4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Чужыя чаравікі

“Калі хтосьці сутыкаецца з агрэсіяй і не можа атрымаць такую ж падтрымку і ахову, як іншыя, я хачу, каб яму дапамаглі, як і ўсім астатнім”, – як здольнасць прафесійнага дыпламата да эмпатыі можа палепшыць становішча жанчын і прымусіць улады ўзгадняць законы з грамадскасцю? Распавядае Брус Бакнэл за чарговым чацвярговым кубачкам гарбаты.

Адным з навыкаў, якія неабходна — ці, прынамсі, карысна — мець дыпламату, ёсць разуменне іншых: спосабу іх мышлення, іх матываў, фактараў, якія ўплываюць на іх паводзіны, і г.д.

У нас ёсць выслоўе “надзець чужыя чаравікі”, што значыць уявіць, як бачаць свет іншыя, як яны рэагуюць на з’явы, дзеянні ці выказванні, скіраваныя на іх.

Сёння, каб пазначыць разуменне таго, як адчувае сябе іншы чалавек, мы выкарыстоўваем слова “эмпатыя”, што ў перакладзе на рускую гучыць як “сопереживание”, а на беларускую — “суперажыванне”. Калі абодва гэтыя словы дакладна перакласці назад на англійскую, то атрымаецца “co-experience” — вельмі слушнае азначэнне самой сутнасці эмпатыі.

Гэта значыць, што калі хтосьці атрымлівае менш грошай за тую ж працу, што і яго калегі, я крыўдую разам з ім.

Калі хтосьці сутыкаецца з агрэсіяй і не можа атрымаць такую ж падтрымку і ахову, як іншыя, я хачу, каб яму дапамаглі, як і ўсім астатнім.

Калі закон рэгулюе стаўленне да групы людзей, але не быў узгоднены з імі, я хачу, каб з імі параіліся і ўзгаднілі закон.

Менавіта гэтыя праблемы абмяркоўваліся на дыскусіі, якая праходзіла ў Нью-Ёрку ў межах 57-й Камісіі па статусе жанчын. Сярод галоўных тэмаў — гендарнае раўнапраўе, барацьба з гвалтам у дачыненні жанчын і дзяўчынак, а таксама сэксуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе і адпаведныя правы.

Мае калегі-брытанцы лабіравалі вырашэнне гэтых праблем па ўсім свеце. Ды і шмат хто з блогераў брытанскага МЗС выказваўся па такіх тэмах, як прымусовы шлюбсэксуальны гвалт, а таксама па працы калег з Жэневы, дзе ішла асноўная падрыхтоўка да Камісіі.

Сама па сабе Камісія не зменіць становішча жанчын. Але яна — глабальны крытэр, на які павінны раўняцца ўсе краіны свету.

У гэтым годзе прадстаўнік Беларусі ўваходзіў у прэзідыум Камісіі. Беларусь, ці, дакладней, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, была прадстаўленая і на першым паседжанні Камісіі ў 1946 годзе. А ў 1948 Камісія паспрыяла змяненню моўных фармулёвак Дэкларацыі правоў чалавека на больш гендарна нейтральныя.

Мы працавалі з урадам Беларусі па гэтых пытаннях, і нашыя погляды на праблему вельмі падобныя. Так, паміж поламі ёсць адрозненні, але кожны чалавек мужчынскага ці жаночага полу павінен мець аднолькавыя магчымасці, і да ўсіх мы павінныя ставіцца таксама аднолькава.

Брус Бакнэл