«У беларускім грамадстве адбываецца шмат усяго. І відавочна, што часам нельга не рэагаваць эмацыйна. Рэфлексіі — добры спосаб выказаць пачуцці, неяк адчуць і зафіксаваць сабе. Але апошнім часам усё часцей можна назіраць сітуацыі, калі занадта шмат беларусаў не проста выказваюць свае асабістыя меркаванні, а падаюць іх, як ісціну ў апошняй інстанцыі. З апломбам эксперта, прычым самазванага». Пісьменніца Ганна Златкоўская разважае на Budzma.org пра сваркі беларусаў у сацсетках.
Чытаючы пасты ў сацыяльных сетках, толькі здзіўляешся, колькі побач псіхолагаў, псіхааналітыкаў, палітолагаў, сексолагаў і нават іміджмейкераў. Гэтыя людзі ўсё ведаюць, ім да ўсяго ёсць справа. Колькі каштуе твой гадзіннік і чаму так дорага. Як перамагчы дыктатуру — прычым вам, а не чуваку па той бок экрана, які ўстане з канапы хіба што дзеля кубка кавы. Гэтыя эксперты ведаюць, як вам трэба паводзіць сябе са сваім мужам — трэба разысціся альбо яшчэ пацярпець і чаму.
Яны разбіраюць вашы жыцці на атамы, з прагнасцю молі выгрызаюць у вашым лёсе дзіркі, пакідаючы толькі лахманы на знішчэнне іншым экспертам, якія не пагрэбуюць залезці нават у ложкі — толькі б не маўчаць, толькі б выказацца.
«Эксперты» з сацсетак разбіраюць вашы жыцці на атамы. Малюнак Андруся Такінданга
Раней бабулі сядзелі каля пад’ездаў і шапталі ў спіну: «Прастытутка», — цяпер яны пераехалі ў Фэйсбук, але нават не шэпчуць, а крычаць. Ім сумна жыць сваё жыццё — чужое цікавей. Бо калі прыйдзецца зазірнуць у сябе, то апынецца, што нічога і няма: ні нейкіх дзеянняў, за якія не сорамна, ні кахання, ні папулярнасці (а хочацца), ні нават памылак, таму што памылкі з’яўляюцца, калі нешта робіш і дзякуючы гэтаму расцеш як асоба.
А вось калі маеш меркаванне наконт іншых — тады ты існуеш! Маеш веліч! Тым больш, што побач заўсёды знойдуцца тыя, хто падхопіць сяброўскім хорам, каб дзень за днём абмяркоўваць і «экспертаваць», пакуль не разрадзіцца батарэя.
Самазваныя эксперты рэдка рэфлексуюць наконт сябе, яны нават не заўважаюць, што часам выглядаюць смешна са сваімі парадамі. Гэта, ведаеце, як нейкая знаёмая (сустракала шмат такіх у сваім жыцці), якая развялася з мужам, але вучыць усіх, як быць шчаслівай у шлюбе. Альбо вось яшчэ прыклад з жыцця — сябра расказваў. Аднаго мужчыну звольнілі з працы за непрафесійнасць (ён там нешта прадаваў), дык ён пачаў выкладаць на курсах па продажах.
Калі маеш меркаванне наконт іншых — тады ты існуеш! Малюнак Андруся Такінданга
Канешне, ніхто з нас не анёл — амаль кожны гаворыць аб іншых людзях. Нам нехта падабаецца, нехта — не, штосьці раздражняе, штосьці выклікае зайздрасць альбо захапленне — чаму б не патрындзець? Але ёсць розніца паміж сяброўскімі размовамі і экспертнай думкай, якая абавязкова павінна быць пачута, прынята і зроблена. І халера з тым, што эксперт гэты не псіхолаг, не палітолаг, а, напрыклад, рэстаратар альбо журналістка.
Вельмі шкада, што грамадства не чуе розніцы паміж асабістым меркаваннем і сапраўдным аналізам, хаця яна відавочная.
Эксперт апіраецца на досвед, аналітыку, гістарычны вопыт і гэтак далей. А балаболы толькі даюць парады без адчування таго, што сапраўды адбываецца ўнутры нейкай сітуацыі, не ведаючы ўсіх абставін.
І яшчэ больш шкада, што за ўсімі гэтымі разборкамі страчваецца эмпатыя. А менавіта яна павінна стаяць перад усім у нашай усеагульнай складанай сітуацыі. Бо, вяртаючыся трошкі вышэй, — памылкі робяць тыя, хто нешта робіць. Каб кожны эксперт, акрамя прасціны пастоў у сацсетках, паказваў сваім прыкладам, як насамрэч мяняць гэты свет да лепшага — было б значна прасцей усім нам.
Ганна Златкоўская, Budzma.org