5 серыялаў, якія выйдуць у гэтым годзе

08.01.2024 Забавы Кіно

Серыялы пра эмігрантаў, рэжым ва Усходняй Еўропе і працяг «Сапраўднага дэтэктыва». Budzma.org распавядае, якія серыялы чакаць сёлета. Некаторыя з іх з'явяцца на пляцоўках зусім хутка і дапамогуць бавіць час у марозныя студзеньскія вечары.



«Экспаты» (Expats)

Жанр: драма

Рэжысёр: Лулу Ван

Тэма серыяла, магчыма, адгукнецца многім беларусам, бо «Экспаты» — фільм пра жанчын-іншаземак, якія пераехалі ў Ганконг. Прывялі іх туды розныя прычыны: хтосьці прыехаў, каб рэалізаваць сябе, а хтосьці — каб збегчы ад мінулага жыцця. У любым выпадку ўсе яны перажываюць няпростую адаптацыю ў краіне, якая зусім не падобная на месцы, адкуль яны родам.

Адну з галоўных роляў у фільме выконвае сусветная зорка кіно — Ніколь Кідман.

Сусветная прэмʼера «Экспатаў» адбылася ў канцы 2023 года, а на стрымінгавых пляцоўках фільм зʼявіцца ўжо ў студзені.

«Містэр і місіс Сміт» (Mr. & Mrs. Smith)

Жанр: баявік, камедыя

Рэжысёр: Крысціян Спрэнгер


Напэўна, усе памятаюць аднайменны фільм, дзе Анджэліна Джолі і Брэд Піт граюць агентаў, якім замовілі забіць адно аднаго. Але ёсць адзін нюанс: пара нядаўна ажанілася. Муж і жонка нават уявіць сабе не маглі, што яны абое працуюць на сакрэтную арганізацыю.

У серыяле сюжэт трохі зменены: галоўныя героі ўступаюць у фіктыўны шлюб, каб працаваць пад прыкрыццём. А што з гэтага выйшла — можна будзе даведацца ў лютым, калі фільм зʼявіцца на стрымінгавых пляцоўках.

«Спагадлівы» (The Sympathizer)

Жанр: ваенная драма

Рэжысёр: Пак Чхан Ук


Рэжысёр Пак Чхан Ук, вядомы па вострасюжэтных фільмах «Олдбой», «Спачуванне спадарыні Помста» і «Служанка», апошнія гады спрабуе сябе ў серыяльным жанры.

«Спагадлівы» — зняты па рамане пісьменніка і лаўрэта Пулітцэраўскай прэміі Вʼета Тхань Нгуена. Галоўны герой — вʼетнамскі агент, які працуе ў ЗША ў сярэдзіне 1970-х гадоў.

У фільме зняўся адзін з найпапулярнейшых акцёраў Галівуда — Роберт Даўні-малодшы.

«Сапраўдны дэтэктыў» (True Detective)

Жанр: крымінал

Рэжысёр: Нік Піцалата


1-шы сезон «Сапраўднага дэтэктыва» выйшаў у 2014 годзе і стаў адным з найлепшых крымінальных серыялаў дзесяцігоддзя. А фразы дэпрэсіўна-іранічнага следчага, якога сыграў Мэцью МакКонахі, разабралі на цытаты.

Аўтарам атрымалася стварыць унікальную нуарную атмасферу. Усе тры сезоны зацягваюць гледача ў змрочны свет «Сапраўднага дэтэктыва».

І вось пасля сямігадовага перапынку серыял вырашылі падоўжыць на 4-ты сезон. Гэтым разам сюжэт будзе разгортвацца ў заснежанай Алясцы, дзе бясследна знікаюць шасцёра мужчын, якія працавалі на навукова-даследчай станцыі. Расследаваць справу давядзецца дзвюм жанчынам-паліцыянткам.

«Рэжым» (The Palase)

Жанр: драма, камедыя

Рэжысёр: Стывен Фрырс, Джэсіка Хобс


Ва Усходняй Еўропе падае аўтарытарны рэжым... Не, гэта гісторыя не пра Беларусь, хоць не выключаем, што пры стварэнні серыяла, аўтары вывучалі і гэты кантэкст.

Тым не менш дзеянні адбываюцца ў выдуманай краіне. Гэта сатырычны фільм пра ўладу, прапаганду і палітычныя інтрыгі з удзелам Кейт Уінслет і Хʼю Гранта.

Серыял будзе даступны на стрымінгавых пляцоўках ужо ў сакавіку гэтага года.

Марта Радушкевіч, budzma,org