толькі дзякуючы даходам ад калядных пантамім.

Што да святкавання Калядаў, то мы звычайна ядзім індычку. Страва гэтая ўжо стала традыцыйнай, калі Чарлз Дыкенс напісаў “Калядны харал” у 1843 годзе. Таксама на стале стаіць калядны ці слівавы пудынг: сытны, зроблены з сухафруктаў, спецый і тлушчу. Тым, хто хоча скінуць вагу, лепей не чапаць. А затым мы ўзрываем калядныя хлапушкі — яшчэ адна інавацыя з часоў каралевы Вікторыі.

Галоўнае застолле — гэта абед у дзень Калядаў, пасля чаго ўсе глядзяць калядны зварот каралевы. Такім чынам Яе Каралеўская Вялікасць перадае свае найлепшыя пажаданні ўсяму народу. Традыцыя гэтая пачалася ў 1932 годзе, калі першы генеральны дырэктар ВВС прапанаваў, каб тагачасны кароль выступіў са зваротам да нацыі з нагоды адкрыцця папярэдніка BBC World Service radio.

Дзень пасля Калядаў — гэта таксама свята, дзень падарункаў, ці, літаральна, дзень скрынак. Відавочна, назва паходзіць ад традыцыі, калі супрацоўнікам кампаніі дарылі калядныя падарункі ў скрынках. А ў Ірландыі ў гэты дзень адзначаюць свята св. Стэфана.

Тым, хто добра пад’еў, трэба парухацца. Таму ў гэты дзень шмат хто займаецца спортам ці глядзіць яго па тэлебачанні. Звычайна праходзяць спаборніцтвы па футболе, скачкі і іншых відах спорту. А ў сельскай мясцовасці ў гэты дзень хадзілі паляваць на ліс.

Некаторыя асабліва стойкія людзі любяць і паплаваць — бадай самы знакаміты калядны заплыў праходзіць на возеры Сэрпентайн у Гайд Парку ў цэнтры Лондана. Але цяпер я разумею, што зімовыя водныя працэдуры ў Расіі і Беларусі значна больш экстрэмальныя!

Існуюць і сучасныя калядныя традыцыі, самай адметнай з якіх, на маю думку, ёсць спецыяльныя калядныя выпускі тэле- і радыёперадач. А яшчэ я люблю ўтульна пасядзець з двайным калядным нумарам любімага часопіса, артыкулы ў якім больш філасофскія, чым звычайна.

Брытанцы жыва цікавяцца поп-музыкай, таму выканаўцы імкнуцца заняць першае месца ў чартах на Каляды. Усе студыі гуказапісу шукаюць адпаведныя песні ці новых таленавітых выканаўцаў, каб запусціць “сінгл нумар адзін”. Адна з маіх любімых калядных песень гучыць у выкананні Джона Ленана, і нумарам першым яна ў свой час не стала.

Каляды — гэта час, калі трэба быць удзячным за сваё жыццё. Час для адпачынку, роздуму і атрымання асалоды ад таго, што маеш. І таксама час дапамагчы тым, каму пашанцавала ў жыцці меней, чым табе.

Я правяду гэты дзень ціха, з сям’ёй і сябрамі. А магчыма, яшчэ буду абдумваць тэму для блога, прапанаваную пераможцам конкурсу на “Будзьме”, пра што напішу ўжо ў пачатку 2014 года.

Найлепшыя пажаданні на Каляды і Новы год!

Матэрыял па-англійску і відэа хутка глядзіце тут.