Прыёмы беларусаў у Каралеўскім замку ў Варшаве — традыцыя, карані якой сягаюць значна глыбей за падзеі 2020 года. Архівы і газетныя хронікі Другой Рэчы Паспалітай захоўваюць нямала цікавых сюжэтаў пра тагачасныя прыёмы на высокім узроўні, у якіх удзельнічалі і нашыя продкі. Напрыклад, сярод свецкіх навін міжваеннай сталіцы можна сустрэць адметныя фотаздымкі: жыхары беларускіх рэгіёнаў, сяляне ў нацыянальных строях, апыналіся на бліскучых паркетах высокіх кабінетаў Варшавы. Пра тое, як амаль стагоддзе таму беларускія сяляне з Палесся станавіліся гасцямі польскага прэзідэнта, завітвалі ў Сейм Польшчы і прыязджалі ў Варшаву з экскурсіямі, піша Мікалай Заяц.
Для разумення статусу гэтых візітаў варта згадаць палітычныя рэаліі таго часу. Пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921 года заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Адпаведна, палешукі і жыхары іншых мясцовасцяў, застаючыся беларусамі па нацыянальнасці, з’яўляліся і паўнапраўнымі грамадзянамі польскай дзяржавы. Таму дарога ў Варшаву была для іх не замежным падарожжам, а шляхам у сталіцу — да цэнтральнай улады, якая магла вырашыць іх праблемы.
Аднак гэтыя абставіны не рабілі фізічны шлях карацейшым. Маршрут з беларускага Палесся ў Варшаву — ад 200 да 350 кіламетраў у залежнасці ад павета. І цікава, што з візітамі ў Сейм беларусы адпраўляліся самым даступным для таго часу сродкам — пешшу. Прынамсі, пра гэта сведчыць матэрыял пад загалоўкам «Экзатычныя госці ў Сейме».

«У Варшаву прыбыла пешшу дэлегацыя сялян з Палесся, каб прадставіць Сейму свае беды. Гэтыя дэлегаты, апранутыя ў велізарныя кажухі і лапці, а таксама ў барановыя шапкі, выклікалі сенсацыю сваім выглядам». Фота з суполкі ў Фэйсбуку Portal Historykon.pl
За рэпарцёрскім словам «беды» (у арыгінале — bolączki) стаяла суровая эканамічная рэальнасць тагачаснага Палескага ваяводства. У 1920-я гады гэты рэгіён быў адным з самых бедных у Другой Рэчы Паспалітай, таму візіты сялян у сталіцу былі выкліканы прагматычнымі патрэбамі — і тое, што яны выглядалі «экзатычна» для сталічных фатографаў, іх хвалявала найменш.
Калі вырашыць зямельную ці фінансавую спрэчку на ўзроўні мясцовай адміністрацыі не ўдавалася, адзінай вышэйшай інстанцыяй заставаўся Сейм. Сярод галоўных прычын такіх паходаў былі наступствы камасацыі, падаткі, цяжкія дарожныя павіннасці і немагчымасць знайсці ўправу на павятовых чыноўнікаў. Таму за вонкавай «экзатычнасцю», якая прыцягнула ўвагу варшаўскай прэсы, стаяла прагматычная мэта: данесці інтарэсы свайго павета наўпрост да цэнтральнай заканадаўчай улады.

Візіт жыхароў Палесся да прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. 11 снежня 1935 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl
Жыхароў усходніх ваяводстваў запрашалі на прыёмы да прадстаўнікоў найвышэйшага дзяржаўнага ўзроўню. Напрыклад, архіўныя здымкі дакументуюць прыём палескай дэлегацыі прэзідэнтам Другой Рэчы Паспалітай Ігнацыем Масціцкім у снежні 1935 года. Знаёмства з вышэйшай уладай пачыналася яшчэ да таго, як палешукі ступалі на замкавы паркет. На здымках відаць, як прэзідэнт Масціцкі, у суправаджэнні свайго ад’ютанта, капітана Юзафа Хартмана і іншых вайскоўцаў, выходзіць да дэлегацыі ва ўнутраны двор Каралеўскага замка. У натоўпе сялянак у хустках узвышаецца транспарант з надпісам «Ziemia Poleska» («Палеская зямля»).

Візіт жыхароў Палесся да прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. 11 снежня 1935 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl
Сустрэча працягваецца ў інтэр’ерах Каралеўскага замка, які з 1926 года з’яўляўся афіцыйнай рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы. На здымку прэзідэнт Ігнацы Масціцкі асабіста вітае дэлегацыю з Палесся, ціснучы руку жанчыне ў традыцыйным палескім строі. За працэдурай назірае кіраўнік Ваеннага кабінета прэзідэнта, палкоўнік Казімеж Шалі (на фота крайні злева). Праз такія сустрэчы дзяржава дэманстравала ўвагу да прадстаўнікоў розных рэгіёнаў, прымаючы іх у галоўнай рэзідэнцыі краіны.

Візіт жыхароў Палесся да прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. 11 снежня 1935 года. Крыніца: audiovis.nac.gov.pl
Варта зазначыць, што Масціцкі як адзін з лідараў палітычнага лагера санацыі праводзіў у дачыненні да Палесся палітыку выразнага патэрналізму. Дзяржава намагалася інтэграваць палешукоў у польскую палітычную прастору, сумяшчаючы жорсткі адміністрацыйны кантроль на месцах з сімвалічнымі жэстамі на вышэйшым узроўні. З аднаго боку, улады ініцыявалі маштабныя эканамічныя праекты: праводзілася меліярацыя, развіваўся кааператыўны рух, будаваліся новыя дарогі і школы. З іншага боку, гэтыя трансфармацыі часта суправаджаліся бюракратычным ціскам і непаразуменнямі з мясцовым насельніцтвам. У такой сітуацыі асабістыя сустрэчы прэзідэнта з сялянамі былі важным інструментам унутранай палітыкі.

Вучні пачатковых школ з Пінска ў рэгіянальных строях падчас экскурсіі ў Кракаў. На даху кракаўскага Палаца прэсы. 1935 год. Фота: audiovis.nac.gov.pl
Стасункі паміж цэнтральнай уладай і жыхарамі ўсходніх ваяводстваў выбудоўваліся і праз сувязі з маладым пакаленнем. Архіўныя здымкі дэманструюць і зусім іншы фармат візітаў — прыбыццё палескіх школьнікаў з азнаямленчымі экскурсіямі. Здымак 1938 года дэманструе маштабы паездак: на паравозе спеццягніка, якім прывезлі школьнікаў у сталіцу, расцягнуты вялізны транспарант «Экскурсія 1000 дзяцей з палескіх школ у Варшаву».

Паравоз Os 24 № 41 да спецыяльнага цягніка, на якім прыехала 1000 дзяцей з пачатковых школ Палесся на экскурсію ў Варшаву. Май 1938 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl
На плошчы каля Галоўнага вакзала сталіцы дзяцей з Палесся ўрачыста сустракаюць іх варшаўскія аднагодкі. Аб’ектыў фатографа выхапіў у натоўпе вялікі транспарант з надпісам «Witajcie koledzy z Polesia!» («Вітаем сяброў з Палесся!»). Сама арганізацыя сустрэчы — з вітаннямі ад мясцовых вучняў і ўвагай прэсы — дэманструе, што гэты візіт меў не толькі турыстычны, але і выразны грамадска-палітычны характар.

Палескія дзеці і варшаўскія дзеці, якія іх вітаюць, каля выхаду з Галоўнага вакзала ў Варшаве. 14 мая 1936 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl

Палескія дзеці і варшаўскія дзеці на Віленскім вакзале ў Варшаве. Май 1938 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl
Падобныя экскурсіі з’яўляліся практыкай тагачаснага Міністэрства рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы. Вучням з рэгіёнаў паказвалі гістарычныя помнікі, інфраструктуру і працу дзяржаўных інстытутаў. Гэта быў класічны інструмент культурнай інтэграцыі: праз уражанні ад развітой сталіцы дзяржава спрабавала інтэграваць маладое пакаленне палешукоў у польскую культурную прастору.
Экскурсантаў таксама пускалі ў інтэр’еры Каралеўскага замка, дзе іх ад імя прэзідэнта афіцыйна прымалі вышэйшыя чыноўнікі, напрыклад, міністр рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы Войцех Свентаслаўскі. Захаваліся кадры з мая 1938 года: дзесяцігадовая вучаніца Гэля Данілевіч у нацыянальным строі ўручае міністру кветкі, а побач хлопчыкі трымаюць рэгіянальны падарунак — вялікую калекцыю пудзілаў палескіх птушак. Дзяржава паказвала дзецям бляск сталіцы, а дзеці ў адказ дэманстравалі багацце свайго краю.

Дзеці ў Каралеўскім замку, прынятыя ад імя прэзідэнта РП Ігнацыя Масціцкага міністрам рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы Войцехам Свентаслаўскім. Май 1938 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl

Дзеці ў Каралеўскім замку, прынятыя ад імя прэзідэнта РП Ігнацыя Масціцкага міністрам рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы Войцехам Свентаслаўскім. Май 1938 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl
Паездкі беларусаў у Варшаву амаль сто гадоў таму былі рознымі. Для кагосьці гэта быў доўгі пешы шлях па справядлівасць і спроба вырашыць надзённыя праблемы сваёй вёскі, а для палескіх школьнікаў — першае сапраўднае падарожжа, каб пабачыць вялікі горад. Сёння гэтыя фотаздымкі дазваляюць паглядзець на тое, як звычайныя людзі з беларускай глыбінкі прыязджалі ў Варшаву і іншыя польскія гарады са сваімі штодзённымі клопатамі, цікаўнасцю і надзеямі, пакінуўшы свой след нават у інтэр’ерах каралеўскіх замкаў.
Мікалай Заяц, Budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.