Беларуская ілюстратарка Кацярына Дубовік намінавана на прэстыжную еўрапейскую прэмію

Беларуская мастачка і ілюстратарка Кацярына Дубовік намінавана на Прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн (швед. Litteraturpriset till Astrid Lindgrens minne) — міжнародную дзіцячую літаратурную прэмію, заснаваную шведскім урадам у 2002 годзе ў гонар шведскай дзіцячай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн, піша bellit.info.

Kaciaryna Dubovik

Прэмія Ліндгрэн штогод адзначае аднаго або некалькіх творцаў за іх кар’ерны ўклад альбо ўстановы за іх доўгатэрміновую ўстойлівую працу. У прыватнасці, гэта павінны быць «аўтары, ілюстратары, вусныя апавядальнікі і папулярызатары чытання», чые «творы найвышэйшай якасці і адпавядаюць духу Астрыд Ліндгрэн».

Мэта прэміі — павысіць цікавасць да дзіцячай і моладзевай літаратуры і прасоўваць правы дзяцей на культуру на глабальным узроўні.

Фонд прэміі складае пяць мільёнаў шведскіх крон (больш за 450 тысяч еўра), што робіць яе самай багатай узнагародай у дзіцячай літаратуры і адной з самых шчодрых літаратурных прэмій у свеце.