Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Краўцэвіч пачаў у Горадні цыкль лекцыяў, прысьвечаных гісторыі станаўленьня беларускага народу і дзяржаўнасьці. Ён назваў іх «Беларусь у эўрапейскім кантэксьце. Гісторыя народу памежжа». Прафэсар Краўцэвіч зьвяртае ўвагу на плюсы і мінусы беларускай сытуацыі.
1. Каліноўскі нам «падараваў» Беларусь
Апошнім часам здараюцца палкія дыскусіі наконт назвы нашай краіны. Асабліва любяць спрачацца людзі, якія зь Беларусі даўно выехалі; яны самыя гарачыя рэфарматары — седзячы дзе-небудзь у Амэрыцы, вучаць, як нам тут жыць. Мне нават бывае сьмешна, калі прапануюць зьмяніць назву: зьменім, і ўсё стане добра. Гэта паказвае невуцтва, няведаньне працэсаў, таго, як разьвіваюцца нацыі ў нашы часы ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. І другое: ня кожны можа нястомна працаваць на карысьць Беларусі. Цяжка працаваць, як гэта рабілі адраджэнцы, Міхась Чарняўскі, Мікалай Улашчык. Працавалі ўсё жыцьцё на Беларусь, ня бачачы нават сьвятла ў канцы тунэлю. Але верачы, што, калі яны будуць рухаць справу, у нечым дапамогуць краіне.
Тое, што Каліноўскі прыняў назву Беларусь і той пароль, што да нас дайшоў з часоў паўстаньня, гэта такі ідэалягічны падарунак нацыянальнаму руху, дакумэнтальна засьведчаны. «Каго любіш? — Люблю Беларусь. — Дык узаемна».
Прапаноўваліся таксама іншыя назвы. Гэта было. Напрыклад, Крывія. Чым дрэнна, здавалася б? Але не прайшло. Розныя варыянты былі, але нам засталася Беларусь.
2. Калі не дзяржава стварае народ
У былых каралеўствах Чэскім і Польскім і ў Вялікім Княстве Літоўскім нацыянальныя рухі разьвіваліся ў падобных умовах. У Заходняй Эўропе было інакш. Можна ўзяць прыклад Францыі. Яна ўзьнікла ў ХV стагодзьдзі як цэнтралізаваная дзяржава і сплаўляла ў адзіны францускі народ мноства рэгіёнаў і народнасьцяў. І ўдалося гэта зрабіць толькі пад канец ХІХ стагодзьдзя.
У нас, наадварот, не дзяржавы стваралі народы, а нацыянальныя рухі стваралі дзяржавы, народы. Усе разьвіваліся паводле адной схемы, і беларусы таксама. Размова пераважна пра тых, што ня мелі асобнай дзяржаўнасьці, знаходзіліся ў Аўстра-Вугорскай, Германскай і Расейскай імпэрыях. Хоць усе яны былі, вядома, у розных умовах.
У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя пачалася фаза нацыянальнай агітацыі. У беларусаў гэта было пазьней. Група людзей пачынала пераконваць носьбітаў традыцыйнай мовы і культуры, што яны народ. І самая важная фаза, калі да руху далучаюцца масы, найперш сялянства. У нас гэта было пазьней. У нацыянальным руху ўдзельнічалі сяляне ў другім пакаленьні пасьля адмены прыгону. Прыгонны не зьяўляецца суб’ектам свайго жыцьця, за яго пан вырашае. Толькі калі яму даюць зямлю і волю, ягоныя дзеці пачынаюць ужо думаць, удзельнічаць у нацыянальным руху.
3. Калі шляхта разумее сялянаў
Сяляне — гэта добра. Але лепей, калі ў нацыятворчым руху ўдзельнічаюць іншыя слаі грамадзтва. Палякі, яны наогул мелі сваю шляхту. Гэтым вылучаліся. Славакі, славенцы, літоўцы, латышы, украінцы мелі шляхту асыміляваную. Яна ня ўдзельнічала ў нацыянальных рухах. Тое ж самае можна сказаць і пра беларусаў.
У палякаў, безумоўна, было найлепей: у іх удзельнічала поўная грамадзкая структура. Перш за ўсё шляхта. І цікавы парадокс: шляхецкая дэмакратыя давяла да пагібелі першую Рэч Паспалітую. Пазьней была «высмактаная» зь некалькіх народаў іхная шляхта, і яе нашчадкі ваявалі потым за незалежную польскую дзяржаву ў 1918 годзе. Нібы дзяржаву, Рэч Паспалітую, аднойчы зьнішчылі, але закладзены быў патэнцыял, які ў будучыні рэалізаваўся ў адраджэньні незалежнасьці. І Пілсудзкі змог тады сказаць, што зараз пытаньні незалежнасьці вырашаюць дывізіі. І яны іх мелі.
Каб шляхта ўдзельнічала ў беларускім руху, магчыма, ён мог бы разьвівацца па-іншаму. Але гэтага не было, і зьмяніць гэтага ня дадзена.
4. Назвы могуць узьнікаць выпадкова, «зь нічога»
Фармаваньне назвы многіх народаў адбываецца падчас пераходу ад агітацыі да масавасьці руху.
Прыклад нашы блізкіх суседзяў: на тэрыторыі Расеі існаваў украінскі рух; у Аўстрыі, з цэнтрам у Львове, русінскі. І яны пачалі сустракацца, каб дамовіцца: як мы будзем свой народ называць, якім народам будзем? І толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя лідэры сабраліся і канчаткова вырашылі: будзем украінцамі.
Як можа вынікаць з гэтага, назва — ня самае важнае. Сутнасьць у масавай сьвядомасьці. І наша праблема ў тым, што мы да гэтага часу, з прычын аб’ектыўных, ня можам разьвіць масавую фазу. Хоць маем магутны рычаг — дзяржаву. Але яна інструмэнт не пабудовы нацыі, а дэнацыяналізацыі. І таму ўсе гэтыя размовы, што трэба зьмяніць, назавем Літвой — і пацякуць малочныя рэкі, гэта глупства. Я й кажу, няхай даволі рэзка, што гэта прыдумалі нашы ворагі, а падтрымлівалі нашы дурні. Хоць ёсьць сярод іх і проста рамантыкі.
Узяць іншы прыклад. Вялікая раманская краіна, якая размаўляе на раманскай мове, мае германскую назву Францыя. Племя франкаў некалі прыйшло ў Галію, заваявала, перамяшаліся, яны перанялі мову мясцовую. Альбо суседняя Бэльгія. Яна не існавала да 1830 году, былі Паўднёвыя Нідэрлянды. А Валахія ў ХІХ стагодзьдзі стала Румыніяй.
Або Славенія. Не было такой краіны да ХІХ стагодзьдзя. Яе прыдумалі, калі рух славенскі пачынаўся, ад «славянаў». Проста прыдумалі зь нічога. Мова, аднак, існавала. У Х стагодзьдзі іхныя продкі трапілі пад немцаў, і тысячу гадоў сяляне на ёй размаўлялі. Былі заможныя, свабодныя, таму разьвіваўся рух. І на пачатку ХІХ стагодзьдзя яны вырашылі, што ня будзем «югаславамі», а будзем асобным народам. Яны былі свабодныя здаўна, мелі вольнасьць асабістую, што вельмі важна, і зямлю. І стварылі народ.
5. Беларусь замацавалася ў галовах
Так, нам вядома: Жамойць, якая ніколі не была Літвой, ня мела рэальных правоў на Вялікае Княства Літоўскае, прысвоіла назву, пераканала масы, што гэта іхная дзяржава. І сёньня нават амэрыканцы пішуць, што гэта міт, што стварылі літоўцы пра ВКЛ як пра літоўскую дзяржаву. Аднак гэта дзейнічае. Бо самае галоўнае — узьдзеяньне на масы. І цяпер, калі мы маем Беларусь, калі ва ўсім сьвеце вядома, што ёсьць беларусы, калі мы маем мову, паэзію, ідэалёгію, і ў нацыянальнай сьвядомасьці гэта прысутнічае, што ёсьць мова і нацыянальнасьць беларус, і цяпер пераканай жыхароў гэтай краіны і ўвесь сьвет, што Літва — гэта мы? Гэта трэба вяртацца ў сярэдзіну ХІХ стагодзьдзя. Навошта? Ці гэта не глупства?