“Я хацеў бы, каб у беларускай мове з’явіліся словы “інсэнтыў” і “інсэнтывізаваць” (можа, хутка так і будзе!)” Што гэта за словы? Як яны дапамогуць павялічыць эфектыўнасць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў і палепшыць эканамічнае становішча ў краіне? Дзеліцца сваімі думкамі Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл.
Перавага для англамоўных, якія спрабуюць загаварыць на замежнай мове, у тым, што вялікая колькасць нашых словаў трапляе ў іншыя мовы. І беларуская мова – не выключэнне. Але ўяўляю, як пранікненне англіцызмаў аднолькава раздражняе носьбітаў ўсіх моваў.
Адно са словаў, што яшчэ, на жаль, не трапіла ў беларускую мову, – incentive (“тое, што матывуе ці натхняе на дзейнасць, прэмія ці нейкі прывілей, што заахвочвае працаваць лепш”, згодна з Оксфардскім слоўнікам). Я хацеў бы, каб у беларускай мове з’явіліся словы “інсэнтыў” і “інсэнтывізаваць” (можа, хутка так і будзе!), таму што яны вельмі важныя для разумення эканомікі.
Эканоміка як дысцыпліна развівалася пад моцным уплывам брытанскіх мысляроў. Ужо ў другой палове ХVIII стагоддзя Адам Сміт гаварыў пра “здабыткі ад гандлю”. А ў канцы ХІХ стагоддзя Алфрэд Маршал напісаў “Прынцыпы эканомікі”, у якіх вызначыў асноўныя рысы рыначнай эканомікі. У пачатку ХХ стагоддзя ўплывовы эканаміст Джон Мэйнард Кейнс пісаў пра ўрокі Вялікай дэпрэсіі 1930-х. А Карл Маркс правёў апошнюю частку свайго жыцця ў Лондане, дзе напісаў “Капітал” – крытыку капіталізму.
Мы ў Брытаніі толькі-толькі выйшлі з вельмі складанага эканамічнага перыяду – горш сітуацыя складвалася толькі ў 1930-я. Адной з галоўных праблем быў вялікі дзяржаўны дэфіцыт, які з’явіўся ў выніку рэцэсіі. Урад не мог падтрымліваць настолькі высокі дэфіцыт доўгі час, таму трэба было зноў прывесці бюджэт да раўнавагі.
Для гэтай мэты было вырашана ўрэзаць выдаткі на грамадскія патрэбы, у тым ліку працу Міністэрства замежных справаў. Мне гэтыя змены не падабаюцца, але я ведаю, што яны неабходныя, каб выправіць сітуацыю з бюджэтам. Таксама я ведаю, што мой дабрабыт залежыць ад паспяховага развіцця эканомікі ў доўгатэрміновай перспектыве. Спадзяюся, што большасць брытанцаў маюць неабходныя веды пра эканоміку, каб неахвотна, але згадзіцца са мной.
Не так даўно, выступаючы перад студэнтамі эканамічнага факультэта, я вырашыў крыху падражніць іх і сказаў, што згодны з думкай Томаса Карлайла, брытанскага філосафа ХІХ стагоддзя, пра тое, што “эканоміка – гэта навука злавесная”.
Я растлумачыў, што эканоміка – не навука ў чыстым сэнсе гэтага слова, гэта значыць, нельга даказаць ці абвергнуць эканамічную гіпотэзу з дапамогай эксперыменту. Эканоміка – навука сацыяльная, яна вывучае паводзіны чалавека. А людзі не заўсёды паводзяць сябе рацыянальна і аднолькава.
Дыпламат павінен разумець розныя аспекты жыцця ў краіне, дзе ён працуе, але асабліва важна разумець яе эканоміку. Бо нярэдка да нас звяртаюцца па параду наконт вядзення бізнесу!
Я кажу, што ў Беларусі вялікі патэнцыял. Аднак у беларускай эканоміцы дамінуюць неэфектыўныя і часта стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Кіраўніцтва такіх кампаній больш канцэнтруецца на павышэнні паказчыкаў вытворчасці, чым на адаптацыі прадукцыі да патрэбаў рынку.
Важную ролю ў эканоміцы адыгрываюць рашэнні, якія людзі прымаюць па вытворчасці тавараў і прадстаўленні паслуг, а таксама па іх спажыванні – то бок па ўсім, што можна прадаць, купіць ці абмяняць. Звычайна найважнейшую ролю ў прыманні гэтых рашэнняў адыгрывае цана. Але не заўсёды гэта так.
Самі па сабе тэорыі і мадэлі, якія эканамісты ствараюць, каб растлумачыць размеркаванне і выкарыстанне рэсурсаў, ад базавых законаў попыту і прапановы да эканамічных мадэляў цэлых дзяржаваў, не могуць растлумачыць усяго.
Некаторыя адрозненні абумоўленыя структурай кожнай эканамічнай сістэмы. Гэта адрозненні ў колькасці працоўнай моцы, доступу да рэсурсаў, капіталу і іншых “фактараў вытворчасці”. У дадатак ёсць яшчэ і больш чалавечыя фактары, напрыклад, узровень сацыяльнага забеспячэння, імкненне плаціць падаткі і іншыя залежныя ад чалавека крытэры, якія караняцца глыбока ў культуры і грамадстве.
Аднолькавая эканамічная палітыка можа прывесці да розных вынікаў у розных абставінах. Для студэнтаў я прывёў прыклад, калі павышэнне працэнтнай стаўкі ў 1990-я гады мела б розны эфект у Брытаніі і ў Італіі, дзе я ў той час працаваў, у асноўным таму, што італьянцы трымалі свае накапленні ў дзяржаўных аблігацыях. Павышэнне працэнтнай стаўкі спачатку выклікала павелічэнне іх зберажэнняў, пакуль уплыў падаражэлых крэдытаў не распаўсюдзіўся на эканоміку ў больш шырокім дыяпазоне.
Я выказаў меркаванне, што эканамістам трэба добра разумець гісторыю, сацыялогію і псіхалогію людзей, якія маюць уплыў на эканоміку кожнай дзяржавы, бо так можна прадбачыць іх паводзіны ў розных сітуацыях.
На беларускую мову слова ‘incentive’ у асноўным перакладаецца як ‘стымул’ ці ‘заахвочванне’. Але ні тое, ні другое ў поўнай меры не адлюстроўвае ягонага асноўнага сэнсу – нейкі дадатковы стымул, які матывуе да дзеяння.
Стымул – гэта вонкавае ўздзеянне. У эканамічным сэнсе кажуць пра “наданне стымулу” эканоміцы, каб заахвоціць людзей рабіць накапленні ці кампаніі – інвеставаць (макраэканамічны тэрмін). Але як паказала гісторыя эканомікі, урад павінен разумець і рэакцыі асоб ці груп людзей. Гэта ўжо мікраэканоміка: што матывуе менавіта людзей.
Магчыма, гэта і ёсць праблема Беларусі. Мне здаецца, што дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць не так эфектыўна і не прыносяць прыбытку, бо ў дачыненні да іх не выкарыстоўваюцца стымулы. Таму я спадзяюся, што словы “інсэнтыў” і “інсэнтывізаваць” з’явяцца і ў беларускай мове. Само па сабе гэта не зменіць стану эканомікі і не зробіць эканамічныя рэформы менш балючымі. Але эканамічная палітыка павінная абапірацца на чалавечую прыроду.
Ідэю пра стымул як ядро эканомікі я ўзяў з артыкула на старонцы Гардыян.