40 тыдняў, ці 9 месяцаў — вельмі важны тэрмін: за гэты адносна невялікі час, практычна з нічога фармуецца сапраўдны чалавек. Гэта таксама вельмі важны перыяд у жыцці жанчыны: яна развіваецца разам з малым, адчувае, як ён чуе і «бачыць» усё, што адбываецца вакол яго. Апошнія 40 тыдняў былі вельмі важнымі для мяне як для журналіста, як для жанчыны: я выношвала ідэю беларуса культурнага. Дзевяць месяцаў мінулі, роды прайшлі паспяхова, і вось перад намі наш «маленькі».
Амаль год кожны тыдзень выходзілі інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!», і кожная гутарка была спробай (удалай, на маю думку) прааналізаваць стан культуры ў той ці іншай сферы дзейнасці беларусаў. Гэта было цэлае даследаванне: мы разбіралі, чаму нашы суграмадзяне паводзяць сябе, думаюць і робяць так, а не іначай, якія ёсць гістарычныя, псіхалагічныя, акалічнасныя перадумовы асаблівасцяў іх паводзін. Як мы можам змяніць стан справаў, даць рады цяжкасцям і палепшыць якасць нашага жыцця.
За час выхаду артыкулаў прагучала шмат каментароў, у якіх асуджалася негатыўнае бачанне сітуацыі. Але па законах любой псіхалагічнай працы над сабой або духоўнай практыкі першым крокам лічыцца прызнанне наяўнасці праблем. Гэта самы важны этап. Як толькі чалавек разумее, што яму ёсць што змяніць у лепшы бок, праца пойдзе неадкладна.
Яшчэ адзін аргумент, які часта гучаў: «Ну, а што хацець? Мы ж жывем столькі гадоў пад прыгнётам… Мы заўсёды ад кагосьці залежалі, камусьці падпарадкоўваўліся». Безумоўна, нельга не ўлічваць гэтых абставінаў, але і прыкрываць імі сваю бяздзейнасць таксама нельга. Серыя інтэрв’ю выйшла не з мэтай паўздыхаць, як дрэнна мы жывем і як змрочна ўсё вакол, а для таго, каб, бачачы свае слабыя месцы, мы маглі пачынаць мяняцца ў лепшы бок.
Я ўпэўненая, што толькі ад нас залежыць, у якім грамадстве мы будзем жыць заўтра. Калі кожны стане больш уважлівым да навакольных, падумае пра сваіх дзяцей і бацькоў, не кіне паперку міма сметніцы, усміхнецца замест таго, каб вылаяцца, то прастора вакол нас пачне мяняцца да лепшага.
Такое бачанне не дазваляе мне звальваць усё на «крывавы рэжым», які многія лічаць прычынай нашай немагчымасці жыць культурна. Давайце будзем шчырыя: змена рэжыму так ці інакш запатрабуе шматгадовай карпатлівай працы над сабой кожнага з нас. СССР даўно не існуе, але ў галовах людзей сядзіць досыць трывала дасёння.
Так, у Беларусі асаблівае гістарычнае мінулае і сучаснасць, так, на лёс беларусаў выпала шмат выпрабаванняў, складаных і трагічных, але мы ўнікальны народ, са сваімі асаблівасцямі менталітэту, з асаблівай будучыняй і для вырашэння нашых пытанняў не падыдзе нейкая ўніверсальная схема, аднак гэта не падстава не ўлічваць вопыту і ведаў іншых краін або людзей побач з намі… Ці задавальняе вас ваш узровень жыцця? Не чакайце, калі сітуацыя вакол пачне сама змяняцца цудоўным чынам. Змяняйцеся самі, адстойвайце свае правы і правы навакольных, дзейнічайце.
Культура адназначна паляпшае жыццё, бо, кажучы пра недахопы, мае суразмоўцы агучваюць умовы, у якіх ім хацелася б жыць, а для іх дасягнення заўсёды актуальнае пытанне павышэння ўзроўню культуры. Культурнае жыццё лепш за бескультурнае.
Часта гаварылі аб тым, што Беларусь цяпер праходзіць той самы каўбасны перыяд, калі людзям трэба «пад’есці» матэрыяльных каштоўнасцяў, а потым думаць пра свае правы, свабоды і ўзроўні культуры. Гэтак жа не пагаджуся. У Беларусі ёсць вялікая колькасць людзей, якія жывуць і ствараюць цікавыя рэчы, робяць сваю справу прафесійна і з любоўю і якія ніколі не скардзяцца: «Ну, вы ж ведаеце, у якой краіне мы жывем».
Тым, каго інтэрв’ю праекта нейкім чынам закранулі, пакрыўдзілі, час задумацца, якая з тэмаў выклікала найбольшы водгук ці абурэнне. Чаму? Што б вы хацелі змяніць? Што вы самі гатовыя для гэтага зрабіць? Ці можаце вы паглядзець далей за сваю спешку і прыпыніцца, каб, скажам, прапусціць машыну, якая выязджае на дарогу з двара, а потым усміхнуцца лыпанню ўдзячнай «аварыйкі» наперадзе? Ці можаце вы ўбачыць у хамстве дыспетчара камунальнай службы, акрамя недахопу прафесіяналізму, нейкую асабістую няўдачу (чалавек пасварыўся з блізкім, напрыклад)? Вы здольныя адказаць яму на хамства спакойна, каб потым пачуць у адказ, маўляў, вы ўжо даруйце, што я адразу крычаць, проста ведаеце, колькі нервовых людзей ад мяне нешта штодня хочуць. Вы здольныя адстаяць сваё права на чысты пад’езд або хатнюю адукацыю для дзіцяці, калі ў вас ёсць на тое права? Адстаяць годна, спакойна, бо, не забывайце, што вы — першапраходцы: на вас глядзяць навакольныя, калі вы ветліва вырашаеце канфлікт, выхоўваеце сваіх дзяцей з павагай да іх ці клапоціцеся пра сваіх бацькоў, калі вы ўсміхаецеся навакольным ці вітаецеся з прадаўшчыцай у краме. Вы робіце першыя крокі нашага «маленькага» беларуса культурнага.
Як вы паводзіце сябе ў падарожжах? Не трэба шмат душэўных сіл, каб смяяцца над суайчыннікамі. Прасачыце за сабой: магчыма, вы першы беларус, якога ўбачаць у той краіне.
У інтэрв’ю заўсёды пазначаліся канкрэтныя рэкамендацыі, з чаго пачаць, каб павысіць узровень культуры і якасці свайго жыцця. Што рабіць, каб дамагчыся лепшага ўзроўню абслугоўвання, напрыклад? Як сябе паводзіць, каб апраўдваць званне гарадскога жыхара? Як не даць памерці вёсцы, а разам з ёй і ўсёй беларускай аўтэнтыцы? Як павысіць узровень самапавагі і прафесіяналізму? Дарэчы, у пісьменніка Андрэя Бітава я знайшла аднойчы самае простае, але самае дакладнае тлумачэнне паняцця «культура»: гэта здольнасць паважаць. Паважаць старых, дзяцей, прадстаўнікоў супрацьлеглага полу, сваю працу, хлеб, які на стале, свайго суразмоўцу або кіроўцу ў адным з вамі патоку машын. Паважаць і, я дадала б у нашым выпадку, дзейнічаць.
Не думайце, што будзе проста: наша грамадства прызвычаілася супраціўляцца ўсяму новаму і незвычайнаму. Складана працаваць над сваёй культурай піцця, напрыклад, калі народ актыўна спойвае дзяржава, але гэта тая самая асаблівасць, улічваючы якую, трэба рухацца далей: кожны сам робіць выбар, але і ад кожнага з нас залежыць, ці вырасце наш «маленькі», наш беларус культурны.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»