23 ліпеня 2017 года ў Друі прайшло ўрачыстае адкрыццё міжнароднага мастацкага пленэру на тэрыторыі пабернардзінскага кляштару. Мерапрыемства суправаджаў паэт Віктар Сямашка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Сёлетні чарговы пленэр мясцовы святар Сяргей Сурыновіч назваў “Скарынэрам”, бо мерапрыемства прысвечанае 500-годдзю першай друкаванай кнігі Францішка Скарыны. З гэтай нагоды ў кляштары падрыхтавалі экспазіцыю ў гонар першадрукара. Плануецца стварыць творы, натхнёныя постаццю Скарыны.
Падчас імшы прагучалі словы пашаны справе Скарыны. Пасля Віктар Сямашка ў сваім выступе зачытаў уласныя вершы, а таксама творы з сёлетняй кнігі “перастварэнняў” Алеся Разанава “Маем найбольшае самі”. У сценах кляштара рэхам адгукаліся словы самога Скарыны, натхнёныя Бібліяй. Прагучала музычная імправізацыя паводле традыцыйнай беларускай духоўнай музыкі, дзе да Віктара Сямашкі далучыліся харысты Сяржук і Кацярына Раюнцы.
Усе прысутныя змаглі паўдзельнічаць у віктарыне на прызы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і бліскуча адказаць на пытанні, звязаныя з жыццём і творчасцю Францыска Скарыны.
Агульны святочны настрой і адданасць ідэям, які падзяляў Скарына, дазваляюць называць друйскі кляштар “кляштарам Скарыны”. Вынікі працы мастакоў у гонар Францыска Скарыны можна будзе пабачыць ужо 30 ліпеня 2017 года падчас вернісажу ў будынку кляштара (пачатак у 11.30).