Змяненне клімату – пытанне для Вялікабрытаніі актуальнае. Чаму? Якія ўрокі выносяць брытанцы? Пра гэта і пра нашае беларускае “каля нуля” расказвае ў сваім блогу Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл сёння.
Апошнія дзве зімы ў Мінску былі вельмі рознымі. У мінулым годзе снег ляжаў пяць месяцаў, а ў сярэдзіне сакавіка была завея, ці нават, лепей сказаць, бура.
Сёлета ж я вывучыў новы выраз па-беларуску – “каля нуля”: гэта значыць, што тэмпература вагаецца каля пункта замярзання, і таму надвор’е то халоднае, то наступае адліга. Такая сітуацыя назіралася на Раство і Новы год і амаль увесь люты. Падмарозіла як след толькі ў студзені. Але калі на Беларусі зіма была надзвычай мяккай, то астатнім краінам пашанцавала нашмат менш. У Паўночнай Амерыцы тэмпература апускалася да рэкордных лічбаў і выпала вялікая колькасць снегу. А ў Брытаніі было проста мокра.
У снежні я расказваў групе моладзі ў Гомелі пра вялікую буру 1987 года, калі па ўсёй Брытаніі былі паваленыя мільёны дрэваў, а паўночны захад Францыі пацярпеў яшчэ горш. Дзве апошнія буры 28 кастрычніка і 5 снежня былі амаль такімі ж моцнымі.
У 2000 годзе ў нас была моцная паводка праз залевы (“самы мокры год за ўсю гісторыю назіранняў з 1766 года”), прычым сітуацыя паўтарылася і ў 2002, 2007, 2008 і 2012 гадах.
З другой паловы снежня адбылося яшчэ некалькі бур. Пацярпела шмат рэгіёнаў. Казалі тады, што Брытанія вытрымала “трайны ўдар” дрэннага надвор’я.
Па-першае, гэта буры з моцнымі вятрамі, якія наносяць вялікую шкоду. Затым ішлі прыліўныя хвалі, якія былі вышэйшыя, чым звычайна, праз паніжаны атмасферны ціск. І на салодкае – праліўныя дажджы.
У выніку гэтых снежаньскіх падзей былі затопленыя ўзбярэжжы на поўначы і ўсходзе Вялікабрытаніі. Буры, якія прыпалі на пачатак студзеня, асабліва ўдарылі па захадзе краіны. А штормы, вятры і моцныя прылівы ў пачатку лютага нарабілі бяды на поўдні.
Тым часам дажджы таксама не думалі заканчвацца, і амаль два месяцы запар Самерсэцкая даліна знаходзілася пад вадой. Выйшлі з берагоў і некаторыя рэкі, у тым ліку Тэмза.
Брытанію сур’ёзна затапляе ўжо не ўпершыню. Як заўважае ВВС, вялікая паводка ў Лондане здарылася ў 1928. Таксама ўсходняе ўзбярэжжа Брытаніі пацярпела ад паводкі ў 1953, хаця шкода тады была нашмат большая ў Нідэрландах.
Гэтыя ўрокі не прайшлі для нас дарма. Пасля паводкі 1953 года былі пабудаваныя ахоўныя канструкцыі, а таксама вялізная дамба ў вусці Тэмзы, каб не дапусціць затаплення Лондана.
Але галоўная праблема сёлета была ў тым, што цяпер усе магчымыя буры, прылівы і залевы здарыліся адначасова. Метэаралагічны цэнтр нават апублікаваў спецыяльную справаздачу, у якой тлумачыцца, што гэта адбылося ў выніку зменаў у струменнай плыні – паветраных патоках у высокіх слаях атмасферы.
У Беларусі таксама ёсць свае праблемы са стокам вод праз плоскі рэльеф. Я даведаўся, што, як і ў англійскай мове, у беларускай існуе некалькі варыянтаў перакладу слова “flood”. Думаю, што найпрасцейшае з іх – паводка, але ёсць яшчэ і затапленне, што бліжэй да словаў “flooding” ці “submersion”.
Нядаўнія паводкі ў Брытаніі выклікалі спрэчкі не толькі наконт паляпшэння сістэм аховы ад затаплення, паглыблення рэк і г.д., але і падлілі алею ў агонь дыскусій пра змяненне клімату.
Тады, у 1987 годзе, метэаролагі казалі пра “буру, якая здараецца адзін раз у жыцці”. Такія ж словы прагучалі і пра паводку ў 2000 годзе. Сёлетнія буры вельмі моцна ўдарылі па нашым узбярэжжы. Мабыць, гэта і праўда наступствы зменаў у струменнай плыні, змены, якія значна ўплываюць на жыццё людзей у рэгіёне.
Змена клімату – гэта вельмі складаная тэма, якая робіцца яшчэ больш актуальнай, калі бачыш буры, залевы і паводкі на свае ўласныя вочы. Брытанцаў яна надзвычай цікавіць, бо нас матывуюць паводкі.