Нават праз 100 гадоў пасля кастрычніцкіх падзей шмат хто дагэтуль не разумее, што тады адбывалася ў Беларусі. Мы ведаем пра стрэл з Аўроры і штурм Зімняга, то давайце цяпер разбярэмся з сітуацыяй у Мінску.
Часткі артыкула з зорачкай * – падвышанай цяжкасці.
Пра побыт мінчукоў падрабязна і жыва распавёў доктар гістарычных навук, прафесар гістфака БДУ Аляксандр Гужалоўскі:
У 1917 годзе 44% насельніцтва Мінска складалі габрэі, былі таксама рускія, палякі і беларусы. Кітайцы сталі новай этнічнай групай і пераважна працавалі на тылавых будаўнічых, дарожных, пагрузачна-разгрузачных працах. Таксама сярод мінчукоў з’явіліся сарты (узбекі і таджыкі) і кіргізы (уласна кіргізы і казахі). Яны не размаўлялі па-руску, не ўступалі ў кантакты з мясцовым насельніцтвам і жылі ў намётах у наваколлі горада.
Інфляцыя расла, абясцэньваўся расійскі папяровы рубель. Цэны на асноўныя прадукты харчавання з лютага па кастрычнік выраслі на ім у 5–8 разоў. Напачатку жніўня ў мінскім савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў знаходзілася на ўліку звыш тысячы беспрацоўных. Акрамя іх, у горадзе была “аграмадная колькасць” незарэгістраваных асобаў, якія шукалі працу.
На фоне галечы асноўнай часткі гараджан выдзяляўся шыкоўны лад жыцця штабістаў, земгусараў”, а таксама розных дзялкоў і спекулянтаў, якія нажывалі на аперацыях па пастаўках у дзеючаю армію вялікія грошы. Зрэшты ў гандлю, які рабіўся сродкам выжывання, спрабавалі сябе прадстаўнікі розных сацыяльных груп, нават салдаты, якія адкрыта прадавалі казённую маёмасць на рынках горада.
Хоць кошты раслі, але мінчане працягвалі набываць квіткі ў кіно, тэатры і наведваць клубы. У гарадскім тэатры па-ранейшаму выступала трупа антрэпрэнёра Бяляева з класічнай драматургіяй, містычнымі драмамі і п’есамі рускіх сімвалістаў.
У кіно стужкі “Свята рэвалюцыі ў Маскве”, “Вялікая расійская рэвалюцыя ў Петраградзе” мінчане маглі паглядзець у электратэатры “Мадэрн”. Поўныя касы збіралі сенсацыйныя карціны “Ганьба дома Раманавых”, “Мікалай і балярына” (яшчэ да таго, як абмяркоўваць “Мацільду” стала мэйнстрымам, – прым рэд.). Значную цікавасць мінчан таксама выклікалі першыя мастацкія стужкі.
Пасля адмены цэнзуры павялічылася колькасць эратычных стужак. “Тайны гарэма”, “Арамат граха”, “Аголеная” не патрабавалі дадатковай рэкламы. Некаторыя з іх претэндавалі на рэвалюцыйную пастаноўку пытання аб шлюбе і сям’і.
Распад старых сацыяльных сувязяў, а таксама нестабільная сацыяльна-эканамічная сітуацыя стваралі спрыяльнае асяроддзе для міфатворчасці ў выглядзе чутак. Так, у чэрвені мінчане абмяркоўвалі “навіну” пра тое, што ў горад на сталае жыхарства прыедзе Ленін. Яшчэ казалі, што нямецкія аэрапланы раскідваюць над горадам і наваколлем бутэлечкі з невядомай вадкасцю. Новую хвалю слухаў справакавалі “нейкія цёмныя пракламацыі”, якія заклікалі салдат кідаць зброю, а сялян – захопліваць панскую зямлю.
У шматлікіх крыніцах часы пераз кастрычніцкімі падзеямі апісваюць як галечу і безуладдзе. Натуральна, часы былі складаныя, аднак у Мінску дзейнічаў гарадскі орган самакіравання, што даваў рады па розных пытаннях. Аляксандр Гужалоўскі працягвае:
У 1875 г., падчас правядзення гарадской рэформы, у Мінску былі адроджаны традыцыі муніцыпальнага самакіравання ў выглядзе гарадской думы, куды абіраліся не менш 30 гласных тэрмінам на 4 гады.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. палітычныя пазіцыі мінскага цэнзавага муніцыпалітэта аслаблі, што тлумачылася перш за ўсё непрыманнем левай дэмакратычнай грамадскасцю абмежаванасці складу органа гарадскога самакіравання.
5 сакавіка 1917 г. у гарадской управы з’явіўся новы сусед – у будынку, якая яна раней дзяліла з паліцэйскім участкам, места апошняга заняў Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Паміж новымі суседзямі не ўзнікала канфліктаў, наадварот рабіліся крокі па ўсталяванні супрацоўніцтва.
Грамадская вага Мінскай думы значна падвысілася пасля прыняцця закона 17 красавіка 1917 г. “Аб міліцыі”, які скасоўваў паліцыю, надаваў міліцыянерам статус муніцыпальных служачых, а начальнікаў гарадской і павятовай міліцыі падпарадкаваў гарадскім думам. Такім чынам, новыя органы аховы правапарадку, у адрозненні ад паліцыі, падпарадкаванай уладнай вертыкалі ў асобе губернатара, сталі структурнай часткай органаў мясцовага самакіравання.
Адным з найбольш прыярытэтных накірункаў працы думы ва ўмовах вайны і рэвалюцыі з’яўлялася харчовае забеспячэнне насельніцтва. Напрыклад, у сакавіку 1917 г. у складзе гарадской управы з’явілася новая “агародная камісія”, якая з дапамогай арцеляў бежанцаў і ваеннапалонных арганізавала пасадку бульбы на 50 дзесяцінах зямлі ля хутара Людамонт.
Не менш важным кірункам працы гласных было ўтрыманне належнага санітарнага стану горада, а таксама забеспячэнне палівам напярэдадні ацяпляльнага сезона.
Бурным было пасяджэнне мінскай гарадской думы 27 кастрычніка 1917 г., на якім абмяркоўваўся захоп бальшавікамі ўлады ў Петраградзе. Гласны кадэт Фамін назваў бальшавікоў “купкай авантурыстаў, фанатыкаў, поспех якіх тлумачыцца непісьменнасцю мас, а заклілкі вядуць да братазабойчай вайны”. Гласны меншавік Скаржынскі ахарактарызаваў палітыку бальшавікоў як “памылковую”, але заклікаў прысутных да “мірнага вырашэння крызіса”.
У горадзе ніхто не страляў, не браў будынкі штурмам і не выходзіў на вуліцы. Наадварот, збольшага людзі намагаліся заставацца ў сваіх дамах. Сама ж змена рэжыму адбылася амаль незаўважна.
Да восені 1917 г. у мінчан назапасілася стомленасць ад штодзённых гарамадска-эканамічных праблем, якія ўжо набывалі характар гуманітарнай катастрофы. Гэтая псіхалагічная стомленасць у значнай ступені абумовіла тое, як у горадзе была ўсталявана савецкая ўлада.
Удзельнік тых падзей, камуністычны дзеяч В.І. Солскі ўзгадваў: “26 кастрычніка, раніцаю, па ўсім горадзе былі расклеены чырвоныя плакаты. Гэта быў “Загад № 1 насельніцтву Мінска і наваколля”. Ён быў падпісаны мінскім Саветам. Перад плакатамі збіраліся невялікія купкі людзей, чыталі іх даволі апатычна, ішлі далей… Здавалася, што горад быў паралізаваны. Не было ніякіх праяў энтузіязма ці прынамсі радасці. Нават салдаты, якія падтрымлівалі новую ўладу, былі змрочныя, неахвотна размаўлялі з мінакамі. У Савеце настрой быў нервовы, але таксама не ўзняты, не радасны… У кастрычніцкія дні ні ў Мінску, ні на фронце не было ніякіх дэманстрацый, ніякіх мітынгаў ні за, ні супраць таго, што адбылося ў Петраградзе”.
“У гадзіну ночы ў Менскі савет, у якім большасць складалі бальшавікі з фронту, прыходзіць тэлеграма, што ў Петраградзе бальшавікі ўзялі ўладу. Тады бальшавікі тэрмінова, не паклікаўшы нават прадстаўнікоў іншых партыяў, што былі ў складзе гэтага савету, сабралі паседжанне і выдалі загад № 1 аб тым, што ўся ўлада ў Беларусі пераходзіць у іхнія рукі. Можна сказаць, што рэвалюцыя ў Беларусь прыйшла па тэлеграфу”, – распавядае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянцін Мазец. – “Большасьць менчукоў даведаліся пра падзею са слупоў, якія бальшавікі заклеілі ўлёткамі са сваім першым загадам. Пра гэта пісаў той жа Лёсік. Былых зняволеных (і крымінальнікаў, і палітычных) выпусцілі з турмы. Правялі мітынг, усіх іх запісалі ў першы рэвалюцыйны полк і загадалі гэтаму палку бараніць уладу”.
“Усё заставалася на сваіх месцах, празавала гарадская дума, мінскі савет. Але была створана новая структура – рэвалюцыйны камітэт. Гэта адзінае. Ёсць цудоўныя ўспаміны польскага сацыяліста Вацлава Сольскага, і на беларускай мове яны вышлі. Ён апісвае кожны дзень, і мы бачым, што ўсё было спакойна. Канешне, ішоў рух за перадзел улады, актывізаваліся беларускія нацыянальныя арганізацыі. Калі адбылася лютаўская рэвалюцыя, тады людзі выйшлі на вуліцы, былі мітынгі, дэманстрацыі, перайменаванне вуліц. Было бачна, што звяржэнне манархіі – значная падзея. А захоп улады бальшывікамі паводле газет і першакрыніц збянтэжыў людзей, яны проста не разумелі, што адбываецца. Была пэўная дэпрэсія і напружанае чаканне. Пішуць, што прыйшоў бронецягнік з Петраграда, але гэта толькі яшчэ больш перапужала людзей, і ўсе пахаваліся. Пасля была уведзеная каменданская гадзіна. Гэта мы цяпер разумеем, што да ўлады прыйшла сіла, якая вызначыла кірунак развіцця цывілізацыі. А тады ніхто не ведаў, што будзе далей, каля 6 мільёнаў закатаваных чалавек у ГУЛАГах, усё было спакойна”.
Шырокі поспех бальшавікоў у 1917 годзе, – кажа А. Гужалоўскі, – быў у войску, дзе большасць складала сялянства, якое прагла міру і зямлі. А менавіта гэта і абяцалі ў выпадку прыходу да ўлады бальшавікі. Пасля кастрычніка з салдатаў былі створаныя баявыя аддзелы, якія падпарадкоўваліся Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту. Увосень 1917 г. з’явілася агульная стомленасць ад шматлікіх выбараў у органы самакіравання, саветы, камітэты, кіраўніцтва грамадскіх арганізацый. Пашырылася пэўнае расчараванне ў грамадскіх структурах, якія не спрыялі вырашэнню надзённых праблем – харчовага забеспячэння, барацьбе са злачыннасцю і інш. У грамадстве з’явіўся запыт на моцную дзяржаўную ўладу, здольную навесці парадак ва ўсіх сферах жыцця. На гэты запыт адразу ж адгукнуліся левыя радыкалы, якія пасля звяржэння Часовага ўраду і скасавання мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання разгарнулі наступ на “старое” грамадства.
Гэтая палітыка знайшла падтрымку не толькі ў бяднейшай частцы насельніцтва беларускіх гарадоў, мястэчкаў і вёсак. Левыя ідэі панавалі ў галовах значнай часткі інтэлігенцыі. Нават людзі, што былі матэрыяльна забяспечаныя, таксама падзялялі левыя ідэі. Калі хочаце, тады было модна быць левым. Напрыклад, абраная летам 1917 г. мінская гарадская дума была сацыялістычная.
Паўсядзённае жыццё мінчан у 1917 годзе адлюстравала складаную рэчаіснасць пераходнага стану грамадства, транзіт ад імперскай да новай, рэспубліканскай сацыяльнай рэальнасці. Старая дзяржаўная канструкцыя была разбурана, новая – знаходзілася ў стадыі станаўлення. Рэвалюцыйны энтузіязм, ахапіўшы мінчан вясной 1917-га паступова знікаў пад уздзеяннем матэрыяльных ўмоваў жыцця, якія ўвесь час пагаршаліся. Жыллёвы крызіс, інфляцыя, беспрацоў’е, злачыннасць, эпідэмічныя захворванні і іншыя сацыяльна-эканамічныя праблемы, ва ўмовах слабой дзяржаўнай улады, прымушалі мінчан распрацоўваць індывідуальныя стратэгіі выжывання. Пералом эпох, што адбыўся ў 1917 годзе, найбольш балюча ўдарыў “маленькага” чалавека, які ў “Вялікай рускай рэвалюцыі” ўбачыў страту старога стабільнага жыцця, неспрыяльнае для яго развіццё рэвалюцыйных падзей, якія да восені набылі характар гуманітарнай катастрофы, а таксама няпэўныя перспектывы на будучыню.
А тое, чым займаліся бальшавікі цягам наступных 70 гадоў называецца сацыяльнай інжынерыяй. За гэтым абстрактным выразам схаваны крывавыя рэпрэссіі і знішчэнне ўсіх, хто не падабаўся славутым інжынерам камуністычнай партыі. Аднак афіцыйна чырвоны тэрор пачаўся толькі праз год, хаця выкарыстоўваўся раней. І гэтая тэма вартая асобнага даследвання.
А вось і падаруначак! Гэта пасведчанне Язэпа Дылы 1917 г, падпісанае ваенным камендантам Мінска палкоўнікам Кузьмінскім, якое дазваляла Дылу наведаць бацькоў у Слуцку. Раней яно не публікавалася, так што атрымлівайце задавальненне. Дзякуй за яго спадару Гужалоўскаму.
Марыя Грыц