Мацкевіч і «беларуская руская мова». ОК, але ёсць нюанс

20.10.2025
Філосаф Уладзімір Мацкевіч прапанаваў паздзекавацца з расійскай мовы па пранцыпе «як чуецца, так і пішацца». Цікавы фармат тролінгу, але ёсць куды больш простыя хады, каб захаваць сваю іншасць. Якія? Вось што прапаноўвае папулярызатар гісторыі, пісьменнік і публіцыст Алесь Кіркевіч.

У чым ідэя Мацкевіча? Грамадства русіфікаванае. Гэта вынік несвядомага выбару: так гаворыць атачэнне. Беларусізацыя патрабуе неардынарных падыходаў. 

Філосаф кажа: давайце скарыстаемся прыкладам шатландцаў і валонцаў, якія маюць свае варыянты ангельскай і французскай. Суржык: «як чуецца, так і пішацца». Гэта, маўляў, мяккае падкрэсліванне сваёй адметнасці, каб не страціць мову цалкам...

Nie pakidajcie ž movy

Мацкевіч мае рацыю? 

Так, Мацкевіч мае рацыю. У плане кірунку думкі, але не ў плане рэалізацыі. Сапраўды, рамантычныя падыходы да беларусізацыі не працуюць. Факт. Адсутнасць беларусізацыі стварае вакуум, які ўжо запоўнены расійшчынай. Гэта праблема. 

І тут цікавая думка філосафа: «Паколькі гэта дзяржаўная мова, мы маем над ёю суверэнітэт, мы можам яе рабіць такой, як хочам, не ўзіраючыся на пастановы (...) расійскіх лінгвістаў і філолагаў»

Вось менавіта — суверэнітэт. Што мы можам зрабіць у рамках гэтага суверэнітэту? Заняцца нэймінгам. Прычым няважна, на якой мове гаворым. Наўпрост перастаць называць мову ўсходніх суседзяў — рускай. Іх краіну — Расіяй. Чаму? Бо гэта не адпавядае нашай гістарычнай традыцыі.

Першае знаёмства — як «першае каханне»

Глядзіце, з усходнімі суседзямі мы пазнаёміліся 500 год таму як «маскавітамі». Тое першае знаёмства, як «першае каханне», было вызначальным: мы і яны — розныя. Магілёўцы пачатку XVII ст., якія хадзілі на Масковію за нявольнікамі, цудоўна гэта разумелі. Бо самі сябе лічылі рускімі, сваю мову — рускай. А там, за Раслаўлем — маскалі. 

Той момант, што іхны Пётр вырашыў зрабіць рэбрэндынг і назваць сваю дзяржаву «Расіяй» — нам не цікавы. Мы наогул можам пра гэта не ведаць. Маем суверэннае права. Яны ж робяць выгляд, што не ведаюць пра нашу гісторыю і іншасць. Мы — адказваем сіметрычна. 

Ці вось прыклад. Кожны школьнік адчувае, што яго падманваюць, калі чуе пра «Рускую Біблію» Скарыны. І гэта, маўляў, старабеларуская, хоць Скарына пра такую мову не чуў. Скарына — наш. А хто ж тады — мы самі?.. Варта ўдакладніць. Наша мова — беларуская. У часы ВКЛ — руская. А мова суседзяў — маскавіцкая.

Замяніць RU на MSK

Naša voźmie

Нэймінг — працуе. Прычым незалежна ад таго, як мы пішам: па-беларуску, па-расійску, па-ангельску. Галоўнае, што гэтак пішам — мы. Маючы сваю сістэму каардынатаў і геаграфію: дзе хто жыве і як яго называць. А назоў — вызначае стаўленне. Без разумення таго, што за Веліжам жывуць маскавіты, наш нацыянальны канструкт не складаецца. 

Уявіце сабе твар расіяніна, які прыязджае у Менск і чуе, што ён сам — гаворыць на «маскавіцкай мове», жыве «на Масковіі», а «рускі» — гэта наогул не пра яго?.. Прычым суразмоўца з ім гаворыць, здаецца, на той самай мове. А сістэма каардынат — іншая. Для гэтага не трэба выдаваць «падручнік беларускай рускай мовы». Дастаткова замяніць RU на MSK.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org