7 лістапада адкрываецца Міжнародны фестываль фатаграфіі і візуальнага мастацтва OFF Bratislava. У спіс адабраных мастакоў, чые праекты будуць прадстаўлены ў рамках тэмы «Падарожжа без квітка» («Trip Without a Ticket»), трапіў і творчы дуэт з Беларусі Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў з іх вядомым праектам «Ідэал» («The Ideal»), піша reform.news.
Юля Лейдзік, Яўген Канаплёў. Фота: архіў Reform.news
«Ідэал» — гэта доўгатэрміновае фатаграфічнае падарожжа ў жаночую ідэнтычнасць, уяўленне і жаданне быць убачанай такой, якой адчуваеш сябе ўнутры, а не такой, якой яе ўспрымае грамадства.
Юлія Лейдзік прасіла беларускіх жанчын назваць, якая вядомая асоба іх натхняе або здаецца ім іх адлюстраваннем. Выкарыстоўваючы рэферэнсныя выявы, яна фіксавала не фізічнае падабенства, а ўнутраную сувязь.
Беларускі дуэт далучыцца да шырокай міжнароднай каманды, якая прадстаўляе больш за 20 краін з розных куткоў свету, у тым ліку Паўднёвую Афрыку, Аўстралію, Японію, Швейцарыю, Польшчу, Украіну і іншыя.
Фестываль OFF Bratislava з’яўляецца адной з ключавых падзей у свеце сучаснага візуальнага мастацтва Цэнтральнай Еўропы і забяспечвае важную платформу для еўрапейскіх і сусветных мастакоў. Адкрыццё фэсту адбудзецца 7 лістапада а 18:00 (6 PM) на другім паверсе OD PRIOR на Каменнай плошчы (Kamenné Square) ў Браціславе.
Фатаграфічны форум будзе доўжыцца да 21 лістапада.