Топ бясплатных АI-інструментаў для навучання і самаадукацыі

Мы жывём у час, калі інфармацыі больш, чым калі-небудзь, а часу на яе засваенне становіцца ўсё менш. Артыкулы, падкасты, курсы, відэа, кнігі, усё гэта чакае ў закладках, якія рэдка адкрываюцца. AI-інструменты не вырашаюць гэту праблему цалкам, але некаторыя з іх рэальна мяняюць тое, як мы засвойваем новае. Аўтар канала пра выкарыстанне штучнага інтэлекту ў паўсядзённым жыцці «AI на практыцы» распавядае пра некалькі бясплатных інструментаў, якія могуць істотна дапамагчы ў навучанні.

AI

Elicit

Гэты інструмент для тых, хто хоча разабрацца ў нейкай тэме ўсур’ёз. Не проста прачытаць адзін артыкул, а зразумець, што кажуць навуковыя крыніцы. Elicit шукае па базе з больш чым 138 мільёнаў навуковых прац і дае структураваны агляд на тэму. У тым ліку, якія даследаванні існуюць, якія вынікі яны паказваюць, дзе ёсць супярэчнасці. 

У адрозненне ад звычайных AI-чат-ботаў, Elicit не прыдумляе крыніцы, ён працуе толькі з рэальнымі навуковымі публікацыямі і заўсёды паказвае, адкуль узяты тыя ці іншыя звесткі. Гэта асабліва важна, калі тэма датычыцца здароўя, навукі або іншых сфер, дзе дакладнасць мае значэнне.

Практычны прыклад: хочаце зразумець, ці сапраўды медытацыя ўплывае на канцэнтрацыю, ці якое харчаванне дапамагае пры стомленасці. Замест таго каб чытаць блогі і меркаванні, вы атрымліваеце агляд таго, што па гэтай тэме даследавалі навукоўцы.

AI

NotebookLM

Уявіце: вы загружаеце ў адно месца ўсё, што хочаце вывучыць, усе крыніцы: PDF, артыкулы, спасылкі на сайты, відэа з YouTube, нататкі. NotebookLM чытае ўсё гэта і становіцца вашым персанальным асістэнтам менавіта па гэтым матэрыяле, не па ўсім інтэрнэце, а толькі па тым, што вы яму далі.

Што можна рабіць: задаваць пытанні па загружаных крыніцах і атрымліваць адказы са спасылкамі на канкрэтныя ўрыўкі. Ствараць флэшкарты і тэсты для запамінання. Генераваць падкаст: два вядоўцы абмяркоўваюць загружаны матэрыял у фармаце размовы, гэта асабліва зручна для тых, хто лепш успрымае інфармацыю на слых. Будаваць інтэлект-мапы, каб убачыць сувязі паміж ідэямі.

Практычны прыклад: загружаеце падручнік або некалькі артыкулаў па тэме, якую хочаце вывучыць, і замест таго каб чытаць усё запар, пытаецеся: «Растлумач мне галоўныя ідэі» або «Складзі праверачны тэст».

AI

Surfmind

Браўзернае пашырэнне, якое дадае AI наўпрост на любую старонку, якую вы чытаеце. Не трэба адкрываць новую ўкладку, капіраваць тэкст і ўстаўляць яго ў чат, усё адбываецца там, дзе вы ўжо знаходзіцеся.

Як гэта працуе для навучання: вы чытаеце складаны артыкул на замежнай мове, вылучаеце незразумелы ўрывак і адразу атрымліваеце пераклад або тлумачэнне. Сутыкнуліся з незнаёмым тэрмінам, пытаецеся ў Surfmind, не перапыняючы чытанне. Хочаце зрабіць канспект прачытанага, і інструмент рэзюмуе старонку за секунды. Surfmind бачыць змест старонкі, якую вы адкрылі, таму яго адказы заўсёды адносяцца менавіта да таго, з чым вы цяпер працуеце. 

Практычны прыклад: чытаеце навіну або навуковы тэкст па-ангельску, вылучаеце сказ, які не зразумелі, і атрымліваеце тлумачэнне без пераходу на іншы сайт.

AI

Claude

Claude — адзін з найбольш магутных AI-асістэнтаў для працы з тэкстам і навучання. У адрозненні ад пошукавіка, ён не проста знаходзіць інфармацыю, а тлумачыць, дапамагае разабрацца і адаптуецца пад ваш узровень.

Для самаадукацыі найбольш карысна выкарыстоўваць яго як рэпетытара: папрасіце растлумачыць складаную тэму простымі словамі, потым папрасіце задаць вам пытанні па ёй, каб праверыць разуменне. Можна загрузіць дакумент або артыкул, і Claude яго «прачытае» і адкажа на вашы пытанні па змесце. У Projects можна захоўваць кантэкст: напрыклад, стварыць асобны праект для вывучэння мовы або падрыхтоўкі да іспыту і кожны раз вяртацца да яго без паўторных тлумачэнняў.

Практычны прыклад: «Растлумач мне, як працуе ліфт, нібыта мне 15 гадоў, а потым задай мне тры пытанні, каб праверыць, ці я правільна зразумеў».

AI

JustELI5

Назва паходзіць ад інтэрнэт-абрэвіятуры ELI5: Explain Like I’m 5 («растлумач мне, як быццам мне пяць гадоў»). Гэта самы просты інструмент у спісе: уводзіш любую тэму або ўстаўляеш складаны тэкст, і атрымліваеш тлумачэнне звычайнай мовай, без жаргону і складаных тэрмінаў.
Асабліва карысна, калі патрапляеш на тэкст, дзе кожнае слова зразумела, а сэнс не. Дакумент, даведка, тэхнічная інструкцыя, навуковы артыкул ці іншае. JustELI5 перакладае ўсё гэта на чалавечую мову. Ёсць магчымасць абраць узровень тлумачэння, ад зусім простага да больш дэталёвага.
Практычны прыклад: атрымалі ліст з банка або дакумент на польскай з незразумелымі ўмовамі, устаўляеце тэкст і за некалькі секунд разумееце, пра што ідзе гаворка.

Больш парадаў пра выкарыстанне штучнага інтэлекту для працы і паўсядзённых спраў можна знайсці ў тэлеграм-канале «AI на практыцы».