Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: топ-5 беларускіх трэкаў ад Сержука Доўгушава

Сяржук Доўгушаў – беларускі музыка, мультыінструменталіст, стваральнік гурта Vuraj, вядомы папулярызатар традыцыйнай музычнай спадчыны адмыслова для budzma.org падзяліўся сваім топам улюбёных беларускіх песень.


132.jpg
Фота: fb Сяржука Доўгушава

1. Літо (палеская песня)


Палеская песня з вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна, упершыню пачуў яе ад нашага вядомага філолага, папулярызатара традыцыйных гаворак Палесся, ад Фёдара Клімчука. Яна, паводле маіх адчуванняў, адпавядае настрою жніўня 2020 года, у той час мы яе зрабілі разам з праэктам «TryNici» пры ўдзеле Івана Кірчука і Маргарыты Ляўчук. Адчуваю гэтую песню як своеасаблівую глыбінную беларускую «мантру». Песня летняя, жніўная, варта яе ўзгадаць у гадавіну падзеяў 2020 года.

2. Народная «Ой, да сонцэ» ці «Голубка на вішні»

133.jpg

Гэта песня з альбома Бяседных песняў праекта «Традыцыя». Я яе вельмі люблю стылістычна, паводле гучання. На два галасы з дзяўчынай яе заўсёды прыемна спяваць. Яна найлепш адпавядае нашаму аўтэнтычнаму традыцыйнаму выкананню народных песень.

3. Рада рада («Ой, лятала»)

134.jpg


Улюблёная песня Рыгора Барадуліна, песня ягонай маці. Магчыма, гэта першая песня, з якой пачалася мая любоў да народных песняў і жаданне працаваць з імі, спяваць і г. д. Чуў яе і ад дзядзькі Рыгора, і ў запісы як ягоная маці спявае, пасля мы зрабілі яе разам з гуртом Vuraj, потым быў мой праект «Песні матчыны з Вушаччыны», дзе песня загучала ў тым ліку і ў выкананні хору «Salutaris», там шмат розных варыянтаў гэтай песні зараз можна паслухаць. А мне яна асабліва спадабалася ў выкананні мужчынскіх галасоў, любоў да народных песняў праз мужнынскі голас і нашага выдатнага паэта Рыгора Барадуліна ў мяне пачалася менавіта з песні «Ой лятала».

4.«Пагоня»


Найбольш важнымі для кожнага беларуса песнямі і для мяне асабіста адчуваю нашыя гістарычныя і духоўныя гімны. Першы з іх «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча і музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча. Я з’яўляюся адным з тых людзей, хто ўклаўся ў папулярызацыю гімну «Пагоня» сярод беларусаў: мы і з аркестрам яго запісвалі, потым і караоке выходзіла, спявалі і падчас падзеяў 2020 года вельмі часта. Я зараз знаходжуся ў Чыкага, дзе пахаваны кампазітар Мікола Шчаглоў-Куліковіч, які напісаў музыку да «Пагоні, тут мы летась рабілі вечар памяці гэтага выбітнага творцы. Ну, а словы Максіма Багдановіча кажуць самі за сябе ўсё, да іх і дадаць няма чаго.

5.«Магутны Божа»


Гэта духоўны гімн, які даваў надзею, веру, натхняў некалькі пакаленняў беларусаў. Варта яго ведаць ды не забывацца і нам.

Чытайце яшчэ: «Тут свая Беларусь». Сяржук Доўгушаў - пра новае жыццё ў ЗША


ПЖ, budzma.org