4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Правы чалавека пачынаюцца дома

Дзень правоў чалавека – не пусты гук. Другая сусветная вайна парушыла ўсе магчымыя правы, у тым ліку і на жыццё мільёнаў людзей. 10 снежня 1948 г. Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека – першы сусветны дакумент, у якім яны былі сфармуляваныя. Цяпер гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце.

З гэтай нагоды Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл расказвае, чаму раней лічыў пытанні няроўнасці і гвалту ў дачыненні да жанчын не сваёй справай і што пераканала ў адваротным, пра агульныя гендарныя праблемы брытанцаў і беларусаў і свой рэцэпт барацьбы за раўнапраўе.

Аднойчы ў жыцці надыходзіць момант, калі мы пачынаем вучыцца ў маладзейшых за нас. Бадай, няма нічога прыемнейшага для бацькоў, чым даведвацца нешта новае ад сваіх дзяцей. Брытанцы жартуюць: ты разумееш, што старэеш, калі заўважаеш, што паліцыянты выглядаюць як дзеці.

Я, мужчына сярэдніх гадоў, лічыў, што пісаць аб праблемах жанчын — не мая справа. Але нядаўна мяне пераканалі ў адваротным з дапамогай глабальнай кампаніі, накіраванай на падтрымку правоў жанчын мужчынамі.

Твар кампаніі, брытанская акторка Эма Уотсан, па ўзросце магла б быць маёй дачкой. У сваёй прамове ў ААН у верасні яна казала пра тое, што мужчынам неабходна ўзяць на сябе адказнасць за раўнапраўе полаў, а таксама што галоўная мэта феміністак — не нянавісць да мужчын і што мужчыны гэтак жа пакутуюць ад гендарных стэрэатыпаў, як і жанчыны.

Кампанія, пра якую расказвала міс Уотсан, называецца «Ён за яе» — Heforshe (ці, у наш век лічбавых тэхналогій, #heforshe, а то і @HeforShe).

DSC_0677123

Нягледзячы на законы, кампаніі, адукацыйныя ініцыятывы і іншыя праграмы, праблемы няроўнасці і гвалту ў дачыненні да жанчын усё яшчэ часта ўзнікаюць у Вялікабрытаніі.

25 лістапада мы адзначалі Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын, усталяваны ААН, і запуск праграмы «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту», якая завяршылася 10 снежня. Я зрабіў свой унёсак у агульную справу, пагутарыўшы з актывістам у галіне правоў жанчын у Беларусі, каб параўнаць становішча ў Вялікабрытаніі і Беларусі. Нягледзячы на розныя ўмовы ў нашых краінах, мы знайшлі мноства падобных праблем.

Мы абмяркоўвалі няроўную аплату працы мужчын і жанчын. Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у Вялікабрытаніі гэты разрыў складае 9,4% — але ў каментары да гэтых дадзеных гаворыцца пра складанасці ў супастаўленні інфармацыі. Жанчыны часта працуюць не на поўную стаўку, таму насамрэч разрыў перавышае 19%. У Беларусі гэтая розніца яшчэ большая.

Гаварылі мы і пра розніцу ў прафесійным росце для мужчын і жанчын, пра тое, як складана жанчынам прабіць «шкляную столь», пра тое, як мала жанчын на кіраўнічых пасадах ва ўрадзе, бізнесе і іншых арганізацыях як у Беларусі, так і ў Вялікабрытаніі. Мы сышліся ў меркаванні, што для дасягнення поспеху арганізацыям патрэбныя разнастайныя погляды, навыкі і тыпы мыслення.

Мы гаварылі пра ўмовы працы, пра тое, што ў Вялікабрытаніі ў працаўніка ёсць права на гнуткі графік. Гэта стала магчыма дзякуючы сучасным тэхналогіям — а перш за ўсё лічбавым камунікацыям. З гнуткім графікам работнікі з інваліднасцю, сямейнымі праблемамі або проста пэўнымі асабістымі патрабаваннямі могуць працаваць так, як ім зручна.

Таксама мы абмеркавалі праблемы аховы здароўя: у Беларусі дзяўчынак, у адрозненне ад хлопчыкаў, навучаюць даглядаць сябе ў школах. Я дакладна не ведаю, як з гэтым у Вялікабрытаніі, але сур’ёзнае захапленне маіх сыноў здаровым ладам жыцця даказвае, што маладое пакаленне нашмат больш клапоціцца пра сваё здароўе, чым я.

Мы гаварылі пра хатні гвалт, пра складанасці барацьбы з ім. Важным фактарам, асабліва ў Беларусі, з’яўляецца алкаголь, але і ён, як правіла, пагаршае ўжо наяўныя ў адносінах праблемы. Фінансавы кантроль, запалохванне і грамадскія забабоны — усё гэта складнікі культуры, дзе да хатняга гвалту ставяцца як да належнага.

Мы сышліся ў меркаванні, што дзецям патрэбныя бацькі, якія іх любяць, і што сем’і, якія аб’ядноўваюць некалькі пакаленняў, моцна спрыяюць развіццю дзіцяці. Абмеркавалі мы і вобраз жанчын — тое, што яны разглядаюцца як аб’ект. Мужчыны не падвяргаюцца такому стаўленню. Жанчыны і дагэтуль значна больш часу надаюць хатнім клопатам, чым мужчыны.

Таксама мы прыйшлі да высновы, што хатні гвалт і нераўнапраўе — вынік дысбалансу ўлады, калі моцны дамінуе над слабым.

Такім чынам, што ж мы можам зрабіць?

Мы павінныя імкнуцца да раўнапраўя — дома, на працы, перад законам. Увогуле ўсюды і заўсёды.

Мы павінныя пакласці канец беспакараным праявам гвалту супраць жанчын і мужчын. Нанясенне фізічнай або маральнай шкоды не можа быць апраўдана.

Мы не павінныя прымяншаць значэння праблем гендарнага гвалту і няроўнасці.

Як і многія іншыя жанчыны, якія ўпэўнена адстойваюць уласнае меркаванне, Эма Уотсан пацярпела ад нападу зласлівых каментатараў-жанчынаненавіснікаў. Але менавіта іх каментары канчаткова пераканалі мяне ў неабходнасці асвятлення тэм раўнапраўя і дыскрымінацыі жанчын.

Перафразуючы Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі і павінныя мець аднолькавыя правы і свабоды незалежна ад полу. Вось чаму правы чалавека пачынаюцца дома, з раўнапраўя жанчын і мужчын, у якіх бы адносінах яны ні знаходзіліся.