Яна Вольская распавядае іранічную казку для дарослых, натхнёную рэальнымі падзеямі. Гэта гісторыя пра дранікі і пра каханне, а дакладней — пра тое, што (ня)правільны рэцэпт традыцыйнай беларускай стравы можа адыграць у жыцці чалавека сапраўды лёсавызначальную ролю.

Малюнак Лявона Вольскага
Лізавета Паўлаўна ад шчасьця пырхала як матылёк. Ёй было ўжо трыццаць восем гадоў, і па мерках ейных бацькоў, цётак і суседзяў усе тэрміны на ўдалае замужжа даўно прамінулі. Да дваццаці пяці ў яе пыталіся, ці заглядаюцца на яе якія кавалеры, ці падабаецца ёй хтосьці на працы. Бліжэй да трыццаці ўжо ня проста пыталіся, а намякалі і на біялягічны гадзіньнік, і на тое, што суседзкія дзяўчаты павыходзілі замуж, а некаторыя ўжо і нарадзілі. Каля трыццаці пяці сям’я ўжо біла ўва ўсе званы — пачалося няўцямнае і нязграбнае сватаньне. То сын мамінай сяброўкі, выбітны ІТ-спэцыяліст, заходзіў адрамантаваць кабэль да інтэрнэту ў той час, як гадоў зь дзесяць ужо ўсе карысталіся бесправадной сувязьзю, то пляменьнік бацькавага аднакурсьніка прыяжджаў пагасьціць у горад, а Лізавеце Паўлаўне настойліва рэкамэндавалася паказаць госьцю цікавосткі сталічнага жыцьця.
З айцішнікам яны абмяняліся нумарамі ў Telegram, і ён аднойчы нават паставіў лайк на гісторыю Лізаветы. Прычым у гісторыю яна выклала фота двух куфляў піва, якія яны з пляменьнікам бацькавага аднакурсьніка выпілі пад ягоны доўгі расповед пра былую дзяўчыну, падчас якога Лізавета ледзь не заснула.
Калі ёй споўнілася трыццаць восем, усе махнулі на яе рукой. І вось акурат у гэты момант яна і пазнаёмілася з Алесем. Ён проста прыйшоў да іх у офіс па асабістых справах, яны сутыкнуліся ў ліфце, і тут усё і закруцілася. Аказалася, што Алесь прыехаў з Беларусі, краіны «бульбы, калгасаў і чорнага хлеба», як ён апісаў яе. Яшчэ ён пасьпеў распавесьці Лізавеце пра блакітныя азёры, палацы і душэўных людзей. Лізавета захаплялася Алесем і Беларусьсю. Падчас чарговай сямейнай сустрэчы, калі цёткі глядзелі на яе з непадробным шкадаваньнем, яна ўзяла і заявіла:
— У меня уже есть МЧ.
Бацька зьдзіўлена падняў брыво.
— Молодой человек, — патлумачылі яму маладзейшыя чальцы сям’і.
Пасыпаліся пытаньні, роспыты. Адна з цётак, пачуўшы пра Беларусь, з гонарам паведаміла, што жыла ў маладосьці ў Віцебску і што наогул па лініі яе бацькі сваякі паходзяць зь Беларусі.
— А ты, — яна глыбакадумна паглядзела на Лізавету. — Если хочешь его покорить, приготовь драники. Белорусов же не зря у нас называют «бульбашами». Они очень ценят всякие картофельные блюда.
— Что это за драники ещё такие? — разгубілася Лізавета.
— Ну картофельные оладьи, — удакладніла цётка.
— Ах, оладьи!
— Я тебе подскажу, — працягнула цётка з веданьнем справы. — Я знаю один отличный и очень оригинальный рецепт.
Усю нядзелю Лізавета завіхалася каля пліты. Увечары яе чакала спатканьне з Алесем, і ёй карцела зьдзівіць абранага ўласнаруч прыгатаванай стравай.
Нарэшце раздаўся званок у дзьверы. Лізавета паляцела адчыняць. Атрымаўшы ў падарунак найпрыгажэйшы букет ружаў, яна падзякавала і паабяцала Алесю «беларускі сюрпрыз».
— У беларусаў сюрпрызаў ня будзе, — заўважыў Алесь. Але Лізавета, здавалася, не пачула ягоных словаў.
Увайшоўшы ў кухню, Алесь пабачыў цэлую талерку дранікаў.
— Вот, — усьміхнулася Лізавета і змахнула з фартуха муку. — Драники!
Яна заўважыла, што замест радасьці Алесь неяк спахмурнеў.
— А што, ты дадавала муку? — асьцярожна спытаўся ён.
Лізавета паслухмяна кіўнула і зноў усьміхнулася. «Думал, я не знаю рецепта, я-то подготовилась!» — пахваліла яна сябе ў думках.
Алесь панурыў галаву, але адрэзаў кавалак драніка і пакаштаваў.
— А тут што, яшчэ і яйка ёсьць? — нейкім сціснутым голасам пацікавіўся ён.
— И яйка, — пацьвердзіла Лізавета.
Алесь зьмяніўся ў твары. Ён адклаў відэлец, адставіў талерку і ўжо строга запытаўся:
— А што яшчэ ёсьць у гэтых, з дазволу сказаць, драніках?
— Масло.
— Вяршковае масла? — Алесь падскочыў на крэсле.
— Манка, — нясьмела працягнула Лізавета.
— Манка?!
Алесь схапіўся за галаву і пабег у вітальню. Ён хутка накінуў плашч і ўскочыў у боты. Лізавета пабегла за ім.
— Ещё лук! — выпаліла яна. І ў вачох у яе зашчыпала.
— Калі ласка, не працягвай, — узмаліўся Алесь.
Лізавета вярнулася ў кухню, узяла тэлефон і адразу напісала Алесю: «Может, лук был лишний?».
Алесь адказаў адразу: «Усё было лішнім. Апроч бульбы і солі».
Лізавета напісала: «Соли там не было. Бульбаш».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.