Сяржук Доўгушаў – беларускі музыка, мультыінструменталіст, стваральнік гурта Vuraj, вядомы папулярызатар традыцыйнай музычнай спадчыны адмыслова для budzma.org падзяліўся сваім топам улюбёных беларускіх песень.
Фота: fb Сяржука Доўгушава
1. Літо (палеская песня)
Палеская песня з вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна, упершыню пачуў яе ад нашага вядомага філолага, папулярызатара традыцыйных гаворак Палесся, ад Фёдара Клімчука. Яна, паводле маіх адчуванняў, адпавядае настрою жніўня 2020 года, у той час мы яе зрабілі разам з праэктам «TryNici» пры ўдзеле Івана Кірчука і Маргарыты Ляўчук. Адчуваю гэтую песню як своеасаблівую глыбінную беларускую «мантру». Песня летняя, жніўная, варта яе ўзгадаць у гадавіну падзеяў 2020 года.
2. Народная «Ой, да сонцэ» ці «Голубка на вішні»
Гэта песня з альбома Бяседных песняў праекта «Традыцыя». Я яе вельмі люблю стылістычна, паводле гучання. На два галасы з дзяўчынай яе заўсёды прыемна спяваць. Яна найлепш адпавядае нашаму аўтэнтычнаму традыцыйнаму выкананню народных песень.
3. Рада рада («Ой, лятала»)
Улюблёная песня Рыгора Барадуліна, песня ягонай маці. Магчыма, гэта першая песня, з якой пачалася мая любоў да народных песняў і жаданне працаваць з імі, спяваць і г. д. Чуў яе і ад дзядзькі Рыгора, і ў запісы як ягоная маці спявае, пасля мы зрабілі яе разам з гуртом Vuraj, потым быў мой праект «Песні матчыны з Вушаччыны», дзе песня загучала ў тым ліку і ў выкананні хору «Salutaris», там шмат розных варыянтаў гэтай песні зараз можна паслухаць. А мне яна асабліва спадабалася ў выкананні мужчынскіх галасоў, любоў да народных песняў праз мужнынскі голас і нашага выдатнага паэта Рыгора Барадуліна ў мяне пачалася менавіта з песні «Ой лятала».
4.«Пагоня»
Найбольш важнымі для кожнага беларуса песнямі і для мяне асабіста адчуваю нашыя гістарычныя і духоўныя гімны. Першы з іх «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча і музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча. Я з’яўляюся адным з тых людзей, хто ўклаўся ў папулярызацыю гімну «Пагоня» сярод беларусаў: мы і з аркестрам яго запісвалі, потым і караоке выходзіла, спявалі і падчас падзеяў 2020 года вельмі часта. Я зараз знаходжуся ў Чыкага, дзе пахаваны кампазітар Мікола Шчаглоў-Куліковіч, які напісаў музыку да «Пагоні, тут мы летась рабілі вечар памяці гэтага выбітнага творцы. Ну, а словы Максіма Багдановіча кажуць самі за сябе ўсё, да іх і дадаць няма чаго.
5.«Магутны Божа»
Гэта духоўны гімн, які даваў надзею, веру, натхняў некалькі пакаленняў беларусаў. Варта яго ведаць ды не забывацца і нам.
Чытайце яшчэ: «Тут свая Беларусь». Сяржук Доўгушаў - пра новае жыццё ў ЗША
ПЖ, budzma.org