Як пад уплывам новых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) мяняецца нашае жыццё – развагі амбасадара Яе Вялікасці Бруса Бакнэла за чарговым кубкам гарбаты.
Пад уплывам новых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) мы пачынаем па-іншаму жыць і працаваць. Мы імгненна звязваемся з людзьмі, знаходзім інфармацыю і абмяркоўваем ідэі з партнёрамі па ўсім свеце.
Але не паўсюль гэтая трансфармацыя выглядае аднолькава. Не ўсе маюць доступ да хуткага шырокапалоснага — ці нават хоць якога — інтэрнэту, не ўсе хочуць пастаянна сядзець анлайн, не ўсе нават давяраюць новым ІКТ. Да таго ж эканамічная актыўнасць дасюль існуе ў традыцыйнай форме: нельга пад’есці анлайн, нават калі знайшоў, колькі каштуе хлеб у Каіры ці Вануату.
Цяпер мы ўсё часцей апынаемся перад выбарам, што і паспрыяла ўзнікненню выразу “lifestyle choices”, хаця я не ўпэўнены, што пераклады выбор образа жизни ці выбар ладу жыцця перадаюць усю шырыню яго значэння. Мы ўжываем гэты тэрмін у дачыненні да ўсіх аспектаў жыцця, ад працы і вольнага часу да адносін з іншымі.
Сустрэўшы англічаніна, які вандруе на ровары па Еўропе на працягу апошніх двух гадоў, я сапраўды зразумеў значэнне выразу “lifestyle choices”. Тыя, хто сочаць за нашай старонкай на Фэйсбуку, ведаюць, што мы віталі яго ў Мінску ў маі гэтага года.
Падчас свайго падарожжа ён яшчэ паспявае вучыцца ў Адкрытым Універсітэце (АУ). І я не магу сказаць, які з гэтых двух фактаў уразіў мяне мацней.
Заснаваны ў 1969 годзе, АУ прапаноўваў адукацыю ўніверсітэцкага ўзроўню ўсім грамадзянам Брытаніі, нават тым, хто не меў папярэдняй адукацыі, з мэтай даць кожнаму шанец «…рэалізаваць амбіцыі і раскрыць патэнцыял». Вучоба збольшага праходзіць дыстанцыйна, але ў АУ ёсць і студэнцкі гарадок, дзе студэнты актыўна ўдзельнічаюць у семінарах.
Дзякуючы развіццю інтэрнэту, з дня заснавання АУ «выбухнуў» да амаль чвэрці мільёна студэнтаў, якія вучацца завочна — дома ці, як у выпадку з нашым сябрам-раварыстам, вандруючы па Еўропе.
АУ сумесна з партнёрамі прапануе курсы і ў іншых краінах, напрыклад, праграму МВА па-руску. І мне прыемна, што падчас візіту ў Беларусь вандроўнік сустрэўся з тымі, хто арганізуе тут бізнес-курсы, а таксама пакатаўся са студэнтам АУ.
Дыстанцыйная вучоба падыходзіць не ўсім. Я неяк пачаў два курсы, але ні па адным далёка не прасунуўся. Зразумела, трэба мець моцную матывацыю, цікавасць да прадмета, а таксама дастаткова часу. Але ёсць тыя, для каго гэта працуе, і яны могуць сабе дазволіць вучыцца калі захочуць.
Што да ровараў, то я з задавальненнем праехаў 90 км да Мінска з вандроўнікам. Мы шмат размаўлялі пра матывацыю і ягоныя еўрапейскія прыгоды. Адна з яго найважнейшых высноваў — усё лепей пабачыць на ўласныя вочы, бо “сайты не заўсёды маюць рацыю”, як гаворыць ён сам. Студэнт АУ, якога ён сустрэў у Славеніі, лічыць, што даследаваць і вандраваць — гэта вельмі па-брытанску.
Не стану сцвярджаць, што брытанцы больш за ўсіх любяць шукаць прыгоды, але прынамсі наш незалежны дух дазваляе нам рабіць усё па-свойму.
Людзі, што выпраўляюцца ў доўгія падарожжы, натхняюць. Вандроўнік-раварыст сказаў, што найважнейшая думка, якую б ён хацеў давесці да людзей, — тое, што трэба імкнуцца “стварыць жыццё, якое б вы хацелі пражыць”. Здаецца, гэта і ёсць слушнае азначэнне паняцця “lifestyle choices”.