У канцы XVIII стагоддзя езуіцкі манах пісаў, што з вады з калодзежаў «новага рынку» ў Гродне атрымліваецца выдатнае піва. Але ці можна сёння здабыць тую ваду і ўзнавіць гістарычнае гродзенскае піва? У гэтым паспрабавала разабрацца «Гродзенская піўная ліга».
Photo by engin akyurt on Unsplash
Звесткі пра гродзенскую калодзежную ваду адшукаў стваральнік праекта па даследаванні і рэканструкцыі беларускага гістарычнага піва «Прыдыбайлавы бровар» Станіслаў Прыдыбайла. Гэта і натхніла аўтара акаўнта «Гродзенскай піўной лігі» ў Instagram Кірыла Мішына. Ён прайшоў 10 км па цэнтры Гродна ў пошуках падземных крыніц вады і пагаварыў са старажыламі. Гістарычны канал Hrodna 11:27 прасачыў яго шлях праз публікацыі ў сацсетцы.
Гісторыкі Яўген Махнач і Алесь Хацько скептычна паставіліся да ініцыятывы Кірыла. Маўляў, калі і была калодзежная вада ў цэнтры Гродна, то ўсё даўно закапана. Кірыл вырашыў праверыць.
«Перш за ўсё я адправіўся на «новы рынак» — суцэльны асфальт, бетон, савецкія пабудовы. Калі і былі калодзежы, то іх даўно ўжо няма», — піша ён. Новы рынак, пра які пісаў манах, вядомы таксама як Сенны рынак. Гэта раён горада паміж сённяшнім гатэлем «Нёман» і вуліцай Сацыялістычнай.
Месца даўняга «Новага рынку». Фота: Гродзенская піўная ліга
Кірыл вырашыў умоўна падзяліць месцы пошуку на верхнюю і ніжнюю тэрасы ў адносінах да ракі. У першую чаргу ён прайшоўся па вуліцах Парыжскай камуны, Падгорнай і Падольнай.
«Калісьці там было шмат калонак. Усе мясцовыя іх памятаюць. Іх закансервавалі альбо проста дэмантавалі».
На Падгорнай і Падольнай ёсць прыватная забудова, але няма калодзежаў. Вядома, што некалькі гадоў таму тут рабілі свідравіну для мясцовага рэстарана ці нейкай іншай арганізацыі. Але гэта вада значна глыбейшая, чым тая, пра якую мог узгадваць манах у XVIII ст.
Спуск з Парыжскай камуны на вуліцу Падгорную. Фота: Гродзенская піўная ліга
На набярэжнай ніякіх крыніц няма, бо яна ўся закатаная зараз у бетон. Ніводнага ручая Кірыл не знайшоў. Але гэта спачатку. Неўзабаве высветлілася, што пару гадоў таму, калі ўзровень вады ў Нёмане моцна знізіўся, на беразе каля Каложы адкрыўся дзясятак дробных крынічак. Але гэта не тое, што шукаў Кірыл: «Такія крыніцы трэба раскопваць, ваду з іх не ўзяць, ды гэта і не тое, што трэба».
На набярэжнай крыніц і калодзежаў няма. Фота: Гродзенская піўная ліга
Калодзеж удалося знайсці ў адным з дамоў на вуліцы Рыбацкай. Але Кірыл не ўпэўнены, што гэта менавіта тое, што ён шукаў.
«Па-першае, далёка ад шуканай кропкі. Па-другое, гэта ніжняя тэраса, і адпаведна вада ўжо іншая».
Чаму Гродзенскай піўная ліга шукае менавіта калодзеж? Справа ў асаблівасці верхняй вады ў ім. Стваральнік праекта «Прыдыбайлавы бровар» Станіслаў Прыдыбайла тлумачыць, што верхняя вада ў калодзежы мякчэй, бо цяжкія металы апускаюцца на дно або іх прамывае цячэнне. Тая вада, што непасрэдна зверху ў калодзежы, значна лепш падыходзіць для піваварства.
Дзве калонкі з вадой удалося знайсці ў ваколіцах Каложскай царквы. Больш варыянтаў здабыць ваду ў цэнтры Гродна няма. Калодзежы закапаныя. Ды і ў калонках, як падазрае Кірыл, вада хутчэй вадаправодная. Крыніцы можна знайсці толькі на ўскраінах горада: у Румлёва і Ласосна. Каб дабрацца да вады, пра якую 250 гадоў таму пісаў манах-езуіт, трэба свідраваць.
Станіслаў Прыдыбайла лічыць гродзенскую вадаправодную ваду з водазабора Гожка падобнай да вады ў Лондане і Мюнхене, якія вядомыя броварнымі традыцыямі. Магчыма, з выкарыстаннем вадаправоднай вады можна было б зварыць Гродзенскі портэр?
У гродзенскай краме для хатніх півавараў samovarow.by наогул лічыць гродзенскую вадаправодную ваду амаль ідэальнай для цёмных гатункаў піва. А вось для светлых, кшталту лагераў, ваду трэба змякчаць з дапамогай фільтраў, бо ў ёй мнагавата жалеза.
У канцы свайго палявога даследавання Кірыл згадвае, што паміж Старым замкам і Каложай, там дзе Гараднічанка ўпадае ў Нёман, некалі існавалі два бровары. Верагодна, гэта былі простыя драўляныя будыніны. Берагі Гараднічанкі былі ў мінулым моцна зарослыя хмелем. А вось адкуль бралі ваду для піваварэння?
«У Гараднічанцы? У Нёмане? У каложскіх крыніцах? Сёння толькі смяротнік пап’е вадзічку з Гараднічанкі», — сумна заканчвае свае разважанні Кірыл.
Закатаныя ў бетон берагі Гараднічанкі. Фота: Гродзенская піўная ліга