Тэрыторыя сучаснай Беларусі мае багатую гісторыю, асноўную частку якой займаюць дзве з найбуйнейшых на тыя часы дзяржаў: Вялікае Княства Літоўскае, а потым Рэч Паспалітая. Іх гісторыя настолькі багатая і насычаная, што выдатна падыходзіць для гістарычнага кіно. На жаль, часы СССР і іншыя сучасныя чыннікі вельмі моцна перашкаджаюць здымаць фільмы пра ВКЛ і РП у нас і ў некаторых суседзяў, але ўжо існуе пэўны шэраг кінастужак, якія варта паглядзець, калі вам цікавыя падзеі тых часоў. А каб доўга не шукаць, трымайце падборку з 5 фільмаў пра часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Агнём і мячом
(1999, Польшча)
Так ужо сталася, што толькі Польшча мела шэраг магчымасцяў займацца гісторыяй больш свабодна, бо была адзінай краінай былой РП, якая не зʼяўлялася савецкай рэспублікай.
Калі казаць пра “Агнём і мячом”, то гэта 4-серыйны фільм рэжысёра Ежы Гофмана з вельмі вялікім для польскага кіно бюджэтам (ажно 8 мільёнаў даляраў). Так ужо склалася, што менавіта Гофман зняў шэраг фільмаў на тэму Рэчы Паспалітай, таму вы яшчэ сустрэнеце ягоныя працы ў нашай падборцы. Фільм жа распавядае пра падзеі паўстання Багдана Хмяльніцкага. Гэта не дакументальнае кіно, таму нейкія гістарычныя недакладнасці маюць права быць. Сам фільм мае добры гумар, выдатна паказвае меркаваны дух той эпохі, якая выглядае вельмі праўдзіва. Баі прыемныя, ігра актораў добрая, дух Рэчы Паспалітай адчуваецца – а што яшчэ трэба для такога гістарычнага фільма? Агульны хранаметраж — 175 хвілін, што выдатна падыдзе для прагляду з добрай кампаніяй.
Патоп
(1974, Польшча, СССР)
Чарговы фільм вядомага польскага рэжысёра Ежы Гофмана, які гістарычна працягвае гісторыю Рэчы Паспалітай пасля падзей “Агнём і мячом”.
Вайна са Швецыяй, здрады, жыццёвыя абставіны і каханне… Гэты польскі фільм акунае нас у гісторыю Анджэя і яго каханай Аляксандры. І як бы ўсё нічога, калі б праз жыццёвыя абставіны галоўны герой не аказваецца па іншы бок барыкад, залічаны сябрамі, сваякамі і радзімай у здраднікі. Дык чым скончыцца гісторыя кахання? Ці зможа Анджэй вярнуцца да сваіх мясцін і чым увогуле скончацца гэтыя падзеі? Менавіта пра гэта распавядзе фільм “Патоп”. Сама стужка мае дзве версіі пракату: савецкая (2 серыі і 218 хвілін хранаметраж) і поўная (315 хвілін). З перакладам у сеціве магчыма знайсці толькі першую версію, але носьбітам польскай мовы будзе нескладана паглядзець і арыгінал.
Пан Валадыёўскі
(1969, Польшча)
І завяршае польскі цыкл стужак пра Рэч Паспалітую ад Ежы Гофмана фільм “Пан Валадыёўскі”. Як і ўсе мінулыя фільмы, ён зняты па матывах аднайменных раманаў польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча, што даюць нам магчымасць наглядна пабачыць, якім чынам маглі разгортвацца падзеі і быт людзей у кантэксце тых гістарычных падзей. Трэці фільм акунае нас у часы вайны РП з Турцыяй. У гэтай стужцы перад намі паўстае драма шляхціца Міхала Валадыёўскага сярод бязлітаснай барацьбы з асманамі. Страціўшы нявесту, ён, прыроджаны воін, пайшоў шукаць супакаенне ў манастыры. Яго стары сябар, пан Заглоба, даведаўшыся пра гэта, выманьвае яго на волю. І калі гэта атрымалася, наш галоўны герой кідаецца ў вір падзей: краіна зноў у вайне, туркі наступаюць і любая шабля на рахунку… Сам сюжэт даволі банальны для такой гістарычнай стужкі: старая рана, выпадак вымушае ўзяць зноў меч у рукі, каханне, драма, вайна і смерць… У прынцыпе, нічога новага. Але ж Ежы Гофман выдатна спалучае камедыйныя моманты, звычайны побыт тагачаснай шляхты з маруднай пагібеллю вялікай дзяржавы, якая пастаянна адгукаецца ў трагедыях персанажаў. Гэты перыядычныя намёкі на тое, што Рэч Паспалітая паціху ідзе да свайго канца, што менавіта абыякавасць большасці да лёсу сваёй радзімы прывядзе яе да таго, што потым і адбылося, стварае моцную атмасферу і глыбіню гэтых стужак Ежы Гофмана. Таксама гэтая трылогія яўна паказвае сумны факт – найлепшыя дзеці айчыны вельмі часта рана паміраюць, а вартых застаецца ўсё меншш. Таму вердыкт – раім да прагляду.
Багдан-Зіновій Хмяльніцкі
(2006, Украіна)
Гісторыя, асабліва паўстанні і войны, заўсёды прапануе некалькі бакоў гледжання на яе. І паўстанне Багдана Хмяльніцкага – не выключэнне. Гэтая стужка, зробленая на замову ўкраінскага міністэрства культуры, выкладае свой погляд на гэтыя падзеі, дзе Хмель – вялікі стратэг і нацыянальны герой, а Рэч Паспалітая – акупанты і ўзурпатары. Фільм паказвае падзеі бітвы пад Збаражам – менавіта яна сталася самай цяжкай для ўкраінцаў. Трагічная гісторыя жыцця гетмана Хмяльніцкага пераплятаецца з гісторыяй Рэчы Паспалітай, і калі перамога ў бітве ўжо відавочная, здараецца непрадбачанае… Менавіта гэтая параза прывяла да правалу ўсяго паўстання. Не нам судзіць, хто тады меў рацыю, а хто не. Але калі вам цікавы ўкраінскі пункт гледжання на тыя падзеі, вы хочаце пабачыць якасную гістарычную драму і нядрэнныя здымкі – гэты фільм для вас.
Пастка для зубра
(1992, 1994,1995, Беларусь)
І завяршае нашую падборку беларуская трылогія “Пастка для зубра”. У адрозненне ад польскай трылогіі, яна планавалася як цэльны твор і мае пэўную сюжэтную лінію, менавіта таму мы і падаем яе адразу ўсю, а не як фільмы Ежы Гофмана. Самая вялікая перавага гэтых стужак над мінулымі ў тым, што гэта наша вытворчасць, а самае галоўнае – толькі ён з нашай падборкі распавядае пра падзеі Вялікага Княства Літоўскага. Трылогія складаецца з трох стужак: “Прыйдзі і віждзь”, “Пастка для зубра. Ягайла” і “Пастка для зубра. Вітаўт”. Усе фільмы распавядаюць пра падзеі княжання князя Кейстута, Крэўскую ўнію, адносіны паміж братамі, у прыватнасці Вітаўтам і Ягайлам, іх жыццё, уладаранне, узаемаадносіны і пра падзеі, якія пры іх адбываліся. Гэтыя стужкі нельга назваць гульнявым кіно, бо тут вы не пабачыце вялікіх боек, выдатных здымак і нечага захапляльнага. Але ж пры гэтым тут дасканала і па-беларуску распавядаецца сама гісторыя, якія прывяла ВКЛ да залатога стагоддзя, а самае галоўнае – у незвычайнай, але прыемнай форме. Калі казаць шчыра, то па жанры гэтая трылогія бліжэйшая да арт-хаўса, чым да звычайнага гістарычнага кіно. Таму калі вы хочаце пабачыць айчыннае кіно, якое стваралася у першым пяцігоддзі незалежнасці, пачуць выдатную беларускую мову і дакрануцца да падзей княжання Ягайлы і Вітаўта, то “Пастка для зубра” стане для вас выдатным варыянтам.
Багдан Сакалоў