“Грамадзянская супольнасць можа раздражняць палітыкаў і чыноўнікаў (і часцей за ўсё менавіта так і здараецца). Але ў гэтым – яе роля”, – упэўнены Брус Бакнэл. У чым яшчэ? Ці можа грамадзянская супольнасць не толькі раздражняць, але і дапамагаць? Разважаем за гарбатай з Амбасадарам Аб’яднанага Каралеўства.
Часам мяне займаюць думкі пра стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі як меры палітычнага і сацыяльнага здароўя краіны. Ці развіваецца яна? Ці ёсць “месца” для яе росту? Ці рэагуюць улады на праблемы, узнятыя грамадзянскай супольнасцю?
Мяне здзіўляе, як складана даць азначэнне тэрміну “грамадзянская супольнасць”. Хаця дыпламаты і навукоўцы ўжываюць яго даволі часта, мы не заўсёды можам дамовіцца, што ж дакладна ён абазначае. У дыпламатыі вельмі важную ролю грае “зразумеласць”. Не мае сэнсу абмяркоўваць тэксты пагадненняў, калі бакі не могуць зразумець ужытых словаў і выразаў.
Але існуюць такія ідэі ці канцэпцыі, якім складана даць азначэнне, таму мы карыстаемся зручнымі тэрмінамі. Адзін з іх – “грамадзянская супольнасць”.
Сэмюэл Джонсан (аўтар аднаго з самых уплывовых слоўнікаў англійскай мовы) падумаў бы, што гэта група людзей, якія ветліва ставяцца адно да аднаго (civil society: “civil = ветлівы”, “society = група людзей”). Але ён жыў у тыя часы, калі яшчэ не існавала сацыялогіі, ці “навукі пра грамадства”.
З цягам часу пад словам “society” пачалі разумець супольнасць людзей, якія жывуць разам. Слова “civil”, якое прыйшло з французскай мовы, а туды, у сваю чаргу, з лацінскай, абазначае нешта, што адносіцца да простых грамадзян і іх праблем. У часы Рымскай імперыі слова “civil” ужывалі, каб адрозніць простых людзей ад іншых, звычайна вайскоўцаў (гэты сэнс цяпер перадае слова “civilian” – цывільны”).
Крытэры раздзялення на групы мяняліся, і, здаецца, у розных мовах развіліся розныя значэнні гэтага слова. У сярэднявечнай англійскай мове слова “civil” пачало ўжывацца для тых, хто працаваў на дзяржаву, у адрозненне ад тых, хто працаваў на царкву (вось чаму я “civil servant” – грамадскі службовец: я служу грамадскай, “часовай” уладзе, а не рэлігійнай, духоўнай).
Грамадзянская супольнасць (“сivil society”) – гэта больш сучасная ідэя. Здаецца, упершыню гэты тэрмін ужыў Гегель, каб аддзяліць грамадства ад дзяржавы. Яго ідэі паўплывалі на шматлікіх мысляроў, у тым ліку Маркса, але яснага азначэння грамадскай супольнасці так і не з’явілася. Ёсць толькі агульная думка, што грамадская супольнасць – гэта не ўлады ці дзяржаўныя структуры, але на гэтым усё.
Цяпер гэты тэрмін ужываецца рэгулярна, збольшага праз цяжкасці, з якімі сутыкаецца дзяржава і якія абумоўлены працэсамі глабалізацыі і хуткага абмену інфармацыяй праз інтэрнэт. Але з азначэннем усё дагэтуль складана. Нават светлыя галовы з Сусветнага банка прыдумалі доўгае і не надта зразумелае азначэнне: грамадзянская супольнасць – гэта звычайна ўсе недзяржаўныя арганізацыі, якія дбаюць пра інтарэсы незалежных груп ці членаў грамадства.
Падаецца, што праблема з азначэннем караніцца ў самой ідэі грамадзянскай супольнасці, якая мяняецца ў залежнасці ад абставін і дзяржавы. Прырода і праблемы грамадзянскай супольнасці ў Дарфуры, маланаселенага паўпустыннага рэгіёна, дзе людзі займаюцца натуральнай гаспадаркай, вельмі адрозніваюцца ад таго, чым жыве грамадская супольнасць у постіндустрыяльнай, умеранай, густанаселенай Брытаніі. Але агульнай рысай ёсць тое, што грамадская супольнасць не звязаная з дзяржавай і яе органамі.
Нягледзячы на розніцу ў азначэннях грамадзянскай супольнасці, яе здароўе важнае паўсюль. Дзяржава, якая клапоціцца пра супольнасць і заахвочвае яе развіццё, будзе больш чулай да патрэбаў і імкненняў грамадзян.
Грамадзянская супольнасць можа раздражняць палітыкаў і чыноўнікаў (і часцей за ўсё менавіта так і здараецца). Але ў гэтым – яе роля: прадстаўляць погляды і інтарэсы грамадскіх груп па шматлікіх пытаннях, якія цэнтральны ўрад проста не можа вырашыць.
У Вялікабрытаніі грамадзянскія арганізацыі і СМІ ўвесь час абмяркоўваюць рашэнні і палітыку ўрада. Цяпер арганізацыі лабіруюць урад па пытаннях будаўніцтва новай хуткаснай чыгункі паміж Лонданам і паўночным захадам Англіі, увядзення падатку на фінансавыя транзакцыі і зніжэння агульнага ўзроўню падаткаабкладання.
Грамадзянская супольнасць Вялікабрытаніі дасягнула такога ўзроўню развіцця, што ўрад імкнецца выкарыстоўваць магчымасці грамадскіх арганізацый у прадстаўленні грамадскіх паслуг. Магчыма, менавіта яны здолеюць зрабіць тое, што не можа дзяржава.
Вось чаму мы з калегамі ў Беларусі і ва ўсім свеце ўважліва назіраем за станам грамадзянскай супольнасці.
фота – Аляксандр Ждановіч