7 лістапада “Крамбамбуля” прэзентуе ў Вільні свой развітальны альбом “Чырвоны штраль”, які мае хутка выйсці. Лявон Вольскі распавядае пра 5 галоўных песень, якія таксама прагучаць падчас канцэрта, пасля якога гурт плануе “сыйсці ў лясы”. Квіткі забяспечаны бясплатнымі візамі.
“Абсэнт” з альбома “Застольны альбом” (2002)
Калі я прынёс музычную напрацоўку на рэпетыцыю, то ўсе смяяліся, што гэта будзе “Элен і рабяты”, але потым з’явіўся тэкст адносна сур’ёзны, лірычны і ўсё атрымалася. Альбом па канцэпцыі быў інтэрнацыянальны, а гэтая песня ілюстравала Францыю і яе напой. Такая універсальная песня, што на карпаратывах заўжды добра ідзе, тым больш што шмат круцілася на радыё на пачатку “беларускіх адсоткаў” увясну 2003. Генетычная памяць адразу кідае асобаў жаночага полу ў рукі асобаў мужскога (усміхаецца). На здымках кліпа, дарэчы, пілі сапраўдны абсэнт. Спрабавалі не піць, але на трэцюю гадзіну не вытрымалі.
“Госці” з альбома “Каралі раёну” (2003)
Напрацоўка з’явілася адразу пасля першага альбома. Хацелася зрабіць нешта кшталту Ману Чао, быў рэфрэн, але не было зразумела, куды ісці па тэксце. Але потым Анечка прыдумала запрасіць Міхалка з Кулінковічам і адразу пайшла дваровая-сяброўская тэматыка. Мы спачатку ставілі на “Люблю”, як галоўны хіт. Міхалок запісаў сваю партыю ў ёй, а потым як пачуў “Госці” сказаў адразу, што вось – гэтая яшчэ лепш… Наогул вельмі добры быў праект, інтэграцыйны. Мы былі знаёмыя, нейкія стасункі былі, але гэта было знаёмства з іншага боку і на іншым узроўні. Дзіўна, што замест “Хтосьці ёсць, няма кагосьці” людзі часам спяваюць “Хтосьць есць, няма кагосьці”. Атрымліваецца нейкі гімн канібалізму (усміхаецца).
“Турысты” з альбома “Радыё Крамбамбуля 0,33 FM” (2004)
Песня з’явілася, калі мы і нашы сябры пачалі ездзіць на адпачынак па-за межы былога Саюзу. У тэксце згадалі нейкія сітуацыі, у якія траплялі нашы сябры – пра той жа клафілін. Ну і заўжды на любым курорце ёсць гэтыя “авантурысты”, якія ўвесь час шукаюць прыгодаў – алкагольных і іншых. Як на мяне, гэта наогул адзін з найлепшых альбомаў “Крамбамбулі” – пры тым, што запісвалі яго хутчэй як сінгл і анонс некалькіх праграм. Вельмі смешныя перабіўкі. Калі іх прыдумалі, я быў у туры па Польшчы з іншым праектам. Мы былі яшчэ не вельмі падкаваныя тэхналагічна, таму свае кавалачкі я папрасіў запісаць і адаслаць аднаго з польскіх журналістаў, які браў у мяне інтэрв’ю.
“Без цябе” з альбома “Святочная” (2007)
Альбом быў прысвечаны розным святам. Але пісалі яго ўжо пад забаронамі, якія пачаліся на пачатку 2005 года. Таму больш альтэрнатыўны па музыцы і ўпершыню з гісторыі “Крамбамбулі” да святочнага настрою далалося трохі злосці і суму. Але сама песня светлая і лірычная, пра дзень св. Валянціна. Відэа з першага вялікага канцэрта ў Мінску пасля “размарозкі”, які адбыўся ў лютым 2008 года. Там было шмат дуэтаў – вельмі прыгожа атрымалася, увесь канцэрт ёсць на відэа. Па сутнасці, гэта быў апошні вялікі выступ для першага складу “Крамбамбулі”, дзе на гітары граў Сяргей Канановіч, на бас-гітары Уладзік Плюшчаў, на бубнах Коля Белановіч, які замяніў нашага першага бубнача Сашу “Ганса” Быкава. Дарэчы, сустрэлі яго днямі – вельмі прыемна і весела было пабачыцца.
“Карчомка” з альбома “Драбадзі-драбада” (2011)
Пакуль запісвалі альбом, ізноў патрапілі пад забароны. Ну, і наогул ілюзій ужо не было. Таму шмат гучных гітар, можа нават часам зашмат. Запісвалі вельмі доўга. У альбоме мы рабілі свае версіі народных песень краін Еўропы. Усе ў дзвюх версіях – беларускай і на мове арыгіналу. Найцяжэй было з нямецкай, таму што там амаль скарагаворка. Гэта песня беларуская. Трохі з габрэйскім акцэнтам, але гэта весела, бо можа скарыстаць тэмы клезмера. Заўжды збірае на канцэрце шмат людзей.
Bonus track: “То ня дудка” з альбома “Чырвоны штраль” (2015)
Першая песня з новага альбома, які мае хутка выйсці. Там ёсць сёр’ёзныя рэчы і не вельмі, рэалістычныя кампазіцыі і фантастычныя. “То ня дудка гучыць” – па тэксце і музыцы прыпева гэта цытата са старой вайсковай-шараговай песні, якую ці то балахоўцы спявалі, ці то ўдзельнікі Слуцкага паўстання – я калісьці ў часопісе “Спадчына” яе знайшоў. Цікава, што адначасова на гэтую ж музыку чырвонаармейцы спявалі свой тэст – такі вось дысананс. Гэта адна з першых песень, якую мы зрабілі да альбома. Да аранжыравання прыклаў руку Паша Аракелян. У мяне была версія больш балканскага тыпу, а ён вось такую зрабіў. Атрымалася нешта нешта паміж братамі Блюз і Квінсі Джонсам (усміхаецца).
***
Канцэрт у Вільні будзе складацца з дзвюх частак: у першай прагучыць новы дыск “Чырвоны штраль”, у другой – лепшыя песні ад пачатку існавання за ўвесь час існавання праекта. Альбом названы ў гонар віленскай кавярні, дзе на пачатку 20-га стагоддзя сустракаліся прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку стваральнікі БНР.
Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам з 6 да 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Працэдура разгляду візавых хадатайніцтваў – спрошчаная, таму даведкі з месца працы/навучання, пацверджанні платаздольнасці не патрабуюцца. Пакрокавая інструкцыя па атрыманні візы і рэгістрацыя на падачу дакументаў– http://www.graffiti.by/2015/vilnius/.
Квіткі: танцпол – 620 тыс. руб., сядзячыя – ад 860 да 1100 тыс. руб. Продаж у Беларусі – у касах і на сайце Kvitki.by, а таксама ў паб-клубе “Графіці” (г.Мінск, пер.Калініна 16). Інфалінія ў Беларусі: 638-4444 з любога аператара
Facebook – https://www.facebook.com/events/1637009276572251/