4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Даступнасць мовы

“Прыехаўшы ў Беларусь, у хуткім часе я даведаўся, што апрача рускай мовы тут ёсць і беларуская”. Пра любімыя беларускія словы, самыя складаныя правілы рускай мовы і даступнасць мовы ангельскай чытайце сёння ў блогу Амбасадара Вялікабрытаніі Бруса Бакнэла.

Прыехаўшы ў Беларусь, у хуткім часе я даведаўся, што апрача рускай мовы тут ёсць і беларуская. На жаль, брытанскія падаткаплатнікі могуць заплаціць за маё навучанне толькі адной мове, і гэтая мова – руская.

Tarantino.by-2013-Bruce-Bucknell-0676Але я вывучыў некалькі беларускіх словаў. Мне падабаюцца назвы месяцаў: скончыўся студзень (бо халодны, “сцюдзёны”), пачаўся люты (“суворы”). Але мой улюбёны – лістапад (бо “падае лісце”), гэта вельмі паэтычнае слова, якое, да таго ж, лёгка запомніць. Хаця заблытвае тое, што ў некаторых іншых славянскіх мовах “лістападам” называецца кастрычнік, відаць, гэта можа быць звязана з пераходам ад юліянскага да грыгарыянскага календара.

Англійская мова – своеасаблівы гібрыд: сумесь стараанглійскай, якая паходзіць ад англасаксаў, што прыйшлі на Брытанскія выспы з тэрыторыі сучаснай Германіі ў пятым стагоддзі н.э., і французскай, прынесенай нарманамі пасля 1066 года. Таксама англійская мова пазычыла і асімілявала словы з многіх іншых моваў, таму яе слоўнік вельмі шырокі.

Нягледзячы на сваю пашыранасць у свеце, англійская – не адзіная мова, на якой размаўляюць у Вялікабрытаніі. Каля паўмільёна людзей размаўляюць па-валійску ў Уэльсе, ёсць невялікія супольнасці, дзе размаўляць на шатландскай гэльскай у паўночна-заходняй Шатландыі і корнскай у паўднёва-заходняй Англіі. Часам мы называем гэтыя рэгіёны “кельцкім краем” Брытаніі.

Падчас мінулых калядных і навагодніх святаў я чытаў біяграфію Пушкіна. Хоць ён і лічыцца “заснавальнікам сучаснай рускай літаратуры”, яго творы не так добра вядомыя брытанскім чытачам, як творы Талстога і Чэхава. Магчыма, гэта таму, што цяжка захаваць увесь сэнс яго вершаў у перакладзе, або таму, што не так шмат людзей чытае паэзію, асабліва паэзію дзевятнаццатага стагоддзя, у параўнанні з прозай.

З біяграфіі я даведаўся, што Пушкін чытаў у арыгінале паэзію Байрана, які моцна паўплываў на яго творчасць, асабліва на “Яўгена Анегіна”. Я нідзе не знайшоў сведчанняў, што Пушкін размаўляў па-англійску. Ён быў знаёмы з брытанскім амбасадарам у Санкт-Пецярбургу, але хутчэй за ўсё яны размаўлялі паміж сабой па-французску.

Цікава, як бы Пушкін адрэагаваў на сённяшнюю пашыранасць англійскай мовы? Думаю, ён быў бы расчараваны сучасным вымаўленнем. На жаль, англійскі правапіс заснаваны не на фанетычным прынцыпе: вымаўленне не супадае з напісаннем. Найбольш складана мне даецца рускі націск – ударение, вылучэнне склада галасавым напружаннем, а асабліва цяжка зразумець, калі месца націску будзе змяняцца.

Гэтак жа, як Пушкін чытаў Байрана, я спадзяюся, беларускія чытачы змогуць лепей зразумець маю краіну, чытаючы гэты блог. Адна з істотных пераваг англійскай мовы – гэта стандартнае словазмяненне, напрыклад, амаль усе словы аднолькава ўтвараюць форму множнага ліку – з дапамогай канчатка “-s”. У гэтым дачыненні англійская мова вельмі даступная, асабліва лёгка чытаць на ёй. Але я кажу гэта як носьбіт англійскай мовы, праўда?