Упершыню ў «чорным спісе» — Расія, а не Вольскі

20.04.2026
Варшаўскі OUTLOUD FEST на «Дзень Расіі» пройдзе без Лявона Вольскага. Не таму, што Вольскі — у чарговым «чорным спісе» (яму не звыкацца). І нават не таму, што БГ і Макарэвіч — у персанальным «чорным спісе» Вольскага. Так сталася, што ўсё расейскае — ужо ў «чорным спісе». Аўтаматычна.

Afiša
Лявон Вольскі адмовіўся ўдзельнічаць у OUTLOUD FEST, які пройдзе ў Варшаве ў Дзень Расіі 

Лявон Вольскі выказаўся датычна сваёй пазіцыі: гурты і выканаўцы — ОК, а вось «Дзень Расіі» — не ОК. Што ж не так са святам расійскай дэмакратыі, якое прыдумаў яшчэ Ельцын, задоўга да Пуціна? Нагадаю, што «Дзень Расіі» — гэта пра суверэнітэт РСФСР у 1990 годзе. То-бок, пра адмову ад савецкага мінулага. Галоўнае — пра адмову ад савецкіх рэспублік-калоній. 

Мы ўжо падзабылі, але ранні Ельцын акурат «тапіў» за Расію як асобную дэмакратычную дзяржаву — без Украіны, Беларусі і Казахстана ў дадатак. Маўляў, толькі ў такім варыянце яна можа мець будучыню. У першай палове 1990-х, пакуль цягнулася супрацьстаянне з камуністамі, рыторыка пра «аднаўленне СССР» была для Ельцына непрымальнай, бо — акурат перакрэслівала суверэнітэт Расіі. 

Нават дзіўныя саюзныя дамовы Ельцына з Лукашэнкам — гэта піяр на водкуп выбаршчыкам. Бо расійскае грамадства сумавала па «імперыі» — яму трэба было кінуць нейкую костку, каб забраць галасы ў Зюганава. Адсюль і Саюзная дзяржава — «чамадан без ручкі», фікцыя… Ельцын думаў перарабіць расійскае грамадства, а яно — пераварыла самога Ельцына. 

Aliaksandr Lukašenka i Barys Jeĺcyn
Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын. Крыніца: РИА «Новости»

Наша «шуфляда» — не іхны «ящик стола» 

Што ж атрымліваецца? Беларусы мелі б вітаць «Дзень Расіі» — як часовы трыумф здаровага глузду на той самай Расіі. Вось, маўляў, з усіх варыянтаў Расіі, гэтая — дэмакратычная, несавецкая ды ў акрэсленых межах — нам падыходзіць. Давайце падтрымаем «харошых рускіх», га? 

Але справа ў тым, што «харошыя рускія» дадуць рады (або не дадуць) і без нас. І без Вольскага. І без Ціханоўскай з Латушкам. Ім ад гэтага ні халодна ні горача. А вось для нас, беларусаў, зноў лезці ў тую самую кабалу і добраахвотна купляць сабе квіткі ў адзін шэраг з дзяржавай-агрэсарам — гэта смерць.

Intehracyja
Фота Васіля Федасенкі, Reuters 

Проста ўявіце, колькі ўжо сышло і — надалей сыходзіць — сіл і рэсурсаў, каб давесці: Беларусь не Расія. Мы розныя. У нас рознае — усё. Менталітэт, мова, гісторыя, традыцыя, погляды на свет, спосаб называць месяцы года і прызнавацца ў каханні. Наша «шуфляда» — не іхны «ящик стола». 

Прычым гаворка не толькі пра тое, каб пераканаць саміх беларусаў, што яны «не рускія». Пераконваць трэба і ўкраінцаў, і Заходнюю Еўропу, І ЗША. А яшчэ — саміх «харошых рускіх». Таму і ўдзел у канцэртах, выставах, акцыях разам з той самай іхнай «антываеннай апазіцыяй» — гэта закопванне саміх сябе. Вяртанне туды, з чаго пачыналі: у нас, маўляў, адзін лёс і адна праблема… Праблема — пакуль адна. А вось лёсы — розныя. 

«Славянскі базар 2.0»? Дзякуй, не трэба 

Спадзяюся, арганізатары OUTLOUD FEST гэта ўсё таксама разумеюць. Зразумеюць або — паспрабуюць зразумець. Зараз зусім не час на «Славянскі базар 2.0» — няхай з самымі лепшымі мэседжамі і сімпатычнымі ўдзельнікамі. 

У вас сваё, у нас сваё. Вы — хочаце змяніцца. Мы — хочам аддзяліцца. І проста — быць сабою. Прыміце гэта.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць