Унікальная царква абарончага тыпу, адна з усяго дзвюх у Беларусі, рэнесансны касцёл XVII стагоддзя, разнастайныя прыклады неагатычных бажніцаў — каб пабачыць гэтыя архітэктурныя цуды, выпраўляемся ў вандроўку на Гарадзеншчыну, у Зэльвенскі раён.
Зэльва, панарама. Фота: planetabelarus.by
1. Свята-Міхайлаўская царква ў Сынкавічах
Сынкавіцкая Свята-Міхайлаўская царква — унікальны прыклад «праваслаўнай готыкі», узведзены яшчэ ў ХVI стагоддзі. Падобных цэркваў у Беларусі ўсяго дзве: у Мураванцы, што на Шчучыншчыне, і тут, у Зельвенскім раёне. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, храм быў пабудаваны яшчэ раней, на пачатку XV стагоддзя, самім князем Вітаўтам.
Якая версія больш слушная, вырашаць спецыялістам, але дакладна можна сказаць, што Сынкавіцкая царква з’яўляецца адной з самых старажытных культавых пабудоваў Беларусі.
Свята-Міхайлаўская царква. Фота: planetabelarus.by
Свята-Міхайлаўская царква лічыцца храмам абарончага тыпу з усімі характэрнымі для яго рысамі: масіўныя вежы, байніцы разнастайнага памеру пад розныя віды зброі, наяўнасць на фасадзе «ліхтарыка» — акна, праз якое сачылі за наваколлем, адкуль можа прыйсці пагроза, таўшчыня сценаў храма ажно паўтара метры. У часы Сярэднявечча мясцовыя жыхары мелі магчымасць схавацца ў будынку і вытрымаць аблогу.
Свята-Міхайлаўская царква. Фота: planetabelarus.by
За сваё працяглае жыццё бажніца перажыла шмат перапланаванняў і перабудоваў. У 1760 годзе да храма дададзены бабінец, а ў 1891 годзе ля царквы ўзведзена званіца.
Унутры царквы варта звярнуць увагу на абраз Маці Божай, якая, як кажуць месцічы, дапамагае ў самых цяжкіх выпадках. Цудадзейны абраз з’яўляецца копіяй іконы «Усецарыца», напісанай у XVIII стагоддзі на гары Афон. У Сынкавіцкую царкву абраз патрапіў у 2006 годзе. Сёння яго можна папабачыць на левай калоне, непадалёк ад іканастаса.
Свята-Міхайлаўская царква, абраз. Фота: planetabelarus.by
2. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне
Храм быў узведзены ў 1913 годзе ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы. Сюды перанесена, але ўмуравана ў падлогу падчас рэстаўрацыі касцёла шыльда 1772 года з эпітафіяй, прысвечанай роду Сапегаў, што доўгі час гаспадарыў у Дзярэчыне. На шыльдзе згаданыя імёны выбітных прадстаўнікоў знакамітага роду, калісьці пахаваных у крыпце мясцовага дамініканскага касцёла, які не захаваўся да нашага часу.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: planetabelarus.by
Яшчэ ў бажніцы можна пабачыць звон, выраблены ў 1772 годзе Янам Тамашэвічам, пра што сведчыць надпіс на ім. Храм быў ліквідаваны савецкімі ўладамі ў 1950-х, тут месцілася крама, пасля будынак перадалі пад патрэбы мясцовага калгаса. Касцёл быў вернуты вернікам толькі ў 1990-я.
3. Касцёл Святога Міхала ў Луконіцы
З XVI стагоддзя вёска Луконіца знаходзілася ў валоданні Нарбутаў. Войцех Нарбут і яго жонка Ганна фундавалі ўзвядзенне тут першага касцёла, асвечанага ў гонар Міхала Арханёла.
Мураваны ж касцёл, які мы можам пабачыць сёння ў Луконіцы, быў збудаваны тут у 1782 годзе на месцы сваёго драўлянага папярэдніка на сродкі Я. У. Гумніцкага.
Касцёл Святога Міхала. Фота: valatsuga.by
Храм Міхала Арханёла быў узведзены ў стылі позняга барока і амаль у аўтэнтычным выглядзе захаваўся да нашых дзён. Побач з касцёлам захаваліся званіца і каменная агароджа.
Пасля задушэння Студзеньскага паўстання расійскія ўлады ліквідавалі касцёл і перадалі яго ў валоданне праваслаўнай царквы. Бажніца вярнулася да каталікоў толькі ў міжваенны час. Пасля Другой сусветнай вайны за Саветамі храм быў зачынены, а будынак цалкам занядбаны. Бажніца была адноўлена толькі ў 1994 годзе ды дзейнічае па прызначэнні па сённяшні дзень.
Касцёл Святога Міхала. Фота: valatsuga.by
4. Свята-Юр’еўскі касцёл у Крамяніцы
Вёска Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці вядомая ў пісьмовых крыніцах ажно з XV стагоддзя. У 1617 годзе Мікалай Вольскі са шляхецкага роду Вольскіх, якому на той час належала Крамяніца, запрасіў сюды з Кракава каталіцкі ордэн канонікаў латэранскіх і фундаваў узвядзенне тут рыма-каталіцкага касцёла ў стылі рэнесанс, які мы можам пабачыць у вёсцы і сёння. Побач з касцёлам быў узведзены і кляштар, які пасля паўстання 1830–1831 гг. быў ліквідаваны.
Свята-Юр’еўскі касцёл. Фота: valatsuga.by
Храм збольшага захаваў сваё першаснае аблічча і цяпер дзейнічае. У бажніцы захоўваецца ацалелы надмагільны помнік фундатару касцёла Мікалаю Вольскаму і ягонай жонцы Барбары, што былі пахаваныя пры касцёле. Манумент выкананы ў рэнесанснай манеры: тагачасны гаспадар Крамяніцы выяўлены ў рыцарскіх даспехах, а жонка ў манаскай рызе.
Помнік Мікалаю і Барбары Вольскім у Свята-Юр’еўскім касцёле. Фота: planetabelarus.by
У Беларусі не так шмат будынкаў ацалела з XVII стагоддзя, таму абавязкова раім наведацца і ў Крамяніцу.
5. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міжэрычах
Вёска Міжэрычы вядомая ў пісьмовых крыніцах ужо з XV стагоддзя. У розныя часы тут гаспадарылі Іллінічы, пазней Вішнявецкія, а ў XVIII стагоддзі Міжэрычы атрымалі статус мястэчка. З тых даўніх часоў у сучаснай вёсцы нічога не захавалася, але тут варта пабачыць велічны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, узведзены ў 1906–1912 гг. у неагатычным стылі на месцы свайго драўлянага папярэдніка XVII стагоддзя.
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: valatsuga.by
Праект касцёла распрацаваў на той час вядомы гродзенскі архітэктар Вільгельмі Срокі. Касцёл быў зачынены савецкай уладай неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны ў 1946 годзе і вернуты вернікам толькі ў 1989-м.
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: 7 прыродных цудаў Браслаўскага і Мёрскага раёнаў